Филин

Ірына Марозава

Дракахруст: «Калі хваля сціхне, то вялікае пытанне: ці запомніцца паслуга, ці тое, што Лукашэнка, мякка кажучы, паставіў Пуціна ў нязручнае становішча»

Палітычны аглядальнік у інтэрв’ю Филину — пра наступствы «маршу Прыгожына», выйгрыш беларускага правіцеля і рызыкоўны рассінхрон з Крамлём.

Бунт «вагнераўцаў» працягнуўся крыху больш як суткі. Потым, не даходзячы да Масквы, заснавальнік ПВК абвясціў, што разварочвае калоны і вяртаецца на пазіцыі, прэс-сакратар Крамля сказаў, што крымінальная справа супраць Прыгожына будзе спыненая, а сам ён «сыйдзе ў Беларусь», а прэс-служба беларускага правіцеля імкліва паведаміла, што гэта Лукашэнка правёў перамовы і ўсіх выратаваў.

Цяпер эксперты спрабуюць рэканструяваць падзеі і патлумачыць прычыны і наступствы. Пра тое, як сітуацыя выглядае на сёння і якія перспектывы для кожнага з бакоў, Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам.

Юрый Дракахруст

— Да канца карціна пакуль не зразумелая, і нечаканасці яшчэ могуць адбывацца, — зазначае аналітык. — Прынамсі, сёння расейская пракуратура паведаміла, што насамрэч крымінальная справа супраць Прыгожына не спыненая, што азначае — магчыма, формула нам не да канца была сказаная альбо яна мяняецца па ходу справы.

Акрамя таго, невядома, дзе Прыгожын. Ні ў Беларусі, ні ў Расеі ён пакуль не назіраецца. Таму пэўныя пытальнікі вакол сітуацыі, — што гэта было, — застаюцца. І падзеі яшчэ не скончаныя, не расстаўленыя апошнія кропкі.

Аглядальнік не схільны да версіяў, быццам гаворка ідзе пра гульню Пуціна, мудрагелістую «шматхадовачку», які быццам бы сам мог падбіць Прыгожына «зладзіць путч», каб правесці праверку на лаяльнасць.

— Канспіролагі прыдумляюць, навошта гэта магло быць патрэбна Пуціну — але я ў гэта не веру. Бо відавочныя мінусы, страты для Крамля — як бы гэтая сітуацыя ні вырашылася. Нават калі, умоўна кажучы, Прыгожына ўжо на свеце няма і ва ўсім ёсць пэўны прысмак аперэткі — тым горш для Крамля.

Бо ў расейскай палітычнай культуры ўлада — гэта сакральны інстытут. І калі яе ўчорашні паплечнік можа так размаўляць і так сябе паводзіць, яго то абвяшчаюць мяцежнікам, то кажуць, што ўсё даравана, то зноў высвятляецца, што справа не скончаная — усё гэта падрывае аўтарытэт, легітымнасць і сакральнасць улады.

Гэта кепска для Крамля. І лічыць, што Пуцін усё разыграў… Для таго, каб што? Зняць Шайгу ён мог і так у любы момант. Таму, паўтаруся, я не веру ў канспіралагічныя тэорыі.

Што да матывацыі самога Прыгожына, аналітык прыгадвае шэраг падобных прыкладаў у сусветнай і расейскай гісторыі: імперскі генерал Валенштэйн падчас Трыццацігадовай вайны, Мусаліні і ягоны марш на Рым, расейскія дзеячы XVIII стагоддзя — Мініх, граф’я Арловы.

— Гэта людзі з куражом, авантурысты з вайсковай сілы за плячыма, якія адчуваюць слабасць улады: «Цар-то несапраўдны». Такія рысы ўласцівыя і Прыгожыну (хоць сам той і паўтарае ў свежым аўдыязвароце, што не меў мэты звяржэння існага рэжыму — Ф).

Юрый Дракахруст дадае яшчэ адну красамоўную дэталь: паводле чэрвеньскага сацапытання расейскага агенцтва Romir, Прыгожын увайшоў у пяцёрку самых папулярных у Расеі людзей. І нельга выключаць, што прыхільна ставілася да яго і частка расійскіх эліт, мэтай якіх было не пасадзіць Прыгожына на трон, але запусціць ланцуг кадравых зменаў у Крамлі.

— Для мяне, дарэчы, будзе вельмі паказальна, што будзе з падтрымкай вайны пасля гэтага путча — мой прагноз, што яна знізіцца, хоць і не ўпадзе, канешне, да нуля.

— А якой вам бачыцца роля Лукашэнкі ў гэтых падзеях? Ці можна яго лічыць адзіным бенефецыярам, альбо атрыманыя выгоды сумнеўныя?

— Мяркуючы па ўсім, ён сапраўды выйграў — прынамсі акурат цяпер. Ён аказаўся асобай, якая прадухіліла грамадзянскую вайну ў Расеі. Ці выканаў ён гэтую ролю насамрэч — можа быць, і не. У лепшым выпадку ён быў пасярэднікам, а не самастойным гульцом. Але калі гэты яго імідж замацуецца — для Лукашэнкі тое карысна.

Прычым, Прыгожын пра «працягнутую Лукашэнкам руку дапамогі» сказаў толькі сёння. Але раней гэта пацвердзіў Крэмль. І ўсе расейскія афіцыйныя каналы, усе медыі паказалі, што Лукашэнка пэўную ролю ў працэсе адыграў. Дый і заходні друк, хай і больш акуратна, таксама гэта засведчыў.

Ускосным паказчыкам гэтага, мяркуе Юрый Дракахруст, можна лічыць заяву Рады бяспекі РБ. У адрозненне ад Пуціна, які казаў пра «мяцеж» і «цяжкае злачынства», у Беларусі сказалі пра «смуту».

— А ў смуце як быццам усе вінаватыя і ўсе невінаватыя. Пры ўсіх кніксенах у бок Крамля і «заўсёднай падтрымцы СВА», па сутнасці напісана, што правых у тым канфлікце няма, уключна з Пуціным. То бок, пасля размовы з Пуціным беларускі рэжым не падтрымаў ягоную версію. Пасыл быў такі: хлопцы, пагарачыліся тыя і тыя, давайце неяк дамаўляцца. Сэнс гэтай заявы не супярэчыць магчымай ролі Лукашэнкі.

Але, калі казаць пра доўгатэрміновыя наступствы, то ў Крамлі, канешне, могуць і затаіць крыўду на тую ролю, якую Лукашэнка адыграў у мінулую суботу. Менавіта на тое, што ягоны пасыл не адпавядае словам Пуціна — не «мяцеж і здрада», а «ўсё складана, усё неадназначна». І ў выніку «малодшы брат» мірыў «старэйшых», як быццам аказаўся разумнейшым. І гэта ўсе бачылі.

Так што, калі хваля цяперашняга «перавароту» сціхне, то яшчэ вялікае пытанне: ці запомніцца паслуга, ці тое, што Лукашэнка, мякка кажучы, паставіў Пуціна ў нязручнае становішча і прадэманстраваў нейкую самастойную ролю.

Аднак гэта дакладна не заўтра, праз пэўны час. А ў кароткатэрміновым перыядзе на далейшую падтрымку, у тым ліку грашовую, ён можа смела разлічваць. Прынамсі на працягу некалькіх месяцаў.

— Заява Пяскова пра тое, што «Прыгожын сыйдзе ў Беларусь», выклікае насцярогу: ці не атрымае ад гэткага «падарунка» краіна новыя праблемы і рызыкі?

— Так, бо невядома, як, з кім Прыгожын «сыйдзе». Не думаю, што яго адпусцілі б з усім «Вагнерам» — не таму, што дбаюць пра беларускую незалежнасць, а таму, што калі ёсць ваенізаванае, падпарадкаванае пэўным людзям падраздзяленне, якое фактычна зладзіла мяцеж, то пакідаць з яго з той жа арганізацыяй і з тымі ж начальнікамі блізу сваіх межаў — вельмі небяспечна.

Мяркую, што іх расфарміруюць і часткова загоняць пад кантракт. І магчыма, што ПВК Вагнера больш не будзе існаваць ці ён будзе функцыянальна выкарыстоўвацца ў Сірыі, у Афрыцы — не на галоўным фронце для Расеі.

— Ці паспяшаліся тыя, хто палічыў сітуацыю не вакном, але шчылінай магчымасцяў?

— Складана сказаць. У той момант здавалася, што нейкія шансы гэта дае. Але ў вакне магчымасцяў не толькі адкрываюцца шансы, але ўзрастаюць і рызыкі, і ёсць варыянты пагаршэння.

І ў кароткатэрміновым перыядзе для дэмакратычных сілаў Беларусі сітуацыя хутчэй пагоршылася. Да таго ж канкрэтных крокаў на зямлі не было — прагучалі пэўныя заявы, але рэакцыі грамадства, водгуку я не ўбачыў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(17)