Цыганкоў: Здаецца, я разумею прыроду выказваньняў у стылі «які Каспараў дурань»

Журналіст Віталь Цыганкоў – пра рэакцыю часткі расіян на выказванньні Гары Каспарава.

– Што, па-вашаму, аб’ядноўвае такіх розных людзей, як Цыганкоў, Дракахруст, Чалы, Рудкоўскі, Шрайбман, Елісееў? – піша Цыганкоў. – Усе яны белыя гетерасэксуальныя мужчыны? — Можа, і так. Прынамсі, пакуль ніхто зь іх не заявіў пра адваротнае)))

Але я прапаную іншы крытэрый. Усе яны першаразраднікі па шахматах. Ну вось так атрымалася, што 6 з 15, магчыма, самых прыкметных беларускіх палітычных аглядальнікаў зьяўляюцца някепскімі шахматыстамі. Супадзеньне? Ня думаю.

Але сёньня не пра іх. Я яшчэ не закончыў глядзець Гары Каспарава ў Дудзя, а ўжо сустрэў каменты ў Твітэры ў стылю «які Каспараў дурань».

Паколькі такія каменты я сустракаю нярэдка, (а сам я ніколі ў жыцьці нікога не называў дурнем), то мяне даўно цікавіла прырода такіх выказваньняў. І мне здаецца, я яе разумею.

Для пачатку варта сказаць, што здольнасьць някепска граць у шахматы ўсё ж пра нешта кажа. Калі вы калі-небудзь праходзілі IQ-тесты, то ведаеце, што яны якраз маюць пэўныя паралелі з шахматнай гульней. Там трэба лагічнае мысленьне, разьлік варыянтаў, уменьне бачыць шырокую карціну. Так што звычайна добры шахматыст мае даволі вялікі IQ — а тым больш чэмпіён сьвету.

І калі я чытаю каменты ў стыле «Каспараў дурань» — я выдатна разумею, што да інтэлекту гэтыя негатыўныя ацэнкі ня маюць ніякага дачыненьня. Бо многія «дурасьці», тыя ацэнкі, якія Каспараў гадамі казаў пра Расею, раней ці пазьней аказваліся слушнымі і дакладнымі.

Ён казаў, што вайна непазьбежна, што Расея нападзе на Ўкраіну, казаў пра татальную фашызацыю Расеі, пра бессэнсоўнасьць удзелу ў выбарах — ну дурань жа!

Але ані дакладнасьць ацэнак, ані ўзровень інтэлекту ня мае ніякага значэньня. Проста людзі пераважна ацэньваюць адпаведнасьць выказаных думак сваім перакананьням і сацыяльным нормам. Калі адпавядае — «разумны». Не адпавядае — «дурань». І ўсё.

А тым больш, калі чалавек бязьлітасна заяўляе, што тое, чым вы займаецеся, ня мае ніякага сэнсу — то ён ня толькі дурань, а казёл, нягоднік і вырадак.

У СССРы «дурні» былі тыя, хто супраціўляўся савецкай уладзе. Ці, напрыклад, спекулянты, якія куплялі танней і прадавалі даражэй. У турму іх. Прыйшла перабудова, сацыяльныя нормы зьмяніліся, і яны сталі героямі-кааператарамі. І ўся тая ж большасьць цяпер стала лічыць «дурнямі» тых, хто не ўспрымае новыя рынкавыя рэаліі.

Людзі, які жывуць паводле прынцыпу «Колькі будзе два плюс два? — А колькі вам трэба?» лічыць дурнямі тых, хто дае адназначны і канкрэтны адказ.

«Калі б геаметрычныя аксіёмы закраналі інтарэсы людзей, яны б абвергаліся», — сказаў Томас Гобс.

Свае сацыяльные нормы ёсьць у розных вялікіх групаў, у розныя гістарычныя пэрыяды. У адных — «цемрашальскія», і іншых — «прагрэсіўныя». Важна, што любая група зацята абараняе сьвятасьць сваёй уласнай нормы і гатовая праклясьці і адмяніць любога «занадта разумнага», які асьмельваецца яе парушаць.

У 1990-я мне падавалася, што людзі разбураюць адны нормы і стэрэатыпы дзеля таго, каб было больш свабоды і панавала рэальная разнастайнасьць. На самой справе, як аказалася, людзі (і на Захадзе і на Ўсходзе) руйнуюць адны нормы толькі для таго, каб замест іх пабудаваць новыя, ня менш строгія, якім усе павінны падпарадкоўвацца.

Мне здавалася, што галоўным павінен быць прынцып «жыві добра сам, і дай жыць іншаму». Не, чалавецтва зноў і зноў выбірае прынцып — «жывіце так, як я сказаў, як я лічу правільным».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(28)