Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: «Байдэн ляціць туды, куды лічыць патрэбным, а не туды, куды яго запрашае Лукашэнка»

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст абмеркаваў з Филином знакавы візіт прэзідэнта ЗША ў Кіеў, стварэнне беларускага апалчэння і вынікі года вайны.

Юрый Дракахруст

— Джо Байдэн прыляцеў у Кіеў. На першых кадрах, што з’явіліся ў прэсе, амерыканскі прэзідэнт у суправаджэнні Зяленскага ішоў па Сафійскай плошчы пад гукі паветранай трывогі. Гэты прыезд, напэўна, стане моцнай палітычнай аплявухай Крамлю, які на гэтым тыдні ладзіць шэраг мерапрыемстваў да гадавіны вайны. У чым важнасць гэтага візіту?

— У першую чаргу гэта дэманстрацыя таго, што амерыканцы не адступяць. Прынамсі, не адступаюць. Бо вядомая і пазіцыя рэспубліканцаў у Кангрэсе, і шматлікія размовы пра тое, што нібыта амерыканцы выступаюць за нейкі хуткі мір, у тым ліку і з пэўнымі саступкамі Расіі.

І на гэтым фоне такі візіт у Кіеў — гэта, зразумела, дэманстрацыя таго, што прынамсі Байдэн адступаць не збіраецца, што ён ставіць сваю рэпутацыю на гэты кон, на цвёрдую пазіцыю.

Сапраўды, у кантэксце розных мерапрыемстваў у Расіі пад гадавіну пачатку вайны, той бок дэманструе, што не збіраецца адступаць ад сваёй пазіцыі.

Ну, і на гэтым фоне варта сказаць, што крыху смешнымі выглядаюць прапановы Лукашэнкі Байдэну прыехаць у Мінск. Байдэн ляціць туды, куды лічыць патрэбным, а не туды, куды яго запрашае Лукашэнка.

— Згаданы вамі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з Радай бяспекі, прысвечаную стварэнню ў Беларусі апалчэння. Ізноў гучалі словы пра неабходнасць раздаць людзям аўтаматы, стварыць пры кожным сельсавеце атрад. Адначасова намеснік начальніка факультэта Генштабу Узброеных сіл Беларусі Андрэй Багадзель, заявіў, што колькасць беларускага войска пры неабходнасці можа быць павялічана да 1,5 – 2 мільёнаў чалавек. Пра што сведчаць гэтыя ініцыятывы і заявы?

— Магчыма, арыфметычна колькасць дарослага мужчынскага насельніцтва прызыўнога ўзросту столькі і складае. У дадзеным выпадку размова ідзе пра рэальныя, а не нейкія арыфметычныя магчымасці. Напэўна, тэарэтычна можна столькі прызваць. Але мы бачым, што ў той жа Расіі, дзе жыве 147 мільёнаў чалавек, з цяжкасцямі і праблемамі набралі 300 тысяч. І гэта ж усяго толькі невялікая доля насельніцтва.

Калі казаць пра Беларусь, то ці гатовая беларуская армія прыняць такую колькасць людзей? Таму, як мне падаецца, гэта такая бурбалка. Прычым, фармальна кажучы, нехлуслівая. Бо тэарэтычна столькі можна прызваць. Ці дазваляюць рэсурсы беларускай дзяржавы іх прызваць? Мне падаецца, што не.

Што тычыцца стварэння апалчэння. Нагадаю, што пра гэта ў траўні мінулага года казаў міністр абароны Хрэнін. Я думаю, што гэта працяг гульні мускуламі з тым разлікам, каб гэтыя мускулы не ўжываць.

Як у свой час трапна сказаў палітолаг Андрэй Ягораў, Лукашэнка нагадвае чырлідзершу на стадыёне. Ідзе спаборніцтва, а ён бегае ўздоўж поля, размахвае піпідастрамі. Стварае настрой, абы самому не іграць.

І ў гэтым выпадку, мне падаецца, гэта робіцца для стварэння ўражання рашучасці, баявітасці, пры абсалютным нежаданні дэманстраваць гэтую рашучасць у рэальнасці.

— То бок, тут няма сувязі паміж нядаўнім візітам у Расію і гэтай ініцыятывай па стварэнні апалчэння?

— Сітуацыя насамрэч такая, што большасць экспертаў не бачыць зараз ніякай верагоднасці наступу з беларускай тэрыторыі каго б там ні было. Ці расійская арміі асобна, ці супольна з беларускай.

А досвед паказвае, што нават калі краіна ўцягнутая ў вайну, то шырокамасштабных баявых дзеянняў на тэрыторыі Расіі ўкраінская армія не вядзе. Так, быў удар па Крыме, які Масква лічыць сваім, да Энгельса дасталі, па Белгарадскай вобласці.

Але гэта не баявыя дзеянні. І нават калі гіпатэтычна сабе ўявіць, што беларускае войска ідзе ў наступ, то баявыя дзеянні з удзелам украінцаў на тэрыторыі Гомельскай ці Брэсцкай абласцей — гэта практычна выключана.

У гэтым сэнсе ад каго і каго гэтае апалчэнне будзе абараняць? Зразумела, што можна браць пад увагу і надзвычай малавераемныя сцэнары. Але выдаткоўваць велізарныя рэсурсы, каб падрыхтавацца да практычна выключаных дзеянняў у самым неймаверным варыянце, мне падаецца, неяк неадэкватна.

А для чырлідынга гэта прыгожа: «Вось у нас тут апалчэнне. Калі трэба, усе як адзін падымуцца». Дарэчы, упершыню Лукашэнка абяцаў узброіць сем мільёнаў беларусаў у 2019 годзе ў разгар канфлікту з Расіяй. Але і тады гэта было больш надзьмуваннем шчок.

Тым больш, варта сказаць, што нейкай інфармацыі пра сур’ёзную падрыхтоўку той жа тэрытарыяльнай абароны мы не атрымліваем. Так, праводзіцца шмат вучэнняў, але гэта вучэнні ўзброеных сіл, а не вучэнні апалчэння. Я, прынамсі, не маю інфармацыі пра тое, што да гэтага робяцца нейкія сур’ёзныя падыходы.

— Год таму, калі пачалася вайна, многія беларусы адначасова з шокам адчулі і кволую надзею. Надзею на тое, што вайна можа скрануць з мёртвай кропкі становішча, у якім апынулася Беларусь. Можа даць яшчэ адно акно магчымасцяў для беларусаў, як бы гэта цынічна не прагучала. Што пра гэта можна сказаць праз год, ці наблізіліся мы да гэтай самай магчымасці, ці ўсё яшчэ пануе нявызначанасць?

— Хутчэй нявызначанасць. Магчыма, тады ў кагосьці і быў спадзеў на тое, што адбудзецца змена дэкарацый, змена ўсяго. І калі летам-восенню мы бачылі контрнаступы на Харкаўшчыне, вызваленне Херсона, то сёння сітуацыя не сведчыць пра тое, што Украіна ўжо заўтра пераможа. Усё больш верагодным працягам выглядае зацяжная акопная вайна. Усе гавораць, што, хутчэй за ўсё, у 2023-м вайна не скончыцца.

У мяне такое ўражанне, што многае з таго, што адбываецца ў Беларусі, у тым ліку і ва ўнутранай палітыцы, гэта наступствы вайны. Беларусь сваім войскам у вайну не ўцягнутая, але логіка крокаў Лукашэнкі такая, што краіна павінна быць забетаніраваная на выпадак, калі краіна будзе ваяваць.

У яго павінна быць поўная ўпэўненасць, нават у пэўным сэнсе больш высокая, чым у 2021-м. У мірны час краіну трэба трымаць у кулаку адным чынам, а на вайне яе трэба сціскаць куды больш моцна.

І тыя зверствы і рэпрэсіі, што ладзяцца ў Беларусі, часткова сведчаць пра тое, што Лукашэнка рыхтуе краіну да варыянту, калі будзе вайна, калі яму давядзецца ваяваць арміяй. І ў гэтым сэнсе, калі згадаць формулу «чым горш — тым лепш», з «чым горш» акурат усё ў парадку. А наконт «чым лепш» пакуль неяк не праглядаецца.

Мне падаецца, асабліва па прашэсці года, зусім не відавочна, што нават пры спрыяльных выніках вайны для Украіны, гэтыя вынікі будуць такімі ўжо спрыяльнымі для Беларусі. Прынамсі для мяне. Магчыма, нехта гэта бачыць інакш. Мы бачым шмат прагнозаў. У тым ліку і пра тое, што калі Пуцін прайграе, то назаўтра сыдзе і Лукашэнка. Можа сыдзе, а можа і не. Зусім не факт.

Зрэшты, я згодны, што многія ўспрымалі год таму пачатак вайны ў якасці чорнага лебедзя. Бо надта ўжо беспрасветная сітуацыя ў Беларусі. І нейкая глабальная змена сапраўды можа паўплываць. Тут мы можам прыгадаць паўстанне БНР у 1918 годзе, і паўстанне Рэспублікі Беларусь у 1991-м. Скажам шчыра, яны адбываліся не толькі дзякуючы высілкам саміх беларусаў. 

Адбываліся, як пісаў Бжэзінскі, з-за зменаў на вялікай шахматнай дошцы. І тое, што зараз адбываецца ва Украіне, гэта тая самая падзея на вялікай шахматнай дошцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(26)