Общество
Сямён Печанко

«Да канца года ад тых манет адзін звон застанецца»

З выпадкова падслуханага і падгледжанага.

— Праз пару дзён пачнём манетамі звінець! — усміхаецца прадавачка.

— І чаму вы радуецеся? Гэта ж столькі праблемаў людзям будзе! — не падзяляе аптымізму суразмоўніцы пакупніца.

— І не кажыце! Да канца года ад тых манет адзін звон застанецца. Стабільнасці ніякай, цэны растуць, як захочуць, — далучаецца да размовы пенсіянерка.

Нейкі час жанчыны маўчаць, але прадавачка не губляе надзеі:

— Нічога, спачатку будзе цяжкавата, але мы хутка прызвычаімся!

— І то праўда, мы ж беларусы, — згаджаюцца жанчыны.

***

— Мама, ты такая дурніца! — сур’ёзным тонам кажа маленькі хлопчык маладой жанчыне. Тая не марудзіць з адказам:

— Ну, канечне, дурніца. Раз такога паўдурка выгадавала!

Абое дагледжаныя, прыстойна апранутыя. І гэтая неадпаведнасць фасада інтэр’еру лішні раз нагадала мне, што не ў багацці справа.

***

Каля пад’езда з’яўляецца аб’ява. Я не паспяваю яе прачытаць, як чую за спіной голас суседкі:

— Што там ужо напісалі, мо ваду адключаць будуць?

Адказваю, што абвестка папярэджвае пра завяршэнне працэдуры прыватызацыі жылля.

— От каб што добрае. У нас толькі ўмеюць апошні час выдумляць, як у чалавека апошнія грошы з кішэні выцягнуць, — бурчыць суседка.

***

На лаве сядзяць пенсіянеры, да мяне даносіцца абрывак размовы:

— Ён яшчэ са значком з выявай «Пагоні» на шапцы хадзіў. «Пагоні», кажу! Герб быў некалі дзяржаўны…

Рэшту размовы я не пачуў, але для сябе заўважыў, што пра «Пагоню» дзед казаў нейтральна, без нянавісці.

Пазней ужо у галаву прыйшла думка. Дваццаць гадоў прайшло, як адбыўся той ганебны рэферэндум. Два дзясяткі год замоўчвання і пераследу неабыякавых. Штогадовыя дні герба і сцяга, стварэнне адмысловага пампезнага комплекса. А пра «Пагоню» ўсё адно памятаюць.

***

Заслаўе, раніца нядзелі. Да крамы, што адчыняецца адной з першых, брыдуць мясцовыя выпівохі. Яны нагадваюць масоўку серыялаў пра зомбі: ногі цягнуцца па ходніках, у выцвілых вачах адзінае жаданне — пахмяліцца. Яны бяскрыўдныя, бо не прагнуць вашых мазгоў, усё, што ім трэба, даўно сфармуляванна адным сказам: «Брацішка, дай пару рублей».

Таую карціну я назіраю не першы год. Адзінае, што ў ёй змяняецца — «алказомбі» з кожным годам з’яўляецца ўсё больш.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)