Дынько: «Мяне па-ранейшаму трасе, калі я ўспамінаю ўсё гэта»

Галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя», медыяменеджар Андрэй Дынько падзяліўся ўспамінамі пра сваё затрыманне год таму.

– У кожнага чалавека ёсць даты, якія дзеляць жыццё на да і пасля, – піша Дынько. – У мяне такой датай стала 8 ліпеня 2021 года. Гэтага не забудзеш — калі чуеш тупат, павяртаеш галаву, і бачыш у акно, як група захопу бяжыць да твайго дома, і табе здушвае горла думка, што гэта канец усяго, што было ў цябе, што ты будаваў, чым жыў.

Кнігі маёй бібліятэкі, якія вы бачыце на фота, год таму паслужылі мне апошні раз, але добрую службу: ГУБАЗ пачаў ператрус з бібліятэкі, ну і надоўга там завіс. Пад абед яны ўжо выдыхліся.

А пачалі яны ператрус з паліц з кнігамі на ўкраінскай мове. Проста таму, што пачалі ў строгім парадку з левых верхніх паліц, а там у мяне стаялі кнігі на ўкраінскім. «Ага! Література на украінском языке!» — інтанацыя была такая таржаствуюшчая, што я не вытрымаў і пачаў троліць іх: «Не, я ўсё ж не ўкраінскі, а італьянскі шпіён!».

Кніг па-італьянску, па-французску ў мяне было больш, чым па-ўкраінску. «Зачем столько кніг дома держать? — равеў галоўны. — Вы же все равно іх столько не чітаете!» І маё вока заўважыла, што маладзейшым з зондэркаманды трохі сорамна гэта чуць.

Мяне яшчэ ўразіла, як яны наткнуліся на запрашальнік на дыпламатычны прыём, які ляжаў у архіве, як гэта бывае – не выкінеш запрашальнік, і застанецца ляжаць. «Вазьмі, – сказаў адзін другому. — Связь с іностраннымі діпломатамі».

І была жонка прыбітая гэтым усім, і сястра стаяла босая на вуліцы, калі мяне вялі ў машыну, і быў пасля Следчы камітэт са следчымі ў выпрасаваных белых кашулях. І было пасля катаванне на Акрэсціна.

Той душны, ліпкі, нібы ў запаволенай здымцы зняты дзень яшчэ не скончыўся, бо Андрэй Скурко i Ягор Марціновіч застаюцца ў іх лапах, і тыя, хто нас мучыў, не пакараныя, і «Наша Н*ва» працуе ў выгнанні, і Акрэсціна яшчэ не адкрыта для экскурсій.

Мяне па-ранейшаму трасе, калі я ўспамінаю ўсё гэта, мае начныя кашмары – яны ўжо год гэтай «тэматычнай скіраванасці». Траўма вялікая, цяжка яе зжыць. Ты нібыта і ведаеш, што трэба яе зжываць, і ўсё адно яна з табой.

Але я цвёрда і без вагання, «і рука мне не задрыжыць», зраблю ўсё, каб гэты дзень хутчэй скончыўся.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(14)