«Дапамажыце, мама ляжыць без галавы!» Новыя ахвяры вайны ва Ўкраіне

Двое дзяцей засталіся сіротамі ў выніку суботняга абстрэлу ўкраінскага гораду Аўдзееўка, разьмешчанага на лініі судакрананьня з войскамі так званай «Данецкай народнай рэспублікі».

7-гадовая Жэня і 4-гадовая Саша — дзяўчаты, якія засталіся сіротамі пасьля абстрэлу Аўдзееўкі ў суботу, 13 траўня

Артылерыйскі снарад трапіў у двор прыватнага дома ўвечары ў суботу. Да мінулых выходных тут ўжо больш за год ніхто ня жыў — гаспадыня, Алена Асланава, зьехала ў Кіеў зь дзецьмі (дачкой Жэняй, якой цяпер 7 гадоў, і сынам Арцёмам, якому споўнілася 27) неўзабаве пасьля пачатку актыўных баявых дзеяньняў у Данбасе. На травеньскія сьвяты яна вырашыла на некалькі дзён вярнуцца ў Аўдзееўку, каб праверыць дом і пабачыцца са знаёмымі. Гэтая паездка зрабілася для яе фатальнай.

Вечарам у суботу, 13 траўня, Алена Асланава зь сябрамі сабраліся ў двары свайго дома, разьмешчанага ў старой Аўдзееўцы, у прыватным сэктары. У госьці прыйшлі яе кумы, жонка і муж — Вольга Курачкіна і Алег Барысенка, а таксама знаёмая — мясцовая жыхарка Марыя Дзікая і яе 4-гадовая дачка Саша. Пяцёра дарослых сядзелі ў альтанцы на вуліцы і смажылі шашлык. Дзяўчаты, Саша і Жэня, глядзелі мультфільмы ў доме (гэта, мяркуючы па ўсім, і выратавала іх ад гібелі).

Кадры з месца абстрэлу, які адбыўся каля 7 гадзін вечара, апублікаваў у сябе ў фэйсбуку начальнік паліцыі Данецкай вобласьці Ўкраіны Вячаслаў Аброськін («прадавец кураціны» — адсылка да «даваеннай» працы цяперашняга лідэра «ДНР» Аляксандра Захарчанкі):

У выніку выбуху чатыры чалавекі — Алена Асланава, Вольга Курачкіна і Алег Барысенка, Марыя Дзікая — загінулі на месцы. Сын Алены Аслановой Арцём атрымаў цяжкае раненьне галавы і быў дастаўлены на верталёце ў бальніцу ў Дняпры. Цяпер ён знаходзіцца ў коме.

У Вольгі Курачкінай і Алега Барысенкі засталася сіратой ня толькі 4-гадовая дачка (пасьля таго, што здарылася, яна дагэтуль ня можа гаварыць), але і дарослы сын. Ён жыве ў Данецку, вучыцца ў інстытуце і пакутуе на цяжкае хранічнае захворваньне.

4-гадовую Сашу ўначы таго ж дня забрала да сябе бабуля. 7-гадовую Жэню — цётка. Абедзьве яны пакуль у Аўдзееўцы, прычым дамы і кватэры сваякоў, якія прытулілі ў сябе сіротаў, знаходзяцца яшчэ ў больш небясьпечных раёнах, чым той, дзе загінулі іх бацькі.

Назіральнікі АБСЭ 14 траўня аглядаюць месца выбуху

Украінскія ўлады абвінавацілі ў абстрэле сэпаратыстаў «ДНР» і кваліфікавалі тое, што адбылося як тэракт, прадстаўнікі «ДНР» заявілі, што Аўдзееўку абстралялі «баевікі Правага сэктара». Афіцыйных камэнтароў місіі АБСЭ ў Данбасе па пытаньні аб напрамку, зь якога вёўся абстрэл, пакуль не прагучала. Паводле вэрсіі Украіны, зыходнай кропкай стрэлу быў пасёлак Спартак, заняты сэпаратыстамі, паводле вэрсіі «ДНР» — сяло Вадзяное, якое знаходзіцца пад кантролем украінскай арміі.

Аднымі з першых на месцы трагедыі апынуліся валянцёры гуманітарнай місіі «Пролиска». Яе кіраўнік, Яўген Каплін, расказаў Радыё Свабода пра ўбачанае імі на месцы падзеяў:

— Абстрэл адбыўся ў суботу, 13 траўня, каля 19 гадзінаў вечара, у прамежку з 19:00 да 19:10. Спачатку гараджане чулі адзінкавыя пралёты снарадаў. Затым паступіла інфармацыя, што адзін з снарадаў трапіў па адрасе вул. Піянэрская (пасьля перайменаваньня яна называецца вуліца Сапронава), дом 53. У гэты момант у доме знаходзіліся тры сямʼі мірных жыхароў. Адна зь семʼяў — гэта была гаспадыня дома. Да гэтага некаторы час яна знаходзілася ў Кіеве, куды яна выехала разам са сваёй дачкой. Яны прыехалі на травеньскія сьвяты паглядзець, што з іх домам. У гэты момант да іх прыйшлі іх кумы і суседзі, яшчэ дзьве сямʼі мірных жыхароў. Яны, наколькі мне вядома, смажылі шашлык у альтанцы на ўчастку. Гаспадыня дома, Алена Асланава, загінула на месцы. Там жа знаходзіўся яе старэйшы сын Арцём. Ён у дадзены момант знаходзіцца ў Дняпры ў бальніцы Мечнікава. Адразу пасьля абстрэлу ён быў шпіталізаваны спачатку на хуткай дапамозе, а потым сіламі санітарнай авіяцыі ў бальніцу ў Дняпро. Наколькі мне вядома, у дадзены момант ён знаходзіцца ў коме другой ступені. Лекары спрабуюць вярнуць яго да жыцьця. У яго вельмі моцна пашкоджаны галаўны мозг. Як пісаў у фэйсбуку намесьнік галоўнага лекара бальніцы Мечнікава, такой колькасьці аскепкаў і жалеза ў галаве яны не бачылі за ўсе тры гады вайны. Унутры дома была дачка Алены, 7-гадовая дзяўчынка Жэня. Пасьля падзеяў на месца выехалі прадстаўнікі нашага гуманітарнага штаба «Пролиска». Калі яны прыехалі на месца, яны ўбачылі гэтую дзяўчынку, што бегла па вуліцы і крыклівую: «Дапамажыце! Дапамажыце! Там ляжыць мама без галавы». Дзяўчынка засталася сіратой. На дадзены момант яна пражывае ў стрыечнай цёткі загінулай. Яна жыве там жа, у Аўдзееўцы, у раёне, набліжаным да прамзоны.

Яшчэ адна сямʼя — гэта сямʼя Марыі Дзікай. Яна 1983 года нараджэньня, супрацоўніца Аўдзееўскага коксахімічнагага заводу. Яна таксама загінула падчас абстрэлу. У яе засталася дачка Саша, 4,5 гады. На дадзены момант дачка жыве з маці загінулай, са сваёй бабуляй. Жывуць яны ў кватэры па вуліцы Варабʼёва, гэта першая лінія вышынных дамоў, якая глядзіць прама на данецкі аэрапорт. Досыць ужо небясьпечнае месца. Ім пад балькон за час вайны ўжо неаднойчы прыляталі снарады. У іх выбіла вокны ў кватэры, часткова пашкоджаны перакрыцьці. Цяпер адміністрацыя паабяцала адрамантаваць гэтую кватэру і дапамагчы бабулі ўсталяваць апеку над дзіцем. Але гэта таксама небясьпечнае месца для пражываньня.

Трэцяя сямʼя, якая знаходзілася на месцы, гэта Вольга Курачкіна і Алег Барысенка. Яны таксама былі забітыя падчас абстрэлу. У іх застаўся сын у Данецку. Наколькі мне вядома, ён вучыцца на другім курсе. Сыну 18 гадоў. У яго хранічнае захворваньне, зьвязанае з дыхальнымі шляхамі. Загінулыя актыўна дапамагалі сыну. Ён таксама застаўся сіратой пасьля гэтай трагічнай падзеі.

Паводле папярэдніх дадзеных, якія мы маем ад сумеснага Цэнтру па кантролі за каардынацыяй спыненьня агню, быў залёт снарада ствольнай артылерыі калібрам 120 мм. Зь семʼямі размаўлялі супрацоўнікі нашага гуманітарнага штабу «Пролиска». Па стане на ўчорашні дзень яшчэ ніякай прадметнай дапамогі не было. Нашым штабам было прынятае рашэньне выдаткаваць на пахаваньне пасільную дапамогу. Мы вылучылі па 2000 грыўняў кожнай сямʼі для арганізацыі пахаваньня. Таксама мы плянуем у найбліжэйшы час накіраваць псыхолягаў ў горад для працы зь сямейнікамі пацярпелых, зь дзецьмі. Пра гэта вельмі прасілі пацярпелыя. У аўторак, заўтра, плянуецца адпяваньне загінулых і правядзеньне пахаваньня на тэрыторыі гораду Аўдзееўка.

— Ці ёсьць нейкія вэрсіі наконт таго, зь якога боку быў прылёт?

— Тэму прылётаў я не ўпаўнаважаны камэнтаваць. Тым ня менш, на месцы былі прадстаўнікі сумеснага Цэнтра па кантролі за каардынацыяй спыненьня агню, прадстаўнікі АБСЭ, гэта значыць, яны фіксавалі кірунак прылёту. Я думаю, што гэта павінна быць паказана ў найбліжэйшай справаздачы АБСЭ.

— Што гэта за раён? Наколькі блізка ён знаходзіцца да месцаў пастаянных баёў — напрыклад, да аўдзееўскай прамзоны?

— Гэта старая частка Аўдзееўкі, даволі расьцягнутая. Часткова яна прымыкае непасрэдна да прамзоны, а ёсьць раён больш аддалены. Гэта быў раён, які якраз не прымыкае да лініі судакрананьня, гэта даволі тылавы раён, які ад лініі судакрананьня знаходзіцца на адлегласьці 6,5–7 км.

— Гэта быў адзінкавы стрэл? Ці ў гэты ж час у Аўдзееўцы разарваліся снарады недзе ў іншых месцах, проста абышлося без ахвяр?

— Да моманту абстрэлу і ўначы пасьля абстрэлу былі перастрэлкі на ўскраінах, больш набліжаных да прамзоны на ўскраіне горада. Там таксама былі разрывы снарадаў, але абышлося без ахвяраў. Яны былі больш па пазыцыях, дзе знаходзяцца вайскоўцы. Прылёт дадзенага канкрэтнага снарада адбыўся ў той частцы горада, дзе ваенных пазыцый не было.

— Яўген, апошні раз мы з вамі размаўлялі ў лютым, калі ў выніку абстрэлаў Аўдзееўкі загінулі восем мірных жыхароў. І вось за адну ноч адразу палова ад гэтай колькасьці. Што адбылося? З чым можа быць зьвязана гэта раптоўнае абвастрэньне?

— Папярэдняя эскаляцыя ў Аўдзееўцы пачалася ў апошнія дні студзеня. 26-29 студзеня была самая вострая фаза, якая доўжылася па 5 лютага. Потым сытуацыя ў горадзе пачала трошкі наладжвацца, але сказаць, што горад ахапіла поўная цішыня, гэта не зусім карэктна. За люты, сакавік і красавік у горадзе каля месяца, то бок на працягу 30 каляндарных дзён, не было электраэнэргіі. Пастаянна праходзілі баявыя дзеяньні, перабівалася лінія электраэнэргіі Макееўка — Аўдзееўка, якая падае электраэнэргію. Рамонтнікі, наколькі маглі, апэратыўна выяжджалі на рамонты, але часам ад 2 да 5 дзён горад сядзеў без электрычнасьці. Потым электраэнэргія зьяўлялася.

Так было зь лютага каля сямі разоў. Рамантавалі даволі доўга, таму што рамонтнікі не маглі атрымаць гарантыі сумеснага Цэнтру па кантролю за каардынацыяй спыненьня агню, каб выехаць туды і праводзіць рамонтныя работы. Калі ў горадзе не было электраэнэргіі, то не было і вады. Таму што акрамя электраэнэргіі была абясточаная Данецкая фільтравальнай станцыя, якая падае ваду ў горад.

І ў сакавіку, і ў красавіку, і ў пачатку траўня ў нас фіксаваліся прылёты па жылых дамах, у асноўным у частцы горада, якая прымыкае да прамзоне. Таксама былі прылёты па вышынных жылых дамах у сакавіку і красавіку. Немагчыма спрагназаваць, калі адбудзецца прылёт, але, так ці інакш, у нас не было ніводнага спакойнага тыдня ў Аўдзееўцы, каб трымалася поўная цішыня, каб ніхто не страляў, і снарады не даляталі да жылога сэктару. Усяго з пачатку гэтай хвалі эскаляцыі, якая адбылася ў канцы студзеня, толькі па нашых дадзеных, у горадзе разбурана больш за 600 жылых дамоў і прыватных кватэр у шматпавярховых дамах. 18 чалавек атрымалі раненьні і кантузіі рознай ступені цяжкасьці. Гэта я кажу пра цывільнае насельніцтва. Ад моманту пачатку эскаляцыі восем цывільных асобаў памерла, загінула 2 супрацоўнікі МНС (адзін адразу падчас прылёту ў лютым, другі пазьней памёр у бальніцы ад несумяшчальных з жыцьцём раненьняў). Раненьне таксама атрымаў брытанскі журналіст, які падчас абстрэлу 2 лютага знаходзіўся ў кватэры мірнай жыхаркі, якая пры гэтым загінула.

— Дзеці, якія засталіся сіротамі пасьля суботняга абстрэлу, пераехалі ў паўразбураныя дамы і кватэры ўсё ў той жа Аўдзееўцы. Ці ёсьць нейкая магчымасьць вывезьці іх з горада, перавезьці ў нейкае больш бясьпечнае месца?

— Гэтыя сям’і ў дадзены момант знаходзяцца пад патранажам нашай каманды. Так, мы будзем весьці перамовы з сваякамі на прадмет таго, ці жадаюць яны выехаць з небясьпечнай зоны куды-небудзь у больш тылавую частку Данецкай вобласьці. Мы дапаможам сабраць грошы на набыцьцё новага жыльля. Усе гэтыя размовы з сваякамі будзем весьці пасьля таго, як адбудзецца пахаваньне. Таксама да нас зьвярталіся людзі па дапамогу псыхолягаў. Яны прасілі, каб у іх была магчымасьць пагаварыць з псыхолягамі пасьля арганізацыі пахаваньня. Усю гэтую працу мы будзем весьці. Калі будзе жаданьне сваякоў з пакінутымі ў жывых дзецьмі выехаць некуды на больш бясьпечную тэрыторыю, мы... Дзяржаўных праграмаў, на жаль, па прадастаўленьні новага жыльля для гэтых семʼяў няма, але мы маем практыку. Мы ўжо для пяці семʼяў куплялі дамы за кошт прыватных ахвяраваньняў, сабраных на Фэйсбуку. Таксама і гэтым семʼям дапаможам купіць дамы, калі будзе іх жаданьне адсюль зьехаць, — кажа Яўген Каплін.

***

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, які праз тое, што здарылася ў Аўдзееўцы, адмяніў наведваньне фіналу конкурсу «Эўрабачаньне», усклаў адказнасьць за трагедыю непасрэдна на прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна: «Варта было б расейцам, Пуціну паглядзець у вочы гэтым дзецям і паглядзець, што адбываецца праз нежаданьне Расеі спыніць агонь, адвесьці войскі і вывесьці акупацыйныя войскі з украінскай тэрыторыі», — сказаў ён журналістам. Тым ня менш, украінскі прэзыдэнт па-ранейшаму ўпэўнены, што ў прымусовай эвакуацыі мірных жыхароў з Аўдзееўкі патрэбы няма, паколькі радыюс далёкасьці расейскай рэактыўнай артылерыі перавышае 140 кілямэтраў. Парашэнка таксама распарадзіўся адрамантаваць жыльлё сваякоў асірацелых дзяцей і заявіў, што ўлады краіны «прымуць удзел у іх жыцьці».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)