Общество
Аляксандра Дынько, Радыё Свабода

«Для мяне важна адказаць напрыканцы кожнага дня, ці любіла я сёньня дзяцей»

Маладая акторская сям’я Харланчукоў-Южаковых узяла з прытулку браціка і сястрычку. Цяпер у іх двое родных і двое прыёмных дзяцей.

Сям’я Харланчукоў-Южаковых. Ганна, Павал і Адэля

«Я закахаўся ў Ганну і яе мары», — кажа Павал. — «У мяне такі клясны муж, так усё супала здорава», — кажа Ганна.

Ганна Южакова і Павал Харланчук. Абое акторы. Абаім трохі болей за трыццаць. У госьці запрасілі не да сябе, а да бацькоў — у іх у Ратамцы вялікі і прыгожы дом, дагледжаны двор. Свайго жытла ў гэтай сям’і пакуль няма, будуюцца. Зусім хутка будуць жыць недалёка ад Менску. А пакуль перамяшчаюцца паміж Ратамкай і кватэрай Паўлавых бацькоў у Менску.

Мы сядзім проста на газоне, бо дзяўчаткі тут гуляюцца. Старэйшы, Піліп, цяпер у Менску.

Ганна зь дзяцінства марыла мець шмат дзяцей. І абавязкова каб было прыёмнае.

«У маёй сям’і трое дзяцей. Але з намі заўсёды жыла мая стрыечная сястра. У яе мама памерла. Таму чацьвёра нас было. А калі ў Армэніі здарыўся землятрус, мая мама хацела ўзяць яшчэ адтуль дзіцёнка, але не атрымалася ў яе. Мяне гэта вельмі натхніла».

Першае дзіця ў іх зьявілася ў 2007-м. Адэля.

Ганна з Адэляй

У 2006-м шмат хто пачаў пазнаваць Паўла на вуліцы. Ня толькі як актора, хоць ён быў ужо даволі папулярны. Проста СМІ часта пісалі пра «малады талент» з Рускага драматычнага тэатру, які пацярпеў за свае палітычныя перакананьні. У сакавіку 2006-га, калі Кастрычніцкая плошча стала плошчай Каліноўскага і на ёй паўсталі намёты, якія пасьля зьмёў АМАП, Паўла арыштавалі на 10 сутак. Ён стаў амаль героем. А праз паўгода яго звольнілі з тэатру. У тагачасных інтэрвію Павал казаў, што жонка яго вельмі падтрымлівае і яны чакаюць дзіця.

Але ў 2008-м дзяцей у іх ужо было трое. Павал распавядае, што яны шукалі пагодку сваёй Адэлі. «Нам было ўсё адно, хлопца ці дзяўчынку. Знайшлі Івону ў бальніцы, бо да двух гадоў дзеці, ад якіх адмовіліся, у нас валяюцца па шпіталях».

Пра бальніцу Ганна згадвае з болем. «Гэта ўвогуле жах!»

Павал удакладняе, што ўсяго ня ведае, а распавядае толькі тое, што бачыў на ўласныя вочы:

«У палаце ляжаць малыя дзеці. Шэсьць чалавек. І да іх ніхто не падыходзіць. У пэўны час нехта прыйдзе, высаджвае на гаршчок — хочаш, ня хочаш. І ўсё!»

«Мы Івону забралі з такой попай — проста скура была зьнятая! — дадае Ганна. — Там жа ўжо вялікія дзеці. І іх не выпускаюць. Яны да двух гадоў сядзяць у сваіх ложачках!»

Мы Івону захацелі ўжо забраць, сталі зь ёй наладжваць кантакт. А потым нам распавялі, што ў яе ёсьць пяцігадовы брат«.

У новую сям’ю ўзялі і брата, і сястру. Далі новыя імёны — Піліп і Івона. Дзяцей адразу стала трое.

«Трое — гэта лягчэй, чым адзін, я думаю, — разважае Павал. — Адзін дзіцёнак будзе заўжды патрабаваць ад бацькоў шмат увагі».

«Так, калі дзяцей больш, чым трое, — гэта ўжо зусім ня цяжка», — дадае Ганна.

Але ў першы год усё ж было няпроста.

«Дзеці былі складаныя, — тлумачыць Ганна. — Івуська білася галавою аб падлогу. Яна не магла бачыць ваду, нават не магла да яе падыходзіць».

Піліп распавядаў, што ў сям’і дзяўчынку кармілі адным хлебам. А Павал згадвае, што да яго яна баялася падыходзіць. На гэтым цяжкія ўспаміны Ганны і Паўла перарываюцца, і Ганна згадвае, як стала карміць Івону, якой было ўжо год і восем, сваім малаком, як і Адэлю. «Гэта нас так зблізіла», — кажа яна.

Пытаюся, ці не баяцца яны, што калі-небудзь зьявяцца «родныя бацькі» Піліпа і Івоны.

«Я спачатку думаў пра гэта, а пасьля ўжо неяк перастаў», — уздыхае Павал.

Але яны й не хаваюць, што Піліп і Івона — прыёмныя дзеткі. Наадварот, лічаць, што дзецям трэба гэта ведаць. Да таго ж Піліп нешта памятаў. А Івуська была занадта малая.

Івона

«Калі яна стала пытацца: дзе мае дзіцячыя фатаздымкі, мы ёй распавялі. І тады ўжо нашая Адэля сказала: «Я таксама хачу нарадзіцца ў другой цёці!» — са стрыманым сьмехам распавядае Ганна.

Самая малодшая, двухгадовая Алівія, ужо проста купаецца ў любові.

Пра гэтую сям’ю пісалі і распавядалі шмат. Прыклад двух маладых людзей, якія за адным разам сталі шматдзетнымі бацькамі, узяўшы прыёмных дзетак, для беларускай рэчаіснасьці падаваўся дзіўным. Прайшло пару гадоў. Ані Ганна, ані Павал ня проста не шкадуюць і ня скардзяцца, а гатовыя з усімі падзяліцца сваім шчасьцем.

Цяпер Павал — актор Купалаўскага тэатру. Здымаецца ў кіно. Аматары пазнаюць яго па ролі Мікіты Зноска ў экранізацыі «Тутэйшых» Валера Мазынскага. Ганна цалкам аддалася дзецям. З тэатру амаль сышла, пра што зусім не шкадуе. Упэўненая, што жыцьцё зь дзецьмі нашмат больш насычанае і сэнсоўнае, чым тэатральнае. Кажа, што ёй было б мала бачыць дзяцей толькі ўвечары і па выходных. Меншыя дзяўчаткі ў садок ня ходзяць. А Піліп нават навучаецца дома.

Ганна: «Дома вельмі зручна вучыць дзіцёнка. Ты бачыш, што ён пасьпявае, што не пасьпявае, што яму трэба. Зразумела, што школа — гэта 10–20 чалавек, і ім трэба трымацца нейкага агульнага кірунку. А дома я бачу, што Піліп па матэматыцы выдатна ідзе, я магу яму ўскладніць праграму. А вось па расейскай мове яму зусім складана, тут трэба больш займацца».

Ганна лічыць, што пачатковую школу яны пэўна пацягнуць. А можа, і далей будуць дома вучыцца. «Калі нас за 11 клясаў нічому не навучылі, то і нашых дзяцей нічому не навучаць. А калі нас навучылі, то і мы іх навучым».

Відаць, ім ня раз ужо даводзілася тлумачыць, чаму жывуць так, а не інакш.

Ганна: «Вось кажуць, што яны будуць несацыялізаваныя, што яны ня будуць адаптаваныя. Што яны не камунікуюць зь дзецьмі, ніхто іх не паб’е, ніхто ў іх нічога не забярэ... Але ж у сям’і яны, наадварот, будуць больш упэўненыя, бо ніякая настаўніца ня будзе іх любіць так, як я!»

Павал з Адэляй і Івонай

І Ганна, і Павал, і дзеці — вернікі. Пра гэта яны гавораць гэтаксама спакойна і натуральна, як і пра тое, што іхнія дзеці прыёмныя. Разам зь іншымі бацькамі яны ўтвараюць свой верніцкі асяродак.

«Мы там ладзім заняткі для дзетак-дашкольнікаў. Там разнастайнае разьвіцьцё, але патрыятычнае. Вывучаем Біблію, якая была і не мяняецца. Ходзім у царкву. Гэта моцныя сем’і, патрыёты, якія шмат робяць для краіны».

Здаецца, гэтыя людзі прыцягваюць да сябе тое, што ім трэба. Піліпу шукалі настаўніка па гітары. Абавязкова беларускамоўнага. Знайшлі выканаўцу са «Старога Ольсы» — Ільлю Кубліцкага.

«Мы хацелі, каб і тут была беларуская мова і вучыліся па-беларуску, — распавядае Ганна.

Піліп ходзіць на „мастацтва“, і там настаўніца пачала зь ім займацца па-беларуску. А дзяўчаты займаюцца акрабатыкай. І так атрымалася, што ў нас група па акрабатыцы склалася ўся зь беларускамоўных сямей. І там зь імі ўжо таксама сталі па-беларуску займацца».

Гэта пры тым, што сям’я Ганны паходзіць з Расеі. Ані бабулі, ані дзядулі па-беларуску не гавораць. Затое шмат чым дапамагаюць зь дзецьмі. І за гэта Павал і Ганна ім вельмі ўдзячныя.

У тэатры Павал атрымлівае два з паловай мільёны рублёў. Кажа, што заробак у тэатры непараўнальны з ганарарамі за здымкі ў кіно. Ганна за выхаваньне прыёмных дзетак плюс дапамога на дзяцей мае тыя ж два з паловай мільёны.

Павал кажа, што такой сям’і, як у іх, трэба на месяц тры тысячы даляраў. «Людзі думаюць, што калі ў мяне чацьвёра дзяцей, то я ўжо буду за ўсё хапацца, быць нэрвовым. Мне, наадварот, здаецца, што гэта „тыл“. У мяне натуральная матывацыя на жыцьцё. Мне спакойна: прыходзіш дадому, а да цябе дзяўчаткі бягуць, буську дадуць — і ўсё добра. Сям’я — гэта фундамэнт, падмурак, на якім будуецца ўсё астатняе. Я проста не ўяўляю сабе: калі б не было сям’і, то дзеля чаго тады? Якія мары, якія мэты перад сабою ставіць?! Зоркаю стаць?!»

«Для мяне важна адказаць напрыканцы кожнага дня, ці любіла я сёньня дзяцей, кожнага зь іх. Дзеці самі — гэта любоў, радасьць і шчасьце. Дзеля гэтага варта іх мець. Гэтага ня можа быць шмат. Мы хочам яшчэ дзяцей, — упэўнена і шчасьліва кажа Ганна».

«Сына дакладна трэба» — працягвае за ёю Павал.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)