Общество
Юрась Ускоў, «Наша Нiва»

«Давядзецца змяніць усю сістэму»

«У доме кожнага беларуса павінен быць слуцкі пояс» — заявіў Лукашэнка падчас звароту да парламента і народа. «Наша Ніва» спыталася вядомых беларусаў, якое прымяненне слуцкаму поясу яны бачаць у сябе дома.

Яўген Ліпковіч: «Я даўно думаў, што «Мілавіца» мусіць пачаць выпускаць слуцкія паясы. Пры чым адразу да панчохаў. Вось такое прымяненне слуцкага пояса мне вельмі падабаецца».

Адам Глобус: «Ніякага, я не барахольшчык. Я лічу, што слуцкі пояс, вышыванка і саламяны брыль — гэта сувенірная крама. Я не лічу што суверэнітэт і сувенір — гэта сінонімы. Я люблю сучаснасць, а не бутафорыю. Таму ў мяне дома ніколі не будзе слуцкага пояса, толькі калі ў выглядзе фотаздымка ў падручніку па гісторыі мастацтва»

Алесь Пушкін: «Калі б у мяне быў слуцкі пояс, ён бы заняў самае пачэснае месца ў маім доме — побач з абразамі. Але ж гэта нейкая фантастыка! Я лічу, што гэтай фразай Лукашэнка дае каманду на вяртанне да нашых каштоўнасцяў. Мы ўступілі ва ўсе гэтыя саюзы, але вось гэта фраза значыць, што мы мусім прытрымлівацца свайго шляху, традыцый. Я гэтай фразай буду карыстацца пры размовах з мясцовымі чыноўнікамі — калі, напрыклад, патрэбна рэстаўрацыя».

Наста Палажанка: «Пры ўсім маім стаўленні да Лукашэнкі, я б сабе займела слуцкі пояс, але тут варта ўзгадаць, што апошні раз слуцкія паясы прывозілі з Літвы, таму трэба для пачатку, каб краіна мела свае паясы. Калі ж паясы будуць штучныя, то я не думаю, што гэта неяк абудзіць патрыятызм беларусаў. Тым не менш, супраць выступаць я не буду».

Зміцер Вайцюшкевіч: «Я не вельмі ўлавіў гэтую думку, але дакладна магу сказаць, што слуцкі пояс — гэта прыкмета заможнасці, багатага жыцця. Няўжо 500 даляраў заробку — гэта багатае жыццё? Таму да слуцкага пояса ў кожным доме мы не дараслі, затое дараслі да саматканай кашулі — яе могуць дазволіць сабе ўсе беларусы. А каб у кожнага быў слуцкі пояс, давядзецца змяніць усю сістэму».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)