Цыганкоў: «Як толькі Расея «ўстае з кален», яна адразу пачынае думаць, што б да сябе далучыць»

Палітычны аглядальнік — пра тое, чаму варта, каб Расея перажыла паразу.

— Лаўлю сябе на тым, што гэтымі днямі ў галаву прыходзяць крамольныя і сапраўды жудасныя думкі кшталту «а хай ужо вайна будзе», — піша Віталь Цыганкоў. — Канешне, гэта толькі хвілінныя эмоцыі, вайны не хочацца, і ня дай Божа, каб яна здарылася. Але прычына гэтых эмоцыяў у тым, што па майму перакананьню, вайна ў любой рэальнай актыўнай форме прынясе Крамлю глыбокую паразу — палітычную, эканамічную, структурную.

Зусім ня хочацца апрыёры выглядаць русафобам, ня хочацца паўтарацца пра адвечны расейскі імпэрыялізм, — але чамусьці так атрымліваецца, што як толькі Расея «ўстае з кален», яна адразу пачынае думаць, што б да сябе далучыць…

… Калі задацца пытаньнем, якім чынам гэта можна спыніць, то адзіным рэалістычным варыянтам мне бачыцца балючая параза, якая прымусіла б мільёны грамадзянаў Расеі задумацца, куды вядзе іх улада пад захопленае ўхваленьне большасьці.

Паразы — лякальныя альбо глябальныя — патрэбныя народам. Яны дапамагаюць зразумець, што было няправільна, якія ідэі і каштоўнасьці прывялі да разгрому. Чым больш адчувальная параза, тым глыбей народ гатовы пераасэнсаваць сваё жыцьцё і пачаць рэформы, альбо ўвогуле будаваць сваю краіну з чыстага ліста.

Немцы і японцы пасьля катастрафічнай паразы ў Другой сусьветнай вайне пабудавалі дэмакратычныя грамадзтвы з эканамічным дабрабытам і моцнай антынацысцкай прышчэпкай. Амэрыканцы пасьля вайны ў Віетнаме перайшлі ад прызыўной арміі да прафэсійнай. Ды і гісторыя Расеі дае такія прыклады — менавіта пасьля паразы ў Крымскай вайне 1853-56 гадоў пачаліся мадэрнізацыйныя рэформы Аляксандра Другога, адмена прыгоннага права.

Я ня ведаю, у якой форме можа адбыцца гэта параза, гэта шокатэрапія для сёньняшняй Расеі, але на гэты момант відавочна, што без маштабнага зьнешняга ўзрушэньня цяперашняе расейскае грамадзтва ўжо ня здольнае само вярнуцца да «нармальнасьці» і агульначалавечых каштоўнасьцяў».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(5)