Дэйвід Крэймэр: «Сумна, што былі неабходныя гвалт і арышты для таго, каб пазбавіцца ад адносна спадара Лукашэнкі»

Дэйвід Крэймэр, выканаўчы дырэктар арганізацыі Freedom House, былы намесьнік дзяржсакратара па пытаньнях дэмакратыі, правоў чалавека і працы мяркуе, што Захад павінен заняць жорсткую пазыцыю адносна афіцыйнага Менску. Пра гэта гаворыцца ў артыкуле Д. Крэмэра, апублікаваным у The Wall Streat Journal.

Прайшло амаль два тыдні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, і гэтая краіна практычна зьнікла з увагі заходніх сродкаў масавай інфармацыі. Аднак сытуацыя ў краіне застаецца складанай, і больш за 600 грамадзян Беларусі ўсё яшчэ знаходзяцца ў зьняволеньні пасьля разгону ўладамі дэманстрантаў, якія пратэставалі супраць фальсыфікацыяў на выбарах, а таксама супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Сярод затрыманых знаходзяцца таксама сем апазыцыйных лідэраў, якія спаборнічалі са спадаром Лукашэнкам на прэзыдэнцкіх выбарах. Яны былі зьбітыя, у іх дамах і офісах прайшлі ператрусы, а цяпер ім і яшчэ дзясятку іншых удзельнікаў дэманстрацыі пагражае пакараньне ў выглядзе турэмнага зьняволеньня да 15 гадоў за «арганізацыю масавых беспарадкаў».

Нягледзячы на фантазіі некаторых заходніх лідэраў, выбары, якія адбыліся 19 сьнежня, і падзеі, якія адбыліся пасьля выбараў, паказалі, што апошняя дыктатура Эўропы працягвае заставацца такой жа барбарскай, якой яна заўсёды і была. Аднак дзьве рэчы здарыліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году – адна пазытыўная і адна нэгатыўная.

Пазытыўны бок палягае ў тым, што тысячы дэманстрантаў выйшлі на вуліцу, калі выбарчыя ўчасткі ў цэнтры Менску ўжо зачыняліся, і яны хацелі выказаць такім чынам свой пратэст супраць дыктатуры Лукашэнкі. Ніколі раней такая вялікая колькасьць беларусаў ня кідала так адкрыта выклік рэжыму. Гэткая актыўнасьць сьведчыць аб наяўнасьці клопату людзей адносна будучыні краіны незалежна ад таго, зь якой жорсткасьцю ўлады душаць удзельнікаў гэтага руху.

Што да нэгатыўнага боку, то многія на Захадзе апошнія пару гадоў займаліся тым, што выяўлялі нерашучасьць у дачыненьні да спадара Лукашэнкі. Гэта зьмякчэньне пазыцыі пачалося ў кастрычніку 2008 году, калі Эўрапейскі Зьвяз прыпыніў забарону на выдачу віз беларускім афіцыйным асобам, якія маюць дачыненьне да парушэньняў правоў чалавека пасьля фальсыфікацыяў на выбарах 2006 году. Эўразьвяз скасаваў гэтую забарону ў 2008 годзе, нягледзячы на сур'ёзныя парушэньні падчас парлямэнцкіх выбараў, якія адбыліся усяго за тры тыдні да гэтага, і спадар Лукашэнка тады вызваліў усіх палітычных зьняволеных. Вызваленьне людзей, якія знаходзіліся за кратамі, стала магчымым у выніку супольнага ціску з боку ЗША і Эўразьвязу і ўвядзеньня імі ў 2006 годзе санкцый, якія ўключалі ў сябе забарону на выдачу віз беларускім чыноўнікам, а таксама замарожваньне іх банкаўскіх рахункаў. У студзені 2008 году, праз два месяцы пасьля таго, як ЗША ў аднабаковым парадку ўзмацнілі жорсткасьць сваіх санкцыяў, Менск пачаў вызваляць палітычных вязьняў. Але ў канцы 2008 году Эўропа стала аслабляць санкцыі, і празь некаторы час спадар Лукашэнка аднавіў перасьлед сваіх апанэнтаў і крытыкаў, а некаторыя зь іх апынуліся за кратамі.

Пачнём з таго, што многія эўрапейскія лідэры не асабліва віталі санкцыі супраць Лукашэнкі, а, пачынаючы з 2008 году, яны сталі шукаць новыя спосабы ўплыву на беларускага лідэра. Калі адносіны спадара Лукашэнкі зь яго расійскімі партнэрамі пагоршыліся (расейскае тэлебачаньне, якое знаходзіцца пад кантролем дзяржавы, арганізавала бескампрамісную кампанію гэтым летам супраць спадара Лукашэнкі), некаторыя эўрапейскія палітыкі ўбачылі ў гэтым магчымасьць залучыць Менск у сваю эўрапейскую арбіту і адарваць яго ад Расеі. Але праблема гэткага падыходу палягае ў тым, што спадар Лукашэнка – майстар сварыць Захад і Расею, і многія эўрапейцы трапілі ў расстаўленую ім пастку.

За тыдні і месяцы перад апошнімі выбарамі шматлікія эўрапейскія лідэры наведалі Менск і фактычна падтрымалі спадара Лукашэнку, паабяцаўшы яму фінансавую дапамогу ў абмен на правядзеньне свабодных і сумленных выбараў. Спадар Лукашэнка, казалі яны, дае надзею – ён цьвёрда паабяцаў беларусам процідзейнічаць уплыву суседняй Расеі, і ён таксама робіць невялікія крокі ў кірунку лібэралізацыі. Нават ЗША прынялі ў гэтым удзел на саміце ў Казахстане ў лістападзе, калі дзяржсакратар Гілары Клінтан зьмяніла палітыку, якая праводзілася доўгі час, сэнс якой палягаў у тым, каб не праводзіць сустрэчы на высокім узроўні зь беларускімі афіцыйнымі асобамі. У выніку яна падпісала са сваім беларускім калегам пагадненьне па высокаўзбагачаным уране. Толькі ў канцы іх супольнай заявы, якая складалася зь пяці параграфаў, спадарыня Клінтан і міністар замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў коратка згадалі правы чалавека. Тыя людзі, якія азнаёмяцца з гэтай заявай, так і не даведаюцца аб тым, што спадар Лукашэнка тры гады таму выгнаў з краіны амэрыканскага амбасадара і да гэтага часу не дазволіў даслаць яму замену.

Гвалт, зроблены беларускімі ўладамі ў дачыненьні да ўдзельнікаў акцыі пратэсту ў гэтым месяцы, мусіць пакласьці канец усім фантазіям адносна спадара Лукашэнкі і яго атачэньня. Ён і ня думае займацца лібэралізацыяй краіны, паколькі, калі ён пачне гэта рабіць, ён рызыкуе страціць уладу. Ён не зьбіраецца паляпшаць адносіны з Захадам, ён думае толькі аб тым, каб знайсьці процівагу ціску з боку Масквы.

Сумна тое, што былі неабходныя маштабны гвалт і арышты сотняў дэманстрантаў у Менску ў дзень выбараў для таго, каб пазбавіцца ад рамантычных ілюзіяў многіх эўрапейцаў і некаторых амэрыканцаў адносна спадара Лукашэнкі. Эўразьвяз і Злучаныя Штаты не павінны прызнаваць «перавыбары» спадара Лукашэнкі, якія адбыліся ў гэтым месяцы, а Эўразьвязу варта ізноў увесьці ў поўным аб'ёме санкцыі супраць гэтага рэжыму, калі ўсе зьняволеныя ня будуць неадкладна вызваленыя. Спадар Лукашэнка зьяўляецца жорсткім дыктатарам, і ён ніколі ня будзе паважаць волю народу Беларусі. Дэмакратыі ўсяго сьвету павінны стаць на бок беларускага народу, а не на бок апошняга дыктатара Эўропы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)