Скандалы
Аляксандр АДЗІНЕЦ

«Дзiкi пасол» i яго пляменнiк

“Салідарнасць” працягвае друкаваць успаміны Барыса Кіта пра нашых выбітных землякоў. Чарговая публікацыя прысвечаная Янке і Станіславу Станкевічам.


Станiслаў Станкевiч (на фота з сям’ёй) пазбавiў Кiта ад капцюроў НКВД

— Станіслава Станкевіча я ўпершыню ўбачыў у верасні 1928 года, калі прыехаў паступаць у Віленскі уні-версітэт. Ён тады вучыўся на другім курсе і апекаваў малодшых студэнтаў. Вадзіў мяне па Вільні, расказваў пра гісторыю горада, пра беларускую дзейнасць. І завёў мяне на Тургельскую вуліцу ў госці да свайго дзядзькі – пасла польскага сейма, вучонага Янкі Станкевіча. Дарэчы, ён меў мянушку “дзікі пасол” — Янка Станкевіч заўсёды трымаўся паасобку, рэдка з кім ці з чым згаджаўся, быў у апазіцыі. Яму належаць шматлікія адкрыцці ў гуманітарных навуках. Напрыклад, слова “спадар”, якое ўкаранілася ў моўнае асяроддзе, прыдумаў менавіта Янка Станкевіч. Ці гэтыя Кітабы — рэлігійныя кнігі, пісаныя па-беларуску татарскім шрыфтам. Ён доўга і плённа іх даследаваў. Калі Янка Станкевіч быў чалавекам вострым і даволі непрыязным, то з яго жонкай, чэшкай я сябраваў і нават ездзіў разам у Наваградскую гімназію, каб дапамагаць нашым абітурыентам: я — у матэматыцы, яна — у нямецкай мове.
Стась Станкевіч вучыўся на факультэце польскай філалогіі і абараніў выдатную доктарскую дысертацыю, якая была прысвечана беларускім матывам у творчасці Элізы Ажэшкі. Быў першакласным журналістам, рэгулярна пісаў разнастайныя артыкулы ў беларускія газеты. Перад вайной ён выратаваў мне жыццё. Працаваў я тады школьным інспектарам па Барана-віцкай акрузе. Прыехаў у родны Наваградак на адпачынак. Сустрэўся са Стасем, выпілі мы па чарцы, разгаварыліся, а ён і кажа: “Барыс, уцякай, табою цікавіцца НКВД”. І я ўцёк. У Вільню, дзе і спаткаў пачатак вайны. З першымі нямецкімі бомбамі забраў з Баранавічаў цяжарную жонку, і мы пешшу, пад нямецкім абстрэлам, ішлі ажно да Лебедзева, што пад Маладзечна.
Пасля вайны Стась у Амерыцы няспынна займаўся беларускай працай: журналісцкай (напрыклад, рэдагаваў самую знакамітую газету нашай эміграцыі “Беларус”), літаратуразнаўчай. Мы разам прымалі ўдзел і ў палітычных акцыях. Ёсць нават фотаздымкі, дзе мы стаім разам з палітычнай элітай ЗША.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(3)