Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Лукашэнка не вітаў дэлегатаў «Белай Русі», але вітала Качанава. Не выключана, што гэта яе асабісты праект

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином перспектывы новай праўладнай партыі ды іншыя важныя падзеі апошніх дзён.

— Ордар з Гаагі для Пуціна, як піша Сяргей Навумчык, мог пашкодзіць сон Лукашэнкі. Ці насамрэч для яго гэта трывожны званочак?

— Настрой яму гэта, зразумела, сапсуе. Бо жыццё доўгае, жыццё складанае. Бо прэцэдэнты з гэтым ордарам кепскія для тых, на каго ён выпісваўся. Ён выпісваўся на лідара Судана Амара аль-Башыра, на лівійскага лідара Муамара Кадафі і на Ларана Гбагбо, прэзідэнта Кот-д’Івуара.

Апошні, што праўда, атрымаў ордар ужо пасля таго, як перастаў быць кіраўніком краіны, і ў выніку быў апраўданы. Лёс Кадафі добра вядомы.

Што тычыцца Аль-Башыра, то ягоны прыклад вельмі цікавы ў звязку з далейшым лёсам Пуціна. Суданскі лідар наведваў краіны, на якія распаўсюджвалася юрысдыкцыя Міжнагоднага крымінальнага суду, ужо пасля таго, як на яго выдалі ордар.    

Улады гэтых краін не выдавалі Аль-Башыра і нават не арыштоўвалі. Яны казалі, што з аднаго боку ёсць ордар, а з другога — прынцып недатыкальнасці кіраўніка дзяржавы.

З таго, што гэты ордар выпісаны, не вынікае, што калі Пуцін, умоўна кажучы, прыедзе ў Таджыкістан, то яго аўтаматычна арыштуюць і выдадуць у Гаагу.

Але тыя ж нямецкія ўлады пацвердзілі, што калі ён прыедзе ў Нямеччыну, то яго выдадуць. Іншымі словамі, гэта найперш інструмент сімвалічнага і псіхалагічнага ціску. Але гэтую функцыю ён, безумоўна, выконвае.

І адносна Лукашэнкі. Сёння на Пуціна выпісалі, а заўтра, магчыма, і на ягонага паплечніка ў вайне.

Я б не перабольшваў ягонае значэнне, бо той жа прыклад Башыра паказвае, што аўтамытызму тут няма, прымаюцца палітычныя рашэнні. Але яны могуць быць і такія, і такія.

І ў гэтым псіхалагічны і сімвалічны ціск: кожная краіна будзе самастойна вырашаць, што ёй рабіць у такой сіуацыі. Пакуль ордара няма, то і вырашаць няма чаго.

— А цяпер ёсць варыянты.

— Так. І цяпер з’явілася няпэўнасць. Ехаць, не ехаць… Хто ведае, як жыццё складзецца праз пэўны час. Бо той жа суд заявіў, што гэта бестэрміновы ордар.

Акрамя таго, гэта пасланне расійскім элітам. Безумоўна, пакуль цяжка сказаць, як яны будуць рэагаваць. Бо на іх пакуль ордара няма. На ўпаўнаважаную па правах дзіцяці пры прэзідэнце РФ Львову-Бялову ёсць, а на Шайгу няма.

Зрэшты, расійскія эліты могуць падумаць зусім не так, як на гэта разлічвалі тыя, хто выдаваў ордар. Наадварот, згуртавацца вакол Пуціна. Гэта магчымая рэакцыя. А магчымая і зусім іншая.

— «Белая Русь» у рэшце рэшт стала партыяй. Партыяй прыхільнікаў першага прэзідэнта Лукашэнкі, як яны самі сябе называюць, новай апорай улады. Пры гэтым Лукашэнка фактычна праігнараваў падзею. І на ягоным афіцыйным сайце, і ў тэлеграм-канале прэс-службы ані слоўца пра новую партыю. Чаму так?

— Пра гэта напісаў мой калега Валер Карбалевіч. Пра тое, што фармат правядзення гэтага мерапрыемства і яго асвятленне былі дэманстратыўна нізкімі.

Ніякіх віншаванняў ад Лукашэнкі з’езду арганізацыі, якая прадстаўляе сябе нібыта ледзь не самай магутнай сілай на палітычным полі. Узровень гэтай рэакцыі быў сапраўды вельмі нізкім.

Я маю такое ўражанне. Ёсць нейкая агульная ідэя, што асабліва пасля 2020-га абапірацца толькі на сябе, на ўласную палітычную сілу і харызму Лукашэнку стала неяк незусім. І таму з’явілася патрэба ствараць пэўныя дадатковыя, што называецца, страховачныя сеткі.

І яны ствараліся то ў выглядзе дэкрэта пра перадачу паўнамоцтваў Радзе бяспекі ў выпадку смерці Лукашэнкі, то былі нейкія гульні з Усебеларускім народным сходам. То бок, нібыта было жаданне штосьці такое стварыць. З іншага боку, ствараецца ўражанне, што захавалася і прыхільнасць да ўласных старых схемаў: ёсць я, ёсць народ, а болей нікога няма.

І тут цікавы момант: Лукашэнка не вітаў дэлегатаў з’езда, але вітала Качанава. А справа ў тым, што «Белая Русь» увесь час, як стварылася ў выглядзе грамадскага аб’яднання, прасілася: дайце нам магчымасць стаць партыяй. А Лукашэнка кожны раз адмахваўся.

Але не выключана, што зараз яе ператварэнне ў партыю стала асабістым праектам Качанавай. Магчыма, яна хоча нейкамі хадамі, інтрыгамі, камбінацыямі атрымаць нейкую сваю апору. Зразумела, што яна казала гэта Лукашэнку не такімі словамі.

Але паколькі ён чуйны, то мог пагадзіцца, маўляй, хочаш — будзе табе партыя. Але пры гэтым усяляк прадэманстраваў, што гэта абсалютна малазначная для яго рэч.

У пэўным сэнсе гэта выбудоўванне ўнутрыапаратнага балансу. Не выключана, што на мове апарата стварэнне гэтай партыі азначае, што Наталля Качанава, канечне, крутая, калі ёй далі тое, чаго не давалі гэтай арганізацыі гадамі.

А з іншага боку — далі то далі, але з такім вось нават грэбаваннем. Маўляў, яна важная, уплывовая, але не настолькі, каб ужо быць пераемніцай. Вось такое камбінаванае і зашыфраванае пасланне ва ўтварэнні гэтай партыі я бачу.

— То бок, вы не заўважылі нейкага патэнцыялу ў новай партыі, каб яна магла разгарнуцца, прынамсі, у агляднай перспектыве?

— Пакуль гэта не праглядаецца. Але гэта залежыць ад гульні. Інстытуцыянальна пакуль ніякіх функцый за ёй няма. Але не выключана, што тая ж Качанава паспрабуе нейкімі спосабамі прасоўваць уплыў гэтай арганізацыі. І свой уласны.

Гэта гульня, якая, зразумела, не столькі залежыць ад нейкіх фармальных законаў ці статусаў. Як бачым, пэўную пляцоўку гэтыя людзі атрымалі.

Пакуль незразумела, як будуць праходзіць наступныя выбары, як будзе праходзіць фармаванне чарговага УНС. Не выключана, што акурат там гэтая інстытуцыя нейкую сваю гульню зможа згуляць.

Гэта дакладна не будзе КПСС, але пэўным ліфтам для трапляння нейкіх канкрэтных людзей на адпведныя пасады можа стаць.

Дапускаю, што згода ад Лукашэнкі на гэтае ішла. Бо ён усё ж разумее, што яму ўжо варта думаць пра тое, што і хто будзе пасля яго.

І я думаю, гэта такі вельмі асцярожны падыход для вырашэння гэтай праблемы. Якую яму нават асэнсоўваць непрыемна. Бо каму хочацца думаць пра memento mori.

Але я лічу важным, што гэта здарылася. Тое, што не здаралася на працягу многіх гадоў. Пры тым, што на гэта быў вялікі запыт цалкам лаяльных да сістэмы людзей. Толькі зараз ім гэта дазволілі. І я не думаю, што цяпер, калі дазволілі, будзе так проста адмахнуцца, маўляў, лухта гэта, ніякай улады ў іх няма.

— КДБ паведаміла пра інцыдэнт у Гродна, дзе нібыта быў застрэлены замежнік, які аказаў узброенае супраціўленне. Пакуль што мала канкрэтыкі, ёсць сумневы, ці не пастаноўка гэта спецслужбаў.

Але пра што гэтая гісторыя кажа ў цэлым? У нас контртэрарыстычныя аперацыі робяцца нормай, як недзе ў Чачні?

— Калі браць чыста прапагандысцкую опцыю, то гэтая гісторыя часткова ўпісваецца ў сённяшнюю парадыгму ўлады. Бачыце, мы ў атачэнні, на нас увесь час хочуць напасці. І ў 2020-м хацелі, і зараз бразгаюць зброяй. І Захад, і Украіна. Пра гэта даўно ўжо гаворыцца.

Іншая справа, хто б гэта мог быць? Каму, уласна кажучы, спатрэбілася прымяняць зброю, незразумела абсалютна. Па-шчырасці, вельмі складана сказаць.

Адзінае, што тут можна адзначыць, гэта працяг памянёнай мной прапагандысцкай лініі. І гэтая гісторыя — гэта іхняе чарговае «на нас напалі».

— Але як на гэта могуць адрэагаваць шараговыя беларусы? Абурыцца, бо ўлада давяла да такога, ці аб’яднацца «вакол сцяга»?

— Тут адказ навідавоку: нехта адрэагуе так, а нехта іначай. Я думаю, што тут можа быць рух у бок палярызацыі. Хтосьці такі эпізод інтэрпрэтуе як «малайцы нашы, адбілі напад ворага». А ў кагосьці рэакцыяй можа быць «куды гэта ўсё коціцца, мы ўжо ваюем?».

І такое ўражанне, чым далей, тым больш мы аддаляемся ад нейкай салідарнай рэакцыі, на жаль. Адзінае, што ёсць салідарнае — каб не было паўнамаштабнай вайны ў Беларусі, каб беларусы не стралялі. Вось гэтага, напэўна, ніхто не хоча. А ўжо хто вінаваты — тут ужо самыя розныя меркаванні. 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(11)