«Давайце не будзем фіксавацца на празрыстых халатах і накладных пазногцях»

Дзіцячы рэаніматолаг, кандыдат медыцынскіх навук Андрэй Вiтушка – пра праект пастановы Міністэрства аховы здароўя пра нормы этыкі і дэанталогіі.

Сваімі ўражаннямі Андрэй Вітушка падзяліўся на старонцы ў Фэйсбуку.

— Да маральна-этычных норм паводзінаў аўтары праекта аднеслі павагу, спачуванне, абавязак быць стрыманымі, калегіяльнымі, дэмакратычнымі, а таксама захоўваць канфідэнцыяльнасць.

Падабаецца дэтальнае апісанне таго, што такое “талерантнасць”, “стрыманасць”, “дэмакратычнасць”. Цешыць, што дэталізавана “калегіяльнасць”, асабліва патрабаванне не дапускаць ацэнак дзейнасці калег у прысутнасці пацыентаў. Гэта важна, бо, на жаль, перыядычна сутыкаюся з медработнікамі, якія панахапаліся ад кепскіх сантэхнікаў абаротаў кшталту: “Што за дэбіл крыварукі вас лячыў раней”.

Трохі напружвае дэфініцыя неканфліктнасці. Яна трактуецца як недапушчэнне канфліктных сітуацый з "неблагоприятными последствиями". Значная частка канфліктаў ініцыюецца не медработнікамі, якія, аднак, могуць быць прызначанымі адказнымі за ўзнікненне канфліктаў. Паняцце “неблагоприятные последствия” – дужа неканкрэтнае. Калі, напрыклад, мы патрабуем ад адміністрацыі закупкі неабходных лекаў, а бюджэтнага фінансавання недастаткова, то разбіральніцтва на вышэйшым узроўні — гэта “неблагоприятные последствия” канфліктнай сітуацыі ці не? Незразумела, з пункту гледжання каго разглядаецца неспрыяльнасць наступстваў — пацыента, лекара ці намесніка па ідэалогіі?

У раздзеле пра нормы ўзаемаадносін з пацыентамі пазначана, што медработнік мусіць выключыць магчымасць уплыву любых палітычных партый і грамадскіх арганізацый на выкананне службовых абавязкаў і рашэнняў, якія прымаюцца. Выдатна — зараз можна будзе абгрунтавана ігнараваць запрашэнні "Белай Русі” ці прафсаюза схадзіць на суботнік замест дзяжурства. З іншага боку, такая фармулёўка нівелюе магчымасць для хоць якога ўплыву прафесійных медычных асацыяцый, якія ў цывілізаваным свеце займаюцца карыснымі рэчамі — напрыклад, распрацоўкай стандартаў і пратаколаў лячэння.

Далёкае ад універсальнасці патрабаванне “Воздерживаться от какой-либо рекламы, относящейся к своей профессиональной деятельности”. Відавочна, аўтары дакумента ўспрымаюць сістэму аховы здароўя як дзяржаўную, ігнаруючы шырокую сетку прыватных стаматалагічных, гінекалагічных, дыягнастычных і іншых кабінетаў і цэнтраў. Інфраструктура аказання медычных паслуг развіваецца і ўключае ў сябе шмат розных установаў, яна перастала быць безальтэрнатыўнай і ўсё часцей ўяўляе з сябе канкурэнтнае асяроддзе. А без рэкламы ў канкурэнтным асяроддзі немагчыма дайсці да патэнцыйнага кліента. Што ж тады будзе рэкламаваць уласнік стаматалагічнага кабінета, як не свае паслугі?

Да таго ж, дзеючы Закон "Аб рэкламе" ужо ўтрымлівае нормы дазволенага і недазволенага пры рэкламаванні медычных паслуг. У гэтым жа аспекце гучыць спрэчна і патрабаванне не дапускаць “извлечения коммерческой выгоды для себя лично или организации здравоохранения”.

Наступны пункт — яшчэ цікавей. Медработнік мусіць “избегать любых действий, подрывающих доверие общества к системе здравоохранения”. Цягне на негалосную забарону любой крытыкі сістэмы. Напрыклад, публічныя сумневы ў эквівалентнасці беларуска-кітайскага і брэндавага інсулінаў — гэта недавер да сістэмы?

На думку аўтараў праекта, медработнік мусіць не дапускаць уплыву на выкананне сваіх службовых абавязкаў асабістых (прыватных) інтарэсаў, калі гэтыя інтарэсы не супадаюць з асноўнымі прынцыпамі дзейнасці сістэмы аховы здароўя. Што гэта за прынцыпы — загадка. У Законе аб ахове здароўя, да якога адсылае па тлумачэнне тэрмінаў дадзеная пастанова, прапісаны толькі прынцыпы дзяржаўнай палітыкі Республікі Беларусь у галіне аховы здароўя (артыкул 3).

Сярод пазітыву пункт, які заклікае не прымяняць (прапагандаваць) метады, якія не адпавядаюць клінічным пратаколам дыягностыкі і лячэння. Калі гэта зацвердзіцца, кожны пацыент зможа спытаць, напрыклад, пра этычнасць рэкамендацый анаферона ці іншых неадназначных прэпаратаў, якія не ўключаны ў пратаколы.

Найшырэй абмяркоўваецца "папсовы" п.7, які тычыцца знешняга выгляду медработніка. Тут рэгулятар нічога не забыў — ні нарошчаныя пазногці (не дапускаюцца) ні матэрыял халата (не мусіць быць празрысты). Прычым усё прапісана настолькі гранічна канкрэтна, што многія каментатары задаюцца заканамерным пытаннем: няўжо іншыя праблемы ў ахове здароўя ўжо скончыліся? Насамрэч, новым тут з’яўляецца хіба што недапушчэнне дэманстрацыі рэлігійных сімвалаў, забарона на рэзкі парфюм (адразу пытанне — што такое “рэзкі”?) і вызначэнне мінімальна дапушчальнай даўжыні халата (не менш як на 2/3 сцягна). Усё астатняе было даўно ўжо адрэгулявана абавязковымі правіламі санэпідрэжыма.

Такім чынам, дакумент неадназначны. Варта прафесійнай грамадзе, у адрозненне ад шырокай грамадскасці, глядзець глыбей: не засяроджвацца на пытаннях абцасаў і манікюру, а аналізаваць сістэмныя наступствы.

Падобна, што ствараецца шырокая рамка для прызнання неэтычнымі любых праяваў незадаволенасці існуючым status quo у беларускай сістэме аховы здароўя. Па сутнасці дадзены дакумент дазваляе любыя сумневы ў правільнасці прынятых рашэнняў і праявы нелаяльнасці да існуючай палітыкі ў ахове здароўя трактаваць як неэтычныя паводзіны.

Узгадаем нядаўнюю нашумелую справу з педыятрам, які праз СМІ падняў праблему адсутнасці спецыяльнага харчавання ў адной сацыяльнай установе. Сваімі дзеяннямі калега парушыў (пры пэўнай трактоўцы) адразу некалькі нормаў, прапісаных у праекце Пастановы.

Для лекараў ва ўсім свеце парушэнне этычных нормаў — цяжкое абвінавачанне з адпаведным сур’ёзным разбіральніцтвам у незалежным камітэце па этыцы медычнай асацыяцыі і ў судзе.

Лічу, што дакумент важны, але яго праект яшчэ «сыры» і патрабуе сур'ёзнага абмеркавання ў прафесійнай супольнасці. Шаноўныя калегі, давайце не будзем, як некаторыя павярхоўныя каментатары, фіксавацца на празрыстых халатах і накладных пазногцях, а прааналізуем магчымыя сітуацыі прымянення гэтых правіл і дашлем меркаванні распрацоўшчыкам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)