Это Европа

Ірына Марозава

Цмок у ЦУМе, макароны на кавярнi. Як упрыгожваюць да Новага года сталіцы Беларусі і Літвы

У большасці еўрапейскіх краін, незалежна ад наяўнасці снегу, ужо ўсталявалі галоўныя ёлкі і запусцілі марафон па стварэнні святочнага настрою. «Салідарнасць» параўнала, як да гэтай справы падышлі ў Беларусі і ў Літве.

Мінск: рэтра-пляцоўка ля цырку і цмок у ЦУМе

Галоўнай ёлкай краіны ў Беларусі традыцыйна называюць каляднае дрэва, якое ўсталёўваюць на Кастрычніцкай плошчы — хоць гарадскога катка тут ужо даўно няма, а цэнтральныя гулянні перанеслі падалей ад старой рэзідэнцыі Лукашэнкі да Палацу спорту.

Сёлета навагоднія святы не стануць выключэннем: акрамя 30-метровай ёлкі, на плошчы «вырастуць» светлавыя канструкцыі-ялінкі, ужо прывычныя для гараджан аркі і домікі, якія ўсе разам, паводле задумкі дызайнераў, павінны стварыць атмасферу адначасова заснежанага леса ў зімовай вулачкі з калядных паштовак. Завяршыць упрыгажэнне і ўключыць святочную ілюмінацыю плануюць 8 снежня.

На прадпрыемстве «Мінгарсвятло» распавялі, што цэнтральную ёлку ўпрыгожыць піксельная сетка і 3,2 км гірлянд, а агулам па горадзе расставяць 535 светлавых канструкцый і ўключаць звыш 250 км гірлянд.

Фота: «Мінскрэклама»

Ялінка на плошчы Незалежнасці будзе больш сціплай — 18 метраў, плюс светлавыя панелі і ліхтары вакол купалу ГЦ «Сталіца». Адмысловую ялінку абяцаюць паставіць каля палацу Спорту — «сапраўдную лясную, белавежскую», упрыгожаную чырвона-залатымі шарамі (колераў «па схеме б-ч-б» дызайнеры старанна пазбягаюць), з аркай унізе і купалам у выглядзе зорнага неба.

А яшчэ тут зробяць новыя фотазоны — светлавыя інсталяцыі «Кубак» і «Фантан».

Ёлка ля цырку мусіць адпраўляць наведнікаў у такое ўлюбёнае ўладамі савецкае мінулае: абяцаныя рэтра-цацкі ў выглядзе персанажаў савецкіх мультфільмаў і гірлянды з чырвоных сцяжкоў.

Фота: «Мінскрэклама»

Таксама вялікія тэматычныя ёлкі з’явіліся на плошчы ля Камароўкі, каля Нацыянальнай бібліятэкі, Лядовага палацу, Белдзяржфілармоніі, у парку Горкага і Паўлава, перад Мінск-Арэнай і г.д. Усяго па горадзе іх будзе 27, і некаторыя калядныя дрэвы былі сабраныя ўжо на пачатку лістапада.

Самую «патрыятычную» — у чырвона-зялёных шарыках — ёлку ўсталёўваюць на Плошчы дзяржаўнага сцягу, а дызайнерская ёлка з закручаных у спіраль светлавых стужак гэтым разам пераедзе да палацу дзяцей і моладзі.

Падрыхтаваліся і цэнтральныя крамы. Напрыклад, ля ўваходу ў ЦУМ мінчан і гасцей беларускай сталіцы цяпер сустракае сімвал 2024 года — цмок, а вітрыны дызайнеры ўпрыгожылі, натхніўшыся зімовымі сюжэтамі і легендамі — як сцвярджаецца, кожная вітрына «прапітана атмасферай навагодняй казкі» ў сінім, белым, фіялетавым і ружовым адценні.

«Пры стварэнні дадзеных вітрын галоўнай мэтай каманды ЦУМа было пагрузіць жыхароў горада ў атмасферу дабрыні, свята і казачнай атмасферы», — сцвярджае афіцыйны сайт універмага. Як лічыце, атрымалася?

Фота tsum.by

А вось ГУМ і ўнівермаг «Беларусь» навагоднімі вітрынамі пакуль не пахваліліся — затое першы паведамляе, што мае ў продажу штучныя ёлкі беларускай вытворчасці, ад 56 да 1080 рублёў, а другі рэкламуе снегавыя шуфлі для вадзіцеляў.

Праграму масавых гулянняў Мінгарвыканкам традыцыйна публікуе бліжэй да Калядаў — пакуль вядома толькі, што на дэкарацыі, феерверкі і імпрэзы, якія будуць праходзіць каля ратушы і Палацу спорту з 25 снежня па 7 студзеня, «Мінскканцэрт» выдаткуе каля 700 тысяч рублёў (у пераліку амаль €206 тысяч).

Вільнюс: каток у гістарычным цэнтры і Каляды па-суседску

Галоўную ёлку ў літоўскай сталіцы ўрачыста запалілі 1 снежня на Кафедральнай плошчы. І  ўпершыню за апошнія 14 год гэта не пластыкавая зборная канструкцыя, а жывая прыгажуня.

Удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўзялі зоркі літоўскай музыкі, а таксама мэр Вільнюса Валдас Бенкунскас з жонкай, які заклікаў гараджан дарыць адзін аднаму «тое, што не купіш ні за якія грошы: увагу, стасункі, падтрымку, сустрэчы з блізкімі і ўдзячнасць».

Дарэчы, не абышлося без казусу — акурат у гэты дзень частка лямпачак у гірляндах не спрацавала, і вільнюсцы, хоць і вельмі любяць свой горад, пакпілі з гэтай нагоды: маўляў, хто «адгрыз кавалак» ялінкі? Арганізатары паабяцалі тэрмінова выправіць сітуацыю, і ўжо на наступны дзень гірлянда ззяла цалкам.

І хай сабе па вышыні каляднае дрэва саступае мінскаму — «рост» вільнюскай ялінкі ўсяго каля 16 метраў, — па-першае, дызайнеры зрабілі яе значна вышэйшай з дапамогай адмысловых кубоў у выглядзе навагодніх падарункаў (на гэту навагоднюю аглядную пляцоўку можна падняцца і сфатаграфавацца, што многія гараджане і турысты з задавальненнем робяць), а па-другое, у гэтага дрэва прыгожая гісторыя.

Яно расло на стыку некалькіх прыватных участкаў, і з-за аварыйнага стану пагражала ўпасці і пашкодзіць маёмасць жыхароў. Але і проста высекчы старое прыгожае дрэва было шкада — і гаспадар падарыў яго гораду.

Цяпер на ёлцы — звыш 300 цацак і 200 тысяч светладыёдных ліхтароў, а на макаўцы 2-метровая калядная зорка. Дарэчы, гарадскія ўлады не робяць сакрэту з таго, колькі каштуе навагодні ўбор ёлкі і плошчы — €89,5 тысяч, яшчэ €205 тысяч вылучана на ўпрыгожанне вуліц (ім займаецца падрадчык, які выйграў адкрыты тэндар на трохгадовы кантракт).

Вакол ёлкі — адмысловы калядны гарадок: гандлёвыя намёты, у якіх няма шашлыкоў і прадукцыі легпрому, затое ёсць гарбата, кава і глінтвейны розных відаў, імбірнае печыва і пернікі, пірагі і вэнджаныя каўбаскі, цацкі, свечкі і іншая калядная атрыбутыка. Працаваць калядны гарадок будзе да 7 снежня.

Зусім недалёка ад цэнтральнай ёлкі, у дворыку Палацу правіцеляў, адкрыўся гарадскі каток. Ён адносна невялікі, але вельмі ўтульны, са сцэнай і лаўкамі для гледачоў, бо штовечар тут паказваюць лядовае шоу. Ранішнія сеансы катання для дзяцей і пенсіянераў тут бясплатныя — дробязь, але прыемна.

А яшчэ каля Палацу правіцеляў часова размясцілася рэзідэнцыя Санты, дзе маленькія наведнікі могуць падзяліцца сваімі пажаданнямі і сфатаграфавацца з галоўным зімовым чараўніком ды іншымі казачнымі персанажамі.

Адна з «фішак» Вільнюса — конкурс на лепшае святочнае афармленне вітрын, які ладзіцца ўжо некалькі галоў запар. Гатэлі і крамы, кавярні і рэстараны з імпэтам уключыліся ў спаборніцтва. Пераможцай апошнія разы станавілася кавярня Ponių laimė — паглядзіце, як гаспадары аздобілі будынак сёлета: над уваходам французскія макароны і бісквіты:

Каб хутка агледзець і ацаніць святочны Вільнюс — прынамсі, цэнтр — можна сесці на адмысловы калядны цягнічок. Кошт паездкі €5 (дзецям да 90 см росту бясплатна), працягласць — 20-30 хвілін.

Што праўда, да яшчэ адной прыгожай ёлкі — ва ўнутраным дворыку прэзідэнцкага палацу — цягнічок не даязджае, трэба ісці пешшу. Але двор адкрыты для наведвання ўвесь дзень, а навагодняя кампазіцыя, якая ўпершыню ў ім з’явілася, насамрэч вартая ўвагі: ёлка, чатыры адвент-свячы і драўляныя разныя яслі, якія нагадваюць выцінанку — ды, уласна, папяровымі работамі вядомай народнай майстрыхі дызайнеры і натхняліся.

Яшчэ адзін цікавы акцэнт 2023-га — акрамя традыцыйнага дабрачыннага кірмашу, масавага каляднага забегу і навагодняй светлавой інсталяцыі на званіцы Кафедральнага сабору (ёй заменяць дарагія і больш шкодныя для экалогіі горада феерферкі), — праходзіць акцыя «Каляды суседзяў».

Практычна ўвесь снежань спецыяльны калядны аўтобус будзе ездзіць у 21 раён горада і збіраць суседзяў на чай з прысмакамі — каб нават тыя вільнюсцы, чые блізкія далёка, не заставаліся ў святы самотнымі. І так, гэта праўда смачна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(10)