Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Тут такая двухсэнсоўнасць атрымліваецца: а можа, ужо не толькі Крэмль тую зброю будзе кантраляваць, Лукашэнка ж гаворыць…»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст расказаў Филину, каму адрасаваныя міратворчыя і ваяўнічыя заявы афіцыйнага Мінска.

Юрый Дракахруст

— У часе паслання Лукашэнка шмат казаў пра Украіну, пра контрнаступ. Некаторыя эксперты пабачылі ў гэтым ці то ягоны ўласны страх, ці то рэтрансляцыю страхаў Крамля. Як вы ставіцеся да такой версіі?

— Я думаю, у яго ёсць страх, перасцярогі ад працягу вайны. Такой ці іншай. Украінскі гэта будзе контрнаступ ці расійскі наступ. Ці загразанне вайны ў пазіцыйных баях.

Я не вялікі вайсковы спецыяліст, але нават ў ваенных песнях пяецца «Теплый ветер дует, развезло дороги». Гэта акурат пра той рэгіён, там цяпер бездараж. Пра гэта гаворыцца ў рэпартажы ВВС з-пад Бахмута — там можна біцца за невялікія ўчасткі тэрыторыі, але вялікія манеўры немагчымыя.

Не выключаю, што шырокія дзеянні там немагчымыя да траўня, а то і чэрвеня. Там такая зямля, пакуль яна не прасохне, вялікія манеўры там нельга рабіць.

Але я думаю, што ён усё ж разважае пра большую дынаміку, пра стратэгічную перспектыву — што гэта ўсё будзе азначаць для яго ўлады. І ён тут іграе рознымі картамі.

З аднаго боку, гэта ягоная «міратворчасць»: спыніцеся, кіньце ўсё. Што тычыцца Украіны, то там на гэты конт махнулі рукой, ніхто на гэта не звяртае ўвагі. 

Што тычыцца Масквы, то яна фактычна сказала «не» вуснамі Пяскова. Так, ён падкрэсліў, што гэта пытанне будзе абмеркаванае, але зазначыў пры гэтым: Расія бачыць працяг «спецыяльнай ваеннай аперацыі» адзіным спосабам дасягнення сваіх мэтаў. І гэта быў такі адказ на міратворчае размахванне Лукашэнкі рукамі.

Але я думаю, што нічога іншага ён і не чакаў. І гэты пасыл быў адрасаваны галоўным чынам беларусам. Ён адчувае, што беларусы гэтай вайны не хочуць. Што прынамсі частка беларускага грамадства цэніць тое, што іх не паслалі ваяваць, пакуль.

І гэтае пасланне ім: «Бачыце, які я? Я — за мір». Гэтая ўяўная міратворчасць закліканая хоць бы часткова кампенсаваць у прынцыпе кепскі эфект ад навіны пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі.

Думаю, ён выдатна гэта разумее. Так, Лукашэнка спрачаўся з дадзенымі апытання Chatham House. Натуральна, гэта лічба ў 80% не застылая, але ён выдатна разумее, што пераважная большасць супраць гэтага.

Ён гэта добра разумее, таму і гуляе ў такія жэсты. І адзін з такіх жэстаў — давайце я ўсіх вас паміру. Гэта і ў таварыша Сі не атрымліваецца, а ўжо ў Лукашэнкі…

Зрэшты, таварышу Сі не трэба супакойваць сваіх грамадзян, што ён іх не пашле ваяваць. А Лукашэнку трэба паказваць беларусам, што ён іх не пашле. Прынамсі ствараць такі вобраз міратворца. Вось гэта ён і робіць.

— Лукашэнка некалі гразіўся размясціць расійскую ядзерную зброю пры адной умове — калі амерыканцы размесцяць сваю ў Польшчы на мяжы з Беларуссю. Амерыканцы гэтага не зрабілі, але ж вось цяпер мы чуем ад расійскага пасла, што ядзерная зброя з’явіцца на заходняй мяжы так званай Саюзнай дзяржавы.

Каму адрасаваны гэты сігнал і як ён б’е па «міратворчасці» афіцыйнага Мінска? 

— Ведаеце, тое, што сказаў Грызлоў, на маю думку, не азначае, што зброю паставяць літаральна на мяжы. Ён казаў пра Беларусь, якая для расейцаў і ёсць заходняй мяжой «Саюзнай дзяржавы». І калі гаворка пра самалёты, то аэрадром размешчаны пад Баранавічамі, а не ў Брэсце.

Так, гэта было рашэнне Пуціна. Але, думаю, Лукашэнка таксама не быў супраць. Бо ён успрымае 2020-ы аперацыяй Захаду, калі ізноў прыгадаць аналогію з Карыбскім крызісам. Быў такі Кастра, і была ў яго камуністычная Куба.

А потым здарылася гістарычная аперацыя кубінскіх эмігрантаў у затоцы Качынас, спансараваная ЗША. Пасля гэтага Хрушчоў размясціў на Кубе ядзерную зброю. Гэта ледзь не прывяло да ядзернай вайны.    

Амерыканцы ўсё ж прымусілі Хрушчова прыбраць ядзерную зброю, але пасля гэтага «затока Качынас» не паўтарылася ніводнага разу за 60 гадоў. Хрушчоў Карыбскі крызіс прайграў, праз два гады яго знялі з пасады першага сакратара ЦК КПСС, у тым ліку і за тое, чым скончылася гісторыя на Кубе.

А Фідэль не прайграў нічога. Ён кіраваў Кубай дзесяцігоддзямі пасля таго. Магчыма, і таму, што з ім вырашылі больш не звязвацца пасля Карыбскага крызісу. Я не ведаю, наколькі Лукашэнка тут вялікі гісторык, але такі прэцэдэнт ёсць.

У часе паслання ён паводзіў сябе, як дробны задзіра ў бандытаў, які перад бойкай выходзіць наперад, ірве на сабе кашулю, крычыць, правакуе. І вось ён так істэрычна выступаў: «Гэта нашая зброя, яна будзе пад нашым кантролем!»ё

Што цікава. За колькі дзён да гэтага Пуцін казаў, што гэта расійская зброя, і яна будзе пад кантролем Расіі. 31 сакавіка і расійскі, і, што смешна, беларускі прадстаўнікі ў ААН казалі, што гэта расійская зброя, якую будуць кантраляваць расейцы.

А Лукашэнка на пасланні даводзіць: «Гэта будзе наша зброя. Пра што вы гаворыце? Мы яе будзем кантраляваць». Гэта такое пасланне: «А вы думайце, чыя яна будзе насамрэч». Звярніце ўвагу — гэтую заяву ніхто не абверг.

Крэмль яе не абверг. Там проста механічна паўтараюць, калі ў іх пытаюць, што яна будзе пад расійскім кантролем. І ніхто не пытае, маўляў, але ж Лукашэнка сказаў ужо двойчы, што ён яе будзе трымаць пад кантролем.

Тут такая двухсэнсоўнасць атрымліваецца: а можа, ужо не толькі Крэмль тую зброю будзе кантраляваць, Лукашэнка ж гаворыць…

Зразумела, вынікам гэтага будуць новыя санкцыі, яшчэ большая ізаляцыя і глыбейшая залежнасць ад Расіі. У выпадку чаго Беларусь сапраўды робіцца мішэнню. Але не толькі.

Усё ж такі застаецца гэты фактар невядомасці, каму насамрэч гэтая зброя будзе належыць. Што на што можа стаць адказам? І гэтая няпэўнасць, я б не сказаў, што стала чыстай паразай Лукашэнкі. Не факт.

— Гібель расійскага прапагандыста Татарскага паўпроставага дачынення да Беларусі не мае, але ці можа рэха піцерскага выбуху нейкім чынам дакаціцца і да нас? У выглядзе дадатковых рэпрэсіўных захадаў, выстаўлення кругласуткавай аховы да кагосьці з беларускіх адыёзных прапагандыстаў, напрыклад?

— Я не выключаю, што будзе сітуацыя падобная да той, што была пасля справы Зельцара. Нехта папіша штосьці станоўчае пра гэта ў сацсетках. Ужо пішуць, праўда, я пакуль бачу, што робяць гэта ў асноўным тыя, хто за мяжой. Але напіша хтосьці ў Беларусі і за гэта, канечне, могуць пасадзіць.

Не памятаю, наколькі шырока гэта было пасля забойства Дугінай, але пару выпадкаў, здаецца, было. Зараз тое самае можа быць.

Я не думаю, што гэты расійскі выпадак выкліча такое ўжо моцнае рэха ў Беларусі. Бо яны і так зямлю рыюць і пасля Мачулішчаў, і пасля Гродна. І тут гэтая гісторыя з Татарскім нічога не дадае. Тым больш што там свой кантэкст, свая сітуацыя, адрозная ад беларускай.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.3(6)