Выборы-2020

Віталь Цыганкоў

Дашкевіч: Людзі, якія «вылучаюцца» ў прэзыдэнты, нават не гавораць пра зьмену ўлады

Палітычны актывіст Зьміцер Дашкевіч на Радыё Свабода заяўляе, што сёньняшнія лідэры апазыцыі ня любяць адзін аднаго, ацэньвае самастойнасьць вылучэньня Цапкалы і Бабарыкі і дае свой адказ на вечнае пытаньне «што рабіць».

— У Беларусі пачалася выбарчая кампанія. І нярэдка людзі, якія нават выступаюць за байкот ці няўдзел у выбарах, выкарыстоўваюць кампанію як нагоду для «кіпішу», пэўнай палітычнай актыўнасьці.

Але вы апошнім часам, як выглядае, у сваёй грамадзка-палітычнай дзейнасьці канцэнтруецеся выключна на курапацкай варце. То бок і гэтыя выбары для вас пройдуць незаўважна?

— Гэта, вядома, ня выбары, і ніколі выбарамі не былі. Гэта палітычная кампанія. І гэтая кампанія істотна адрозьніваецца ад тых, у якіх апазыцыя спрабавала ўдзельнічаць раней. Самае галоўнае адрозьненьне — раней (было гэта ўтопіяй ці не) апазыцыя заяўляла, што яна змагаецца за ўладу. Асабіста я да 2010 году ў гэта верыў і быў перакананы, што калі б грамадзтва і палітыкі праявілі волю — гэтую ўладу можна было б узяць.

Але сёньня пра зьмену рэжыму людзі, якія зьбіраюцца балятавацца, нават не гавораць. Нехта «на разагрэў», нехта «ўмацаваць свае структуры» пад назвай «партыя». Што заўгодна, але толькі ня зьмена ўлады, зьмены ў краіне. Для чаго на гэта марнаваць час і сілы — вялікае пытаньне. Таму ня бачу ніякага сэнсу для сябе займацца гэтым глупствам.

— Аднак падчас гэтай кампаніі на авансцэну выходзяць новыя сілы, новыя ўдзельнікі — выхадцы з намэнклятуры і блогеры. Як вы ставіцеся да блогераў (напрыклад, Ціханоўскі, Сьпірын), якія заяўляюць пра свае палітычныя намеры?

— З аднаго боку, добра, калі чалавек «прачынаецца» і вырашае, што трэба нешта мяняць у краіне. Але ў большасьці сваёй гэта ўтапісты, якія не разумеюць рэальнага стану рэчаў, слушна не ацэньваюць свае сілы, структуры рэжыму. Таму шкада будзе людзей, якіх яны ўцягнуць, падвядуць пад рэпрэсіі, перасьлед.

— Улада, аднак, убачыла ў іх пагрозы. Можа, ня столькі канкрэтна ў блогерах, колькі ў тых патэнцыйных пратэстах, якія яны могуць узначаліць. Ужо затрыманыя і пакараныя арыштамі ці штрафамі каля сотні чалавек, якія проста прыходзілі на сустрэчы з блогерамі ці выказвалі салідарнасьць.

Улада робіць усё, каб спыніць пратэст у зародку — значыць, яна адчувае і баіцца, што ён можа стаць масавым?

— У аўтарытарным рэжыме любы рух, пратэст, калі яго дазволіць, калі даць яму разьвіцца, рана ці позна набярэ дастатковую вагу, каб кінуць выклік уладзе. Калі даць гэтым людзям свабодна выказвацца і зьбірацца, то гэта можа нарастаць і стварыць праблемы, тым больш у выбарчы час.

Тым больш у сытуацыі, калі людзі пачынаюць абурацца ўладай ужо ня толькі на кухнях, а і ў грамадзкіх месцах. Я сутыкаюся з гэтым штодня, чаго я раней ня бачыў. Таму рэжым хоча перастрахавацца.

— А ў чым, у якой форме можа сябе праявіць гэтае нездавальненьне людзей уладай? Куды магчыма ім накіраваць сваю энэргію пратэсту, калі ў выбарах вы ня бачыце сэнсу ўдзельнічаць?

— Фактычна вы задаяце пытаньне «Што рабіць?». Я пра гэта казаў і раней, у тым ліку і Свабодзе. Ёсьць шмат рэчаў, якія трэба рабіць, якія будуць нас збудоўваць, натхняць і рыхтаваць перамены. Мы можам паўсюль размаўляць па-беларуску. Мы можам прыйсьці ў Курапаты і падтрымаць варту.

Апошнія гады было некалькі эпахальных падзей, якія засьведчылі, што нават у сьціснутых умовах, у якіх жыве цяпер грамадзянская супольнасьць, можна адзін аднаго натхняць і падтрымліваць.

Наша галоўная задача — застацца пры памяці і пры сілах у дзень, калі Лукашэнкі ня будзе. З пазытыўных рэчаў можна ўзгадаць БНР100, перапахаваньне Каліноўскага, Курапаты, калі высілкамі невялікай колькасьці людзей можна зрабіць рэчы, якія даюць сілу. На гэтым я б параіў сканцэнтравацца людзям, якія могуць гэта пачуць.

На тых рэчах, якія будуць нас яднаць і натхняць. А не на тых, пасьля якіх мы крычым — «а, зноў асудзілі, пабілі, затрымалі». А потым — адзін зьехаў, другі закрыўся, і гэтак далей.

Энэргія ў народзе, якая цяпер закіпае, можа быць накіраваная ў пазытыўнае рэчышча. Праблема, што палітычныя лідэры дваццаць гадоў раскідваюць камяні, а ня думаюць пра тое, каб іх зьбіраць.

— Статусная апазыцыя правяла працэдуру праймэрыз, але яна скончылася ня вельмі ўдала, і ў якасьці прычыны названая пандэмія каранавірусу...

— Галоўная прычына, чаму так усё скончылася, у тым, што там сабраліся людзі, якія адзін аднаго даўно ня любяць (скажам дыпляматычна), адзін аднаму даўно не давяраюць. Але нехта ім сказаў — «рабяты, вам трэба зараз вось гэта правесьці». Гэта адпачатку была ўтапічная ідэя.

Мы за 26 гадоў назіралі дзясяткі такіх кампаній, калі апазыцыя сядае за адзін стол, цалуюцца, абдымаюцца, іхныя твары на першых старонках незалежнай прэсы — «нарэшце аб’ядналіся». Але потым усё сканчаецца адным і тым жа.

Я даўно прыйшоў да высновы, што ня трэба нікога аб’ядноўваць, ні да кога ісьці. Трэба рабіць тое, што ты можаш рабіць. Калі гэта будзе годная справа, людзі цябе падтрымаюць. У 2016 годзе мы абаранялі Курапаты ад новага забудоўшчыка. Ні з кім не аб’ядноўваліся, за круглыя сталы не сядалі.

Прыйшлі і проста леглі ў гэтыя лужыны — і потым там сабралася ўся апазыцыя. Таму ня трэба спрабаваць аб’яднаць вожыка, вужаку і жабу. Трэба рабіць годную справу, і людзі далучацца.

— У праймэрыз удзельнічаў і Павал Севярынец, які трошкі адрозьніваецца ад іншых апазыцыйных лідэраў і які, магчыма, бліжэйшы да вас паводле біяграфіі і палітычных поглядаў. Як вы ўспрынялі ягоны ўдзел у гэтай працэдуры?

— Я лічу, што гэта адпачатку была дурная ідэя, акт палітычнага самагубства. Чалавек стрэліў сабе ў нагу. Не хачу гэта больш камэнтаваць.

— Гэтая кампанія таксама адметная тым, што зьявілася некалькі патэнцыйных кандыдатаў (Цапкала, Бабарыка), якіх можна ўспрымаць як выхадцаў з кіроўнай эліты, з даволі высокім статусам. Ці лічыце вы іх вылучэньне самастойным рашэньнем альбо часткай паліттэхналёгіі ўлады?

— Зыходзячы з таго, што мы бачым у Беларусі 26 гадоў — я думаю, што Лукашэнка і ягоны паліцэйскі рэжым ня здатныя на такую тонкую гульню. Тым больш у сытуацыі, калі палітычная апазыцыя самазьнішчылася. І тут раптам для чагосьці трэба Цапкала... І безь яго намалююць любую яўку і працэнты.

— Мінулы, 2019 год прайшоў пад знакам «пагрозы незалежнасьці». Але цяпер гэтая тэма неяк забылася пад каранавірусам і прэзыдэнцкай кампаніяй. Ці застаецца гэтая тэма актуальнай, асабліва на фоне таго, што ў Беларусі, як некаторыя лічаць, пачынаецца сыстэмны крызіс?

— Пакуль Беларусь суседнічае з імпэрыяй, выклік для беларускай незалежнасьці заўсёды быў, ёсьць і будзе. Але я зыходжу з таго, што творца гісторыі — Бог. Беларусь — гэта парадокс гісторыі.

Нас тут не павінна было быць, калі разважаць, колькі год нас выразалі, зьнішчалі, палянізавалі, русыфікавалі. Але мы тут ёсьць. І не для таго, каб раптам Беларусь зьнікла. Мы ёсьць, былі і будзем з пэўнымі выклікамі, да якіх трэба рыхтавацца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(42)