Общество

Дырэктар Інстытута гісторыі: Бел-чырвона-белы сцяг не вінаваты у тым, хто яго выкарыстоўваў

У пачатку лютага была створаная Рэспубліканская экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці ці адсутнасці ў ёй прыкметаў экстрымізму. Сярод сілавікоў і чыноўнікаў там знайшлося месца і аднаму гісторыку — дырэктару Інстытута гісторыі Акадэміі навук Вадзіму Лакізе. Наша Ніва пацікавілася яго думкамі пра магчымае прызнанне БЧБ-сцяга экстрэмісцкім.

Вадзім Лакіза. Фота Мінск-навіны

— Правільная, добрая камісія, я даў згоду на сваё ўключэнне ў яе склад. Кожная краіна мае такія камісіі. Сітуацыя ж ва ўсім свеце няпростая: і пандэмія, і геапалітычная сітуацыя складаная.

Камісія яшчэ не збіралася, пытанне аб бел-чырвона-белым сцягу перад намі не ставілася. Я адсочваю ўсю інфармацыю, і ў недзяржаўных, і ў дзяржаўных СМІ. І пакуль не ведаю, пра што тут можна турбавацца.

Калі я выкажу меркаванне як член камісіі, то гэта будзе суб’ектыўна. Паспрабую выказацца як кіраўнік Інстытута гісторыі НАН. Апублікавана вельмі шмат матэрыялаў на гэтую тэму, я абапіраюся толькі на навуковыя факты, яны выкладаліся і раней у адказах на звароты грамадзян. Гэта ўсё факты, іх нельга ні замоўчваць, ні перабольшваць, ні змяншаць. Трэба дакладна паказваць грамадству ўсё: ад моманту з’яўлення сцяга да 1995 года.

Так, бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваўся калабарацыяністамі — гэта прызнаюць усе. Гэты сцяг быў дзяржаўным у Рэспубліцы Беларусь — гэта таксама важны факт. Сцяг не вінаваты ў тым, хто яго выкарыстоўваў. А выкарыстоўвалі канкрэтныя людзі.

Мая задача — не даваць суб’ектыўных ацэнак, а сыходзіць з гістарычных фактаў. Не трэба рабіць паспешлівых высноў. Зразумела, што журналісты шукаюць «смажаныя» факты: вось група грамадзян звярнулася ў Генеральную пракуратуру, адразу шум у інтэрнэце. Але гэта ні аб чым не гаворыць! Ніякіх рашэнняў не прынята.

Гісторыя павінна выкарыстоўвацца ў нацыянальных інтарэсах дзяржавы, працаваць на аб’яднанне грамадства. І я заўсёды выступаў і выступаю за гэта.

Хачу працытаваць адзін з адказаў, падрыхтаваных спецыялістамі Інстытута гісторыі: «У гады Вялікай Айчыннай вайны мела месца выкарыстанне бел-чырвона-белых сцягоў на публічных мерапрыемствах з прапагандысцкімі мэтамі. Адбывалася гэта з ініцыятывы калабаранцкіх арганізацый Астроўскага, Ермачэнкі, Ганько і іншых, якія дзейнічалі на тэрыторыі генеральнай акругі «Беларусь» у 1941-1944 гадах.

Аднак не выяўлена дакументаў аб афіцыйным дазволе германскімі акупацыйнымі ўладамі аб выкарыстанні бел-чырвона-белых сцягоў калабаранцкімі арганізацыямі. У саміх статутах гэтых арганізацый бел-чырвона-белая сімволіка не згадвалася.

Разам з тым, ва ўспамінах удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і архіўных крыніцах можна знайсці такія сведчанні. Беларускімі нацыяналістамі, Беларускай краёвай абаронай, Беларускай грынадзёрскай брыгадай СС «Беларусь» пад бел-чырвона-белым сцягам праводзілі карныя аперацыі супраць партызан і мірных жыхароў. Так была знішчана вёска Бабровічы Целяханскага раёна.

Выкарыстанне бел-чырвона-белай сімволікі калабарантамі зафіксавана ў фота- і відэахроніцы таго часу. Па больш дакладную інфармацыю рэкамендуем звяртацца ў Дзяржаўны архіў кіна- і фотадакументаў у Дзяржынску.

Па праблеме ўзнікнення і выкарыстання бел-чырвона-белага сцяга ў энцыклапедычных выданнях і гістарычных даведніках існуюць розныя пункты гледжання, што сведчыць аб неабходнасці далейшага навуковага даследавання пытання».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(12)