Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Мы памятаем абдымкі Лукашэнкі з Зяленскім. Што ж ён тады не раіў расійскім братам разабрацца з украінцамі?»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра тое, ці варта верыць у шчырасць заяў чалавека, які ператварыў уласную краіну ў сатэліт.

Юрый Дракахруст

— Лукашэнка публічна пашкадаваў пра тое, што з Украінай не разабраліся восем год таму, калі ў яе не было баяздольнай арміі. Ці шчырае гэта шкадаванне, і ці ад свайго імя ён шкадуе? Бо мы добра памятаем, як пасля падзей 2014-га ён непрыхавана спрабаваў дыстанцыявацца ад Масквы і палепшыць адносіны з Захадам.

— Пачну з таго, што Лукашэнка і шчырасць — несумяшчальныя рэчы. Вы абсалютна маеце рацыю — тады, як мы памятаем, Лукашэнка даваў інтэрв’ю таму ж Савіку Шустэру і казаў: «А дзе ж вы, украінцы, былі? Чаму не ваявалі за свой Крым, за сваю зямлю?»

Ці, напрыклад, пасля нядаўняй заявы прэзідэнта Францыі Макрона пра тое, што Лукашэнка прасіўся ў НАТА, я адшукаў яго гутарку з Венядзіктавым з «Эха Москвы», зробленую ў снежні 2019-га.

Тады ён публічна гаварыў, што НАТА — гэта гарант суверэнітэту Беларусі. Маўляў, так, мы — саюзнікі Расіі, але калі пагроза будзе сыходзіць ад Расіі, то НАТА нас абароніць. Ён казаў пра гэта прамым тэкстам.

Што да сённяшніх заяў, то мы ж цудоўна разумеем, з кім ён запрэжаны ў адзін вазок. А тады ён рознае гаварыў. І мы памятаем ягоныя абдымкі і з Парашэнкам, і з тым жа Зяленскім. Што ж ён тады не раіў расійскім братам разабрацца з украінцамі?

Тады не раіў, а цяпер заднім чыслом раіць. Паказвае, што ён тады быў такі мудры, бачыў, што з імі трэба было тады расправіцца.

Думаю, калі прайграе Расія, выйграе Украіна, вы і вашы чытачы выдатна разумееце, што Лукашэнка знойдзе, што сказаць. «Я ж вам казаў, што спецаперацыя ў расейцаў зацягнулася. Дый увогуле — мы браты з украінцамі».

Так што, тут можна не клапаціцца і ўспрымаць гэта ўсур’ёз. Гэта варта ўспрымаць як прапаганду, як частку таго іміджу, які ён сабе стварае найперш перад расейцамі. 

— На чарговай сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Лукашэнка ад імя Беларусі і Расіі прыгразіў балтыйскім краінам і Польшчы, прыгадаўшы спробу блакады транзіту грузаў. На вашу думку, гэта прынагодныя пагрозы, ці ва ўмовах вайны да іх варта ставіцца сур’ёзна?

— Гэта трэба ўспрымаць, як працяг вобразу «Мы з Пуціным». Вось ёсць я і Пуцін. Ён, зразумела, важней, але мы з ім вырашаем. Пра ядзерную зброю вырашаем. Мы з ім вырашаем, як пакараць «кепскую» Літву, ці «кепскую» Польшчу.

Але, калі ўзнікла сапраўды сур’ёзная сітуацыя, калі Літва паспрабавала перакрыць расійскі транзіт у Калінінград, то Масква без усялякага Лукашэнкі наўпрост размаўляла з Бруселем. І Брусель, скажам так, скарэктаваў літоўскую палітыку.

І тое, што Лукашэнка сёння размахвае рукамі і кажа, што «мы з Пуціным», то гэта працяг той лініі, якую ён увесь час праводзіць. Вельмі пры гэтым сумнеўна, што Пуцін з ім узгадняе хоць якія свае крокі адносна Захаду.

Што тут можа зрабіць Беларусь? Мала што. У свой час Лукашэнка называў фантастычныя лічбы, кажучы пра залежнасць літоўскай эканомікі ад гандлю з Беларуссю. Што ледзь не на палову Літва ад нас залежала.

Зараз можна заднім чыслом спрачацца пра тыя лічбы, але важна тое, што цяпер Літва ад нас ніяк не залежыць. Транзіт, наколькі я разумею, калі і ёсць, то ён мінімальны. І таму зрабіць менш нуля, пайсці ў адмоўныя лічбы проста немагчыма. Калі гандлю няма, то яго проста няма.

А ваяваць з Літвой, ці нават з Польшчай, я не думаю, што Лукашэнка на гэта наважыцца самастойна. Думаю, гэта Пуцін будзе вырашаць. Ізноў жа, без аглядкі на меркаванне Лукашэнкі, на ягоныя жаданні.

Тым больш, думаю, ён дакладна не хоча вайны з Літвой ці Польшчай, нават калі і будзе надта злы на іх, бо цудоўна разумее наступствы.

Але тут гаворка пра сустрэчу з губернатарам, які неабавязкова павінен разбірацца ў самай высокай палітыцы. Хоць, напэўна, у яго самае цвёрдае перакананне, што рашэнні гэтыя прымае Пуцін.

— Беларусь на міжнароднай арэне ўсё часцей робіцца страшылкай, прыкладам таго, куды заводзяць цесныя сувязі з Расіяй. Пра гэта кажуць еўрапейскія лідары, грузінскія апазіцыянеры радуюцца таму, што ў свой час не далі ператварыць сваю краіну ў «другую Беларусь».

Пры гэтым, напрыклад, старшыня літоўскага Сейму Вікторыя Чміліце-Нільсэн таксама прызнае страту нашай краіны суверэнітэту, але падкрэслівае, што галоўны інтарэс Літвы ў тым, каб «зь цягам часу па суседстве з намі знаходзіліся дэмакратычныя дзяржавы». Пра што нам кажа гэтая сітуацыя?

— Я б тут казаў пра вобраз беларусаў і вобраз Беларусі. Бо калі казаць пра вобраз беларусаў, то нядаўна той жа Зяленскі казаў, што 70% нашых грамадзян не падтрымліваюць вайну, не падтрымліваюць Расію.

Дарэчы, можна адзначыць апошнія сустрэчы Паўла Латушкі ў Кіеве. Магчыма, адбываецца пэўнае прасоўванне беларускіх палітыкаў, палітычных плыняў.

читайте также

Але Беларусь — гэта дзяржава. І беларуская дзяржава праводзіць вось такую палітыку. І так, для многіх краін свету яна стала ўзорам сатэліта, васала. Якімі ў Другую сусветную вайну былі Славаччына ці тая ж Харватыя.

Можна прыводзіць прыклады іншых краін, якія нібыта мелі і ўласны сцяг, на іх тэрыторыі магло прысутнічаць пасольства Трэцяга Рэйха, як у той жа Славаччыне. Але чым была яна ў тыя гады? Усім было відавочна, што гэта сатэліт гітлераўскай Нямеччыны.

Вось і Беларусь сёння выглядае падобным чынам. Сама не ваюе, у адрозненне ад той жа Славаччыны, чыіх салдатаў усё ж адправілі на фронт. А ў астатнім — класічны сатэліт, што для многіх стала кропкай адліку. Палякі на гэта спасылаюцца, літоўцы.

І нават, бачыце, грузіны кажуць, што не хочуць як у Беларусі. Дарэчы, не знаходзіцца той, хто скажа «хочам як у Беларусі». А вось менавіта так, усе гэта бачаць як адмоўны прыклад.

Шкада, але менавіта такую сітуацыю сёння маем. З той жа колькасцю расійскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. У траўні ўкраінская разведка казала, што іх засталося некалькі тысяч, хоць дагэтуль было каля дзясятка тысяч.

Цяпер яны ж кажуць, што іх колькасць ізноў павялічылася. То бок, расейцы тут паводзяцца як на сваёй зямлі. Завезлі сюды сваіх мобікаў, падвучылі і адправілі на фронт. Была ў іх тут перазменка, некалькі тысяч, зараз ізноў завязуць.

Нібы гэта ўсё недзе ў Тамбоўскай вобласці, куды таксама могуць завезці, а пасля адвезці назад. Беларусь тут як краіна, якая сама не ваюе, але такія вось пытанні вырашае.

Ці вось, калі ласка, прымае данецкага важака Пушыліна. А так раней гэтага не хацелася: то далей за Брэст яго не пусцілі, то рабілі выгляд, што не ведаюць, хто гэта такі. Дарэчы, прынялі ж і кіраўніка Абхазіі. Не хацелася, але прынялі.

І ўсе бачаць гэтыя моманты.

Таму Беларусь і стала такім узорам краіны-сатэліта, бо сёння цяжка знайсці прыклады іншых дзяржаў, якія так сябе паводзяць.

І тут што яшчэ характэрна. Пра гэта кажуць не толькі літоўцы. Пра тое самае фактычна сказаў і Такаеў. І як сказаў. Тут ёсць спецыяльны тэрмін — эльфінг. Гэта такі тонкі тролінг, замаскіраваны пад камплімент.

Гэта калі ты нібыта хваліш чалавека, але робіш гэта так, што ты яго фактычна прыніжаеш. І менавіта гэтым і займаўся Такаеў. Ой, у вас такі цудоўны саюз, усё агульнае — і мова, і эканоміка, і парламент. Ну, хіба, пакуль толькі прэзідэнты розныя, але толькі пакуль.

І калі Лукашэнка яму на гэта прапанаваў далучыцца да саюза, ён у нейкай казахскай вёсцы, выказаўся на гэты конт па-расейску. Гэта азначае, што ён хацеў, каб гэта пачулі ўсе. І ад першай асобы, а не ў перакладзе. 

Адмыслова падкрэсліў, што нам не трэба ваша зброя, што гэта вашыя васальскія справы, а мы — не васалы. Фактычна, ён гэта сказаў. І на саміце ў Маскве, і сваім сялянам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(20)