Дракахруст: Ці зьедуць беларускія дактары ў Польшчу?

Ці варта чакаць ці перасьцерагацца, што беларускія дактары масава зьедуць у Польшчу, карыстаючыся новымі правіламі іміграцыі, піша на Радыё Свабода Юры Дракахруст.

У​ Польшчы плянуюць спрасьціць правілы прыёму на працу лекараў з-за межаў Эўразьвязу. Адпаведны законапраект ужо трапіў у польскі парлямэнт.

Паведамлялася, што ў першую чаргу зьмены накіраваныя на прыцягненьне лекараў з суседніх Беларусі і Ўкраіны. У прыватнасьці, замежным лекарам ня трэба будзе праходзіць працэдуру пацьверджаньня дыплёма аб заканчэньні ВНУ.

Польская дасьледчая фірма Sedlak & Sedlak вывучала, якімі былі заробкі польскіх дактароў у 2018 годзе. Дадзеныя прыведзеныя ў наступнай табліцы

Заробкі дактароў у Польшчы ў 2018 годзе

Стаж

Заробак у злотых

Заробак у далярах

Да 1 году

3535

922

2-3 гады

4880

1274

6-8 гадоў

6847

1787

11-15 гадоў

8515

2223

Сярэдняя

6000

1566

Пры гэтым сярэдні заробак у Польшчы ў 2018 годзе склаў 4585 злотых ($ 1197).

Польскія дадзеныя цікава параўнаць з беларускімі. Паводле Белстату, сярэдні заробак беларускага ўрача ў верасьні сёлета склаў 1508 рублёў ($ 739). Пры гэтым сярэдні заробак па краіне ў цэлым у жніўні склаў 1117 рублёў (558 $).

Сярэдні заробак беларускага ўрача ў 2019 годзе быў у даляравым эквіваленце прыкладна ўдвая меншы, чым яго польскага калегі ў 2018 годзе. Але ў адпаведныя часовыя пэрыяды і заробак сярэдняга беларускага працаўніка быў прыкладна ў столькі ж разоў ніжэйшым, чым заробак сярэдняга паляка.

Заробак польскага ўрача быў у 2018 годзе на 30% вышэйшы за сярэдні па краіне, заробак беларускага доктара сёлета на 35% большы, чым заробак сярэдняга беларускага працаўніка.

Відавочна, што Польшча — краіна, багацейшая за Беларусь; і польскі сантэхнік, і польскі будаўнік, і польскі IT-шнік, і польскі доктар багацейшыя за іх беларускіх калегаў.

Але «зьвесткі» пра нейкія фантастычныя заробкі польскіх дактароў статыстыкай не пацьвярджаюцца. Польскі доктар прыкладна настолькі ж багацейшы за беларускага ўрача, наколькі Польшча ў цэлым багацейшая за Беларусь.

Калі казаць пра магчымую эміграцыю беларускіх дактароў, то варта ўлічваць, што гэтай працы не ўласьцівая сэзоннасьць. Можна зьезьдзіць на некалькі месяцаў папрацаваць на будоўлі ці на ўборцы ўраджаю і вярнуцца дамоў, у Беларусь, з польскім заробкам, але да беларускіх цэнаў, камуналкі і г. д. Доктарам паехаць папрацаваць на некалькі месяцаў напэўна складана. А ехаць у Польшчу на сталае жыцьцё на працу доктарам — гэта ехаць жыць і працаваць у краіну, дзе зарабок доктара прыкладна настолькі ж вышэйшы сярэдняга па краіне, наколькі і ў Беларусі.

Ня ўсё вымяраецца сярэднімі лічбамі, узровень жыцьця — шматфактарны паказьнік. Але калі ўсё ж апэраваць толькі сярэднімі лічбамі, суадносінамі заробкаў у галіне і ў краіне ў цэлым, то прагназаваць велізарны паток «мэдычнай» эміграцыі зь Беларусі ў Польшчу не выпадае.

Пэўная, большая, чым цяпер, колькасьць дактароў паедзе. Калі больш заможная краіна лібэралізуе рэжым працоўнай іміграцыі зь менш заможнай, то гэта па вызначэньні вядзе для павялічэньня памераў гэтай іміграцыі. Груба кажучы, калі адно сховішча вады вышэй за іншае і паміж імі труба, то чым большы дыямэтар трубы, тым большы паток.

Але тыя суадносіны заробкаў, якія я прывёў, сьведчаць, на мой погляд, пра тое, што ў гэтым выпадку паток «мэдычнай» эміграцыі з Беларусі ў Польшчу будзе не такім ужо і вялікім.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(8)