Политика
Таццяна Пціцына, фота Жанны Аўдзеевай

«Для вылучэння ў прэзідэнты ў мяне ёсць істотная хіба. Я паэт» (фота)

Лідэр кампаніі «Гавары праўду» расказаў карэспандэнту «Салідарнасці», чаму не хоча ісці ў прэзідэнты, як людзі ў рэгіёнах рэагуюць на ягоны касцюм і чаму ён напісаў байку пра старшыню Саюза беларускіх пісьменнікаў.

На днях Уладзімір Някляеў завітаў у Слуцк. Там ён сустрэўся на рынку з мясцовымі прадпрымальнікамі, пагутарыў з імі пра надзённыя праблемы і падараваў случакам сваю кніжку паэзіі “Кон”.

“Я прыехаў, каб пагаварыць па праўдзе з тымі людзьмі, якія хочуць па праўдзе жыць, – так абазначыў Някляеў мэту свайго візіту. – Ёсць меркаванне, што беларусы жывуць і нічога не хочуць. Гэта не так. Трэба іх зрушыць да актыўнай грамадзянскай пазіцыі”.

Людзі наракалі на мой касцюм

Лідэр кампаніі “Гавары праўду” падзяліўся ўражаннямі ад сустрэчы з жыхарамі Слуцка. Па яго меркаванні, праблемы, якімі падзяліліся слуцкія прадпрымальнікі, – агульныя для ўсёй краіны – выкліканы адсутнасцю Закону аб малым і сярэднім бізнесе. “Яны вінавацяць міліцыянтаў, якія іх спынілі на дарозе, забралі кашулі ці порткі, вінавацяць дырэктара рынку, які паднімае ім плату… І як толькі яны ўпіраюцца ў столь, якая называецца ўлада, адразу прыгінаюцца. Не дай Бог, галаву адарвуць. Але, як паказывае практыка – я езджу штодня па рэгіёнах– гэтых апасенняў усё меней і меней. Раней на сустрэчах людзі праяўлялі сцярвознасць. Яны крычалі: “Ааа! Вот і ты прыехаў. Паглядзі, у гэтым касцюме, як ты апрануты!”.

Нехта думае, што я прыехаў пастаяць на рынку ў гэтым касцюме, каб на мяне, такога прыгожага, паглядзелі і сказалі, што вось ён як раз і павінен стаць прэзідэнтам…

Кампанія наша дастаткова рухомая і якраз тым, што яна не мае названага кандыдата”.

Не хачу ісці ў прэзідэнты

– Але не выключана, што гэта будзеце менавіта вы?

– На сённяшні дзень я гэтага не толькі, што не выключаю. Проста не хачу. Я думаю, што ўсё-такі ў мяне ёсць вельмі істотная хіба. Усё жыццё для мяне было плюсам тое, што я паэт. У палітыцы гэта мінус.

…Адна з прычын, па якой я не хацеў бы апынуцца ва ўладзе, – неабходнасць эканамічных рэформ. …Чым далей ў глыбінку – тым праблемы вастрэй. У вёсках людзі жывуць як пры цары Гароху: ці на градах, ці ўкраў. Звыклі, п’юць. Страшна, што робіцца на захадзе Беларусі – такога за савецкім часам не было, дзе ўсё-ткі гаспадары.

Пашкевіч мусіць мне падзякаваць, а не крыўдаваць

Не магла не запытацца ў Някляева, ці праўдзівая гісторыя пра старшыню СБП Алеся Пашкевіча, змешчаная ў “Нашай Ніве”.

– Уладзімір Пракопавіч, гэта праўда, што кніжка, якую Ніл Гілевіч перадаваў праз Пашкевіча свайму сябру ў Кіеве нейкім чынам апынулася ў букіністычнай краме?

– Па першае, ёсць жанр – літаратурная байка. І шмат у чым гэты жанр выклікае цікавасць да літаратуры і да літаратараў. Гэта не допіс на Пашкевіча. Можаце па-зямляцку напісаць, што я з вялікай сімпатыяй стаўлюся да Алеся Пашкевіча. Напісаў я гэта праз тое, што ў ім пачала выяўляцца такая рыса як неабавязковасць. Сказаў раз – і забыўся, сказаў два – не зрабіў. Я і напісаў па-сяброўску пра тое, што ён паабяцаў аддаць кніжку і не аддаў, а не пра тое, што ён яе ўкраў. Я б на месцы Алеся, на гэта не крыўдаваў, а падумаў і сказаў “дзякуй”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)