Политика
Аліна Машкова

Дэмакраты з хрысціянскім тварам

Восенню ў Беларусі можа з'явіцца новая партыя «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД). Прадстаўнікі аргкамітэта, які працуе ужо больш за паўтары гады, разлічваюць зрабіць яе хіба што не самай масавай і папулярнай у краіне. Яны не сумняваюцца, што ў хрысціянскай ідэялогіі знойдзецца на беларускай палітычнай глебе шмат прыхільнікаў, як, да прыкладу, у Хрысціянска-дэмакратычнага саюза, які ўзначальвала цяперашні федэральны канцлер Германіі Ангела Меркель, ці ў амерыканскіх рэспубліканцаў, з якіх выйшаў прэзідэнт Джордж Буш.

«У нас сваё бачанне будучыні Беларусі», — адмяжоўваюцца яшчэ не зарэгістраваныя хрысціяне-дэмакраты ад існуючых ужо ў Беларусі партый. Іх не задавольваюць ні ліберальныя, ні кансерватыўныя, ні сацыял-дэмакратычныя ідэі. Яны імкнуцца стварыць на палітычным полі краіны правы цэнтр.

— Мы перакананыя, што моцнае, справядлівае і здаровае грамадства можна будаваць на сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцях і пачуцці патрыятызму, — гаворыць адзін з членаў аргкамітэта па стварэнні БХД Аляксей Шэін. — Мы — за вольны рынак, сацыяльна-адказную эканоміку, за выкананне кожным грамадзянінам асноўных запаветаў: не забі, не крадзі, не хлусі…

— Але Беларусь — не Германія і не ЗША. Ці можна ў, мякка кажучы, не набажнай краіне, разлічваць на масавасць партыі вернікаў?

— Я згодны, што колькасць вернікаў у нас нязначная ў параўнанні з іншымі краінамі, хоць больш за 50% грамадзян гавораць падчас апытанняў, што вераць у Бога. Але мы не ствараем клерыкальную партыю. Мы гатовыя працаваць як з усімі хрысціянскімі канфесіямі, так і з тымі людзьмі, якія ў храм, магчыма, не ходзяць, але прытрымліваюцца хрысціянскіх запаветаў.

— Калі я нічога не блытаю, спроба БНФ на пачатку 1990-х стварыць хрысціянскую партыю правалілася і ў больш зручных палітычных умовах…

— Рабілася ажно тры спробы. Але ўсе яны былі прадыктаваныя імкненнем «забіць» нішу, зрабіць фронт «цэнтрысцкім». Нашыя папярэднікі не спрабавалі працаваць з вернікамі. Мы ж робім асаблівы акцэнт менавіта на працу на месцах і ў рэгіёнах.

— Перш за ўсё сярод святароў, за якімі пацягнуцца вернікі? Мітрапаліта Філарэта таксама агітаваць будзеце?

— Філарэт ды епіскапы павінны выконваць свае абавязкі. Мы будзем працаваць са звычайнымі людзьмі, чые погляды не супадаюць з палітыкай цяперашняга кіраўніцтва краіны: праваслаўнымі, каталікамі, пратэстантамі, прыхільнікамі хрысціянскіх каштоўнасцей...

— І, да таго ж, былымі маладафронтацамі, улічваючы, што члены аргакамітэта выраслі менавіта з гэтай арганізацыі?

— Зусім наадварот. Мы хацелі б прыцягнуць да дзейнасці абсалютна новых людзей — тых, кто раней нават не займаўся палітыкай, але прыйшоў у яе падчас мінулых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбараў. Мы не збіраемся перацягваць людзей з іншых партый. Лічым, што з'яўленне БХД пойдзе на карысць усяму дэмакратычнаму руху ў Беларусі.

— Хто стане лідэрам: Павел Севярынец?

— Кіраваць партыяй будуць некалькі сустаршыняў — прадстаўнікоў розных рэлігійных хрысціянскіх канфесій.

— А калі БХД не зарэгістрыруюць як партыю, што ў цяперашніх умовах цалкам магчыма?

— Мы будзем працягваць работу ў межах аргкамітэта. Гэта не забараняецца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)