Дэпутатка Еўрапарламента: «Не кажыце мне пра дыялог! Палітыка ЕС адносна Беларусі даволі рашучая»

Ганна Фатыга — пра адносіны Беларусі і Еўрасаюза.

— Усе пункты пропуску з Беларуссю будуць зачынены, калі ўмовы бяспекі ў Беларусі зменяцца ў горшы бок, — адзначыла дэпутатка Еўрапарламента ад Польшчы, прадстаўніца партыі PiS Ганна Фатыга на Еўрарадыё. — Ёсць вялікая доля гатоўнасці да закрыцця межаў. Было выстаўлена вельмі выразнае патрабаванне да Беларусі — вывад груповак «Вагнера» і выдаленне з польскай мяжы так званых мігрантаў, якіх выпіхваюць беларускія службы.

Мы ўсе ведаем, што гэтых людзей легальна завозіць у Беларусь рэжым Лукашэнкі.

Еўрадэпутатка даволі скептычна разглядае перспектыву дыялогу з рэжымам Лукашэнкі.

— Не кажыце мне пра дыялог! Я шмат гадоў удзельнічаю ў фармаванні законаў Еўрасаюзу, датычных Беларусі. Да гэтага пытання мы ставімся даволі ўпэўнена: не бачу дыскусій на тэмы паслабленняў, асабліва ў цяперашніх умовах. Польшча ўзбройваецца і рыхтуецца да ўсіх сцэнароў.

Палітыка ЕС адносна Беларусі, якую я фармую і, паверце, з дапамогай паправак моцна ўплываю на тое, што выходзіць у дакументах Еўрапарламенту, даволі рашучая.

Мы вельмі доўга назіраем за дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі і яны не змяняюцца за некаторымі выключэннямі, калі былі спробы дыялогу. Але гэта было задоўга да выбараў (2020 года) і вайны ва Ўкраіне.

Да таго ж, польская палітыка паслядоўная: прэм’ер-міністр і прэзідэнт Польшчы сустракаюцца са Святланай Ціханоўскай. У Польшчы мы прымаем вялікую групу палітычных уцекачоў з Беларусі. Гэтыя людзі, бясспрэчна, пераследуюцца і з’яўляюцца палітычнымі ўцекачамі, — падкрэсліла еўрапейскі палітык.

Яна адзначыла, што ў Еўрапарламенце даволі часта падымаецца пытанне Беларусі.

— Многія мае калегі лічаць, што перамога Украіны зменіць агульную сітуацыю. Я не думаю, што Лукашэнка застанецца ва ўладзе пасля перамогі Ўкраіны і, адпаведна, пасля значнага паслаблення Рассіі.

Ключавымі з’яўляюцца беларусы, якія ваююць ва Украіне на ўкраінскім баку супраць РФ. Яны вырашаюць вынік вайны. Перамога Украіны прынцыпова зменіць сітуацыю ў Беларусі.

На мой погляд, цяпер недарэмна паляпшаюцца адносіны паміж украінскімі ўладамі і беларускай апазіцыяй, якая ўсё больш самаарганізоўваецца.

Няма сумневу, што беларусы не падтрымліваюць дзеянняў рэжыму Лукашэнкі. І грамадства таксама самаарганізоўваецца, гэта адбываецца з часоў выбараў. У дакументах Еўрапарламента мы называем Лукашэнку ўзурпатарам, мы не сумняемся ў гэтым.

Я не сумняюся, што трэба ціснуць на рэжым Лукашэнкі праз санкцыі, агучваць справу кожнага асобнага палітвязня. І мы гэта робім.

Зразумела, што ЕС — гэта вялікая тэрыторыя, і сярод іншых ёсць розныя інтарэсы краін-сябровак. Безумоўна, Польшча і краіны Балтыі лідыруюць у прасоўванні і вырашэнні беларускай тэмы.

Ад пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ ва Ўкраіне Лукашэнка асабліва выступае супраць польскай меншасці. Але і мы ў Еўрапарламенце, і польскія ўлады, і польскія дэпутаты намагаемся засяроджвацца не толькі на паляках і людзях польскага паходжання, якія жывуць і змагаюцца за свабоду Беларусі, але і на ўсіх палітычных зняволеных. Мы кажам пра гэта пастаянна.

Вядома, што Лукашэнка ад пачатку гэтай вайны выкарыстоўваў метады, якія пераняў ад Пуціна ў такой фанабэрыі ў адносінах да знешняга свету.

Часам здаецца, што цяпер ён крыху напалоханы, што яму пагражае многа. І мы хочам пасля гэтай вайны дапільнаваць, каб тыя, хто нясе адказнасць за дзеянні, якія адбываюцца на тэрыторыі Беларусі і якія кваліфікуюцца як генацыд, я кажу пра прымусовыя дэпартацыі і дэнацыяналізацыю ўкраінскіх дзяцей, былі пакараныя за супрацоўніцтва з пуцінскім рэжымам.

Мы ўсё гэта адсочваем, збіраем інфармацыю пра ваенныя злачынствы ва Украіне і пра тое, наколькі беларускі рэжым супрацоўнічае з рэжымам Пуціна ў гэтай справе, — сказала Ганна Фатыга.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(27)