Политика
Мікола Чарняўскі

Дашкевічу «шыюць» другую крымінальную справу

Змітру Дашкевічу могуць павялічыць тэрмін зняволення да двух год, заявіла на прэс-канферэнцыі 30 жніўня намесніца старшыні «Маладога фронта» Наста Палажанка. На думку праваабаронцаў, супраць палітвязня ўжываюць катаванні: не даюць спаць уначы і змяшчаюць у камеры з нізкай тэмпературай.

Як паведаміла Наста Палажанка, 24 жніўня са Змітром Дашкевічам у Горацкай калоніі №9 нарэшце змог пабачыцца яго адвакат. Яны размаўлялі праз шкло з дапамогай мабільных тэлефонаў.

Палітвязень мяркуе, што супраць яго рыхтуюць новую крымінальную справу па артыкуле 411 КК РБ, якая прадугледжвае павялічэнне тэрміну зняволення ад году да двух.

Сведчыць пра гэта тое, што па стане на 24 жніўня Зміцер больш за 8 разоў быў падвергнуты адміністратыўным спагнанням. Палітвязень сцвярджае, што рапарты на яго складаюцца шляхам розных правакацый.

Так, намеснік начальніка па аператыўна-рэжымнай працы Аляксандр Лапатка неяк забараніў Дашкевічу спаць у начы і прымусіў усю ноч стаяць на нагах. А на раніцу ў здзеклівым тоне прапанаваў ісці на працу. Зміцер, які ледзь стаяў на нагах, ад гэтага адмовіўся, і ў чарговы раз быў падвергнуты спагнанню і карцэру.

На думку дырэктара інфармацыйна-асветніцкай установы «Платформа» Андрэя Бандарэнкі, ускосным доказам падрыхтоўкі новай крымінальнай справы ёсць і тое, што палітвязень знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу (ПКТ).

Андрэй Бандарэнка, Наста Палажанка, праваабаронца Алена Танкачова

Дзеянні, якім падвяргаецца Зміцер Дашкевіч, праваабаронцы называюць катаваннямі.

Так, у ШЫЗА і памяшканні камернага тыпу (ПКТ), дзе знаходзіцца Дашкевіч, спаць уначы з-за вельмі нізкай тэмпуратуры амаль немагчыма. У прыватных лістах сябрам Зміцер адзначыаў: «Галоўнае перажыць міжсезонныя халады, калі ты гадзіну спіш – а паўгадзіны адсіскаесся, разганяючы кроў па жылах». У летні час ён папрасіў нявесту Насту Палажанку перадаць яму пальчаткі.

– Тое, што адбываецца са Змітром – катаванні. Гэта грубае парушэнне правоў чалавека, – лічыць Андрэй Бандарэнка.

– Адміністрацыя калоніі не тое, што не адчувае за сабою нейкі кантроль, а дазвяляе сабе беззаконнасць і бясчынства, – упэўнена Наста Палажанка. – У мяне адчуванне, што Змітра Дашкевіча спецыяльна накіравалі ў Горацкую калонію №9. Як я зразумела з лістоў Змітра, увесь той жах, які адбываецца ў калоніі, з’яўляецца там нормай.

Наста Палажанка і праваабаронцы спадзяюцца, што Генпракуратура, нарэшце, адрэагуе на інфармацыю, што паступае з калоніі, і распачне праверку.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)