Das ist fantastisch, Aляксандар!

З размовы, нібыта перахопленай беларускімі спэцслужбамі, у якой заходнія палітыкі абмяркоўваюць плян атручэньня Навальнага і адхіленьня ад улады Лукашэнкі, пасьмяяліся, здаецца, усе, піша Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.

Ужо «Кракадзіл» брэжнеўскіх часоў не дазваляў сабе такіх прымітыўных памфлетаў; за Сталінам, у гады барацьбы з касмапалітызмам — так, было. Суправаджалася карыкатурай з капіталістам і ЦРУшнікам, пры гэтым буржуін абавязкова быў зь вялікім пузам, у цыліндры, клятчастых штанах і з цыгарай, а ЦРУшнік — у чорных акулярах.

Але пасьля сьмеху з дыялёгу, ніжэйшага за ўзровень калгаснага драмгуртка, прыходзіш да сумных высноваў.

Магу, вядома, памыліцца, але Лукашэнка падаўся мне ў размове зь Мішусьціным шчырым. У тым сэнсе, што ён верыў у праўдзівасьць той інфармацыі, якую атрымаў.

Ад каго атрымаў? Ну, пэўна, ад службы, якой ён цалкам давярае.

І якая кладзе яму на стол тое, у што ён сам хоча верыць. Вельмі хоча.

Гэткія «расшыфроўкі» арганічна кладуцца ў карціну падзеяў, даўно і трывала сфармаваную ў сьвядомасьці Лукашэнкі: гэта не абураны народ, які патрабуе, каб яго голас пачулі, выходзіць на плошчы ,— а ці то праплачаныя Захадам, ці то ачмураныя заходняй жа прапагандай.

А мы яшчэ зьдзіўляемся, чаму ён раптам перакінуў корпусы з усходу на захад. Пэўна, «перахапілі» размову Бэрліну з Варшавай:

«Анджэй, чэсьць! У бундэсвэру танкі — хуткія, F-16 — запраўленыя! Як ты наконт таго, каб адхапіць палову Беларусі?»— «Das ist fantastisch, Ангела! Das ist fantastisch!»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(69)