Аляксандар Класкоўскі, ”Наша нiва”
Дэмарш Мандэльсона

Эўразьвяз усё ж наважыўся адабраць у Беларусі гандлёвыя прэфэрэнцыі. 5 сьнежня ягоныя экспэрты прагаласавалі «за». Да Калядаў рашэньне могуць ухваліць сталыя прадстаўнікі краінаў ЭЗ. Прычым давесьці справу да лягічнага канца іх заклікаў асабіста камісар Эўразьвязу ў пытаньнях гандлю Пітэр Мандэльсон.

Між тым афіцыйны Менск, камэнтуючы 12 пунктаў ЭЗ, і так пасьпеў ужо закінуць Брусэлю двурушніцтва. Маўляў, на вуснах — мёд, а тым часам робіць сінявокай розныя паскудзтвы. Цяпер прапаганда атрымае новы аргумэнт.

Хаця, нагадвае эканаміст Яраслаў Раманчук, мэханізмы выключэньня запушчаныя даўно. Пытаньне аб уціску прафзьвязаў МАП паставіла яшчэ ў 2004 годзе. У беларускіх уладаў было багата часу, каб давесьці прагрэс у гэтым пытаньні. «Аднае вандроўкі спадарыні Пяткевіч у Жэнэву мала, — кажа Раманчук. — Тым болей што адначасна менавіта праз уціск суполкі незалежнага прафзьвязу галадала Алена Захожая на «Белшыне».

«У Эўразьвязу свая лёгіка, свой альгарытм прыманьня рашэньняў, — кажа палітоляг Алесь Лагвінец. — У межах новай стратэгіі падкрэсьлена, што Эўропа чакае пазытыўных крокаў зь беларускага боку. І мяч цяпер на палове афіцыйнага Менску».

Звыш таго, на думку Лагвінца, у вачох Брусэлю верагоднасьць беларускіх уладаў як перамоўнікаў невысокая.

І сапраўды, уявеце: вось сёньня, прыкладам, спынілі б заходнікі працэс пазбаўленьня прэфэрэнцыяў — а назаўтра атрымалі анучай па твары. І пачуваліся б поўнымі дурнямі.

Са свайго боку, аналітык Андрэй Фёдараў зазначае: гэта лягічна, калі палітыка — у дадзеным выпадку палітыка ЭЗ — спалучае пугу і пернік. Калі на тое пайшло, дык Брусэль крытыкавалі менавіта з-за браку добрай пугі.

Іншая рэч, што скасаваньне прэфэрэнцыяў яшчэ не выглядае фатальна перадвырашаным, дадае Фёдараў.

Сапраўды, Эўразьвяз ужо дэманстраваў нерашучасьць і непасьлядоўнасьць у гэтым (і ня толькі ў гэтым) пытаньні. Дый вылучэньне знакамітых дванаццаці пунктаў шэраг камэнтатараў расцаніў як падгульваньне рэжыму: толькі лепей будзе шантажаваць Маскву!

Ва ўсякім разе, «дэмарш Мандэльсона» — гэта ўжо трохі іншая мэлёдыя.

Брусэль паказвае гатовасьць дзейнічаць паводле выслоўя Пуціна: мухі — асобна, катлеты — асобна.

Небясьпека страты 300 мільёнаў эўра штогод можа падштурхнуць афіцыйны Менск трохі болей уважліва паставіцца да 12 пунктаў Эўразьвязу. Калі ня ўсіх, то хоць некаторых.

Зрэшты, можа стацца і наадварот. Распачнецца яшчэ болей зацятая прапагандовая рыторыка. Непазьбежныя ў любым выпадку эканамічныя цяжкасьці сьпішуць на Мілера з Мандэльсонам ды на Лябедзьку зь Ярашуком. То бок на «Газпром», Брусэль, апазыцыю і незалежныя прафсаюзы. Маўляў, пятая калёна акурат і наклікала санкцыі.

На думку Яраслава Раманчука, паводзіны афіцыйнага Менску пакуль што вызначаюцца нейкай надзеяй на цуд у нафтагазавым пытаньні. А цуду ня будзе. Так што дыялёг з Эўропай патрэбен найперш беларускім уладам.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 0 (оценок:0)