Профсоюзы
Алена Штраль, Bulletin Online

Даяркі гатовыя выйсьці зь дзяржаўнага прафсаюзу

У сельгаспрадпрыемстве "Марцюхова" заробак даярак за кастрычнік склаў 60 тысяч рублёў. Пражыць на іх аніяк немагчыма. Мясцовы актывіст Мікалай Петрушэнка прапанаваў жанчынам для пачатку выйсьці зь дзяржаўнага прафсаюзу, бо ён нічога ня робіць для выпраўленьня сытуацыі, і стварыць незалежную прафсаюзную арганізацыю.

Сваё незадавальненьне аплатай працы даяркі фермы "Перавалачная" спрабавалі данесьці да самых вярхоў – напісалі ананімны ліст у адміністрацыю прэзыдэнта. Яны распавялі, што кожная зь іх надойвае за дзень у сярэднім па 250 літраў малака, якое ў краме прадаецца амаль па тысячы за літар.

– Муж даглядае наша дзіця, – распавядае даярка Тацяна Пасека, – а я працую. Лічыцца, што ў сям’і пераважна я зарабляю грошы. Штомесяц мы мусім па 30 тысяч выплочваць гаспадарцы за наш так званы "прэзыдэнцкі" дом, асобна трэба плаціць яшчэ за газ і электрычнасьць. Дык ці можна пражыць на такі заробак, як нам выдалі?

Адправіўшы ліст у прэзыдэнцкую адміністрацыю, жанчыны не ўлічылі таго, што "ананімкі" не разглядаюцца. Пратэставаць больш радыкальным чынам яны пакуль не наважваюцца.

Мясцовы актывіст Мікалай Петрушэнка прапанаваў ім зьвярнуццца да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па Талачынскай выбарчай акрузе Ўладзімера Адашкевіча. Дэпутат, які да таго ж зьяўляецца намесьнікам старшыні парлямэнцкай камісіі па правах чалавека, сустрэўся і быў зьдзіўлены, што ў гаспадарцы налічваюцца такія нізкія заробкі. Але канкрэтных захадаў дзеля паляпшэньня сытуацыі даяркі так не адчулі.

Мікалай Петрушэнка параіў жанчынам арганізавана выйсьці зь дзяржаўнага прафсаюзу аграпрамысловага комплексу, які не бароніць іхныя працоўныя правы. Даяркі далі папярэднюю згоду. Аднак у тым, што яны насамрэч наважацца напісаць заявы на выхад з прафсаюзу, Петрушэнка ня пэўны: працаўніцы СПК "Марцюхова" занадта доўга цярпелі тое, што ім плацяць мізэрныя грошы, і многія проста ня вераць у мажлівасьць паляпшэньня свайго становішча.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)