Дракон – у кожным з нас

«Салідарнасць» працягвае публікаваць вытрымкі з артыкулаў нашай журналісткі  Веранікі Чаркасавай, якую забілі 15 год таму. Прапануем чытачам фрагмент водгука на зборнік Ніла Гілевіча «Незалежнасьць».

«Дык хто ж ён, у рэшце рэшт, адмоўны герой паэта? Рызыкну выказаць сваю асабістую думку. Гэты неназваны вораг лёгка пазнаецца. Больш таго, мы змагаемся з ім і будзем яшчэ доўга і упарта ваяваць, бо ён – той самы Дракон з вядомай казкі Шварца.

Так, можна забіць страшэнную чыноўна-наменклатурна-камуністычную пачвару, але ў Дракона на месцы адной адсечанай галавы імгненна вырастаюць новыя. Гэта тыя, хто доўгія гады крычаў Дракону «ўра!», дапамагаў яму, прыслужваў ці проста прызвычаіўся да жыцця побач з ім і не ўяўляе сабе зараз іншага. Дваццаць год таму яны аддавалі піянерскі салют, дзесяць год – скандзіравалі: «Слава КПСС!», а сёння на плошчы Незалежнасці крычаць: «Жыве Беларусь!» 

«Жыве, жыве», – ціхенька усміхаючыся, адказвае з цёмных глыбінь падсвядомасці Дракон, але яго ніхто не чуе: на мітынгах заўсёды вельмі шумна… Дракон – у кожным з нас».

Гэтыя прарочыя радкі былі апублікаваныя напрыканцы 1992 г. у «Голасе Радзімы».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)