Общество
Мікола Чарняўскі, фота zapraudu.info

Дэпутаты Мінгарсавета пачынаюць думаць пра з’яўленне вуліцы і станцыі метро імя Васіля Быкава

Актывісты кампаніі «Гавары праўду!» ходзяць да дэпутатаў дадому і дабіваюцца, каб яны ўзнялі пытанні наконт ушанавання памяці Васіля Быкава на восеньскай сесіі гарсавета.

Нагадаем, што 12 ліпеня лідэр кампаніі «Гавары праўду! » Уладзімір Някляеў перадаў у Мінгарвыканкам больш за 100 тысяч подпісаў за наданне адной з вуліц Мінску і новых станцый метро імя народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Аднак адказ Мінгарвыканкама быў адмоўны.

Уладзімір Някляеў заявіў, што здавацца з паплечнікамі не збіраецца, і пачаў працаваць з «чалавечым фактрам». Актывісты кампаніі маюць намер асабіста сустрэцца з большасцю дэпутатаў Мінгарсавета (усяго там працуе 57 дэпутатаў), каб пераканаць іх у неабходнасці ўшанаваць памяць Васіля Быкава.

Як паведаміла «Салідарнасці» прэс-сакратар кампаніі «Гавары праўду!» Юлія Рымашэўская, паколькі афіцыйныя прыёмы дэпутаты праводзяць даволі рэдка, то Уладзімір Някляеў з паплечнікамі будзе таксама хадзіць да іх дадому.

Па стане на 25 жніўся актывісты «Гавары праўду!» мелі размову з трыма дэпутатамі.

23 жніўня Уладзімір Някляеў сустрэўся з галоўным доктарам 3-й дзіцячай клінічнай паліклінікі Наталляй Клімовіч і дырэктарам Мастацкага музея Уладзімірам Пракапцовым. Апошні запэўніў Някляева, што будзе лабіраваць сярод астатніх дэпутатаў Мінгарсавета ініцыятыву аб наданні адной з вуліц імя Васіля Быкава. Ён мае намер зладзіць працоўнае паседжанне па гэтым пытанні.

24 жніўня Уладзімір Някляеў з паплечнкамі быў на прыёме ў дэпутата, студэнта Інстытута прадпрымальніцтва і парламентарызму Вадзіма Кудзіна. Малады дэпутат адзначыў, што ён супраць таго, каб кампанія «Гавары праўду!» канфліктавала з Мінгарвыканкамам, і выступае за тое, каб вырашыць праблему належным чынам.

– На 25 жніўня ва Уладзіміра Някляева запланаваны сустрэчы з яшчэ двума дэпутатамі. Галоўная мэта гэтых сустрэч – дабіцца таго, каб на восеньскай сесіі Мінгарсавета было ўзнята пытанне аб наданні адной з вуліц і новых станцый метро імя Быкава, – сказала «Салідарнасці» Юлія Рымашэўская.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)