Дзень Беларускай Вайсковай славы

7 верасьня каля вёскі Гацькаўшчына пад Воршай прайшоў фэст беларускай бардаўскай песьні “Аршанская бітва-2008”. Таксама ў нядзелю беларусы маршам адзначылі дзень Беларускай вайсковай славы ў польскай сталіцы.

У Варшаве каля 30 чалавек, пераважна студэнтаў-каліноўцаў, прайшлі ад плошчы генэрала дэ Голя да будынку, дзе ўсталяваная мэмарыяльная шыльда ў гонар генэрала Станіслава Булак-Балаховіча. Удзельнікі маршы несьлі вялізны бел-чырвона-белы сьцяг.

«Дзе б беларусы не былі — на Бацькаўшчыне ці ў эміграцыі — трэба заўсёды годна адзначаць Дзень беларускай вайсковай славы», — сказаў адзін з удзельнікаў акцыі, якую правяла арганізацыя «Беларуская нацыянальная памяць».

А на Крапівенскім полі першыя ўдзельнікі пачалі зьбірацца яшчэ ўдзень 7-га верасьня, нягледзячы на тое, што пачатак фэсту быў прызначаны на 20.00. Пакуль госьці ставілі наметы, аршанскія актывісты майстравалі сцэну для выступоўцаў і рыхтавалі гукаўзмацняльную апаратуру.

Намётавы летнік пачаў расьці з кожнай гадзінай, і неўзабаве над ім ўзьвіліся бел-чырвон-белыя сьцягі.

Сьцягі прыцягнулі ўвагу міліцыянтаў, якія дзяжурылі наводдаль, назіраючы за падрыхтоўкай да фэсту. Супрацоўнікі Аршанскага РАУСу, спаслаўшыся на загад кіраўніцтва, загадалі зьняць сьцягі, у супрацьлеглым выпадку пагражаючы масавымі затрыманьнямі.

Пэўны час аматары сьпеваў спрачаліся з ахоўнікамі правапарадку, якія выклікалі падмацаваньне: на полі зьявіўся начальнік Аршанскага райаддзелу міліцыі Леанід Міхайлаў і штатны відэааператар з камэрай, які зьняў усіх прысутных на полі. Спадар Міхайлаў загадаў канфіскаваць наяўныя сьцягі, паабяцаўшы вярнуць іх гаспадарам па сканчэньні фэсту.

Адзін сьцяг міліцыянты забралі, але самы вялікі — той, што ўпрыгожваў сцэну, запатрабаваць зьняць не наважыліся. Пад гэтым бел-чырвон-белым сымбалем канцэрт бардаўскай песьні распачаў Зьміцер Сідаровіч.

Зьміцер Сідаровіч быў адным з удзельнікаў самага першага фэсту “Аршанская бітва”, які адбыўся ў 1991-м годзе. Сёлета слухачы атрымалі ў падарунак адмысловую брашуру, прысьвечаную гісторыі аршанскай бардаўскай імпрэзе.

Брашуру, укладальнікам якой стаў Юрый Копцік, атрымалі ўсе ахвотныя. Гэтаксама як і спэцвыпуск газэты “Рэха фэсту”.

Таксама сёлета на Крапівенскім полі нарэшце дайшла да чытачоў газэта “Рэха фэсту”, падрыхтаваная яшчэ летась. Аднак у мінулым годзе фэст ледзьве ня быў сарваны: напярэдадні міліцыя распаўсюдзіла інфармацыю, што на месцы, дзе зазвычай праходзіць фэст, знайшлі міны і снарады.

Фэст тады вырашылі перанесьці ў іншае месца, але міліцыянты, у аўральным парадку зьвезеныя на Аршаншчыну з трох бліжэйшых раёнаў, загадвалі людзям з пляцакамі і гітарамі разварочвацца і кіравацца дадому. Некалькі дзесяткаў актывістаў былі затрыманыя. Сёлета мінулагоднія падзеі ўжо сталіся гісторыяй і таксама трапілі на старонкі газэты “Рэха фэсту”.

За прамінулы год неаднаразова выказваліся меркаваньні, што фэст “Аршанская бітва” ужо не адновіцца пасьля міліцэйскага разгону — што людзі проста больш на яго не зьбяруцца. Аднак людзі прыехалі, хаця сёлетні фэст атрымаўся й ня самым масавым за ўсю ягоную гісторыю: паслухаць выступоўцаў і пасьпяваць сабралася каля 150-ці чалавек.

Паводле Юрыя Копціка, аднаго з заснавальнікаў бардаўскай іпрэзы, тыя, хто сабраўся на Крапівенскім полі сёлета, здолелі захаваць гэты фэст і давесьці, што зьнішчыць яго ня ўдасца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)