Цыганкоў: «Украіна – сельскагаспадарчая звышдзяржава»

Палітычны аналітык на лічбах тлумачыць ролю Ўкраіны на сусветным рынку сельгаспрадукцыі.

– Калі мы чуем, што вайна ва Ўкраіне можа прывесьці да сусьветных праблемаў з харчаваньнем, то лічым гэта яўным перабольшваньнем, – пiша Вiталь Цыганкоў. – Асабліва калі гадамі слухаць з расейскай і беларускай прапаганды пра развал усяго, і асабліва сельскай гаспадаркі ва Ўкраіне. Рэальна ж роля Ўкраіны ў сусьветным харчовым рынку даволі істотная, а сельская гаспадарка расьце імкліва ў колькасьці, і ў якасьці.

За апошнія гады Украіна выйшла на 4 месца па экспарту пшаніцы, ідучы за такімі вялізнымі па тэрыторыі краінамі, як Расея, Канада, ЗША. Зьяўляецца таксама адным з лідэраў па экспарту кукурузы.

За 2021 год Украіна сабрала рэкордныя 107 тон зерневых, зь іх пшаніцы – 32 мільёны. Каля 80 працэнтаў сабранай пшаніцы ідзе на экспарт.

Калі слухаць лукашэнкаўскую прапаганду, там усё развалена, усё захапілі алігархі. Пры гэтым усе апошнія гады Украіна павялічвае і ўраджайнасьць (цяпер 46 цэнтнераў) і валавы аб’ём.

А тым часам у Беларусі кожны год гераічна, пад гукі селектарных нарадаў і Дажынак, зьбіраюць 6-7 мільёнаў тон. Пшаніцы там звычайна 2,5 мільёна тон. Але для вырабу добрага хлеба Беларусь вымушана купляць пшаніцу за мяжой.

Важна не пераблытаць. Там, дзе «ўсё развалілі» ў сельскай гаспадарцы – 107 мільёнаў тон, там, дзе ўсё «захавалі» – 7 мільёнаў (тэрыторыя Беларусі ў 3 разы меншая за ўкраінскую, ураджай – у 15 разоў меншы).

Для далейшага параўнаньня, варта нагадаць, што ў маленькай Літве (тэрыторыя ў тры разы меншая за беларускую), дзе паводле Лу, увогуле нікога не засталося, а сельская гаспадарка ў поўным заняпадзе, бо «распусьцілі калгасы», зерневых у 2021 сабралі як у Беларусі – 7 мільёнаў. Ураджайнасьць пшаніцы ў Літве ў 2021-м – 56 цэнтнэраў. Ва Ўкраіне, нагадаю, 46 цэнтнераў.

У Беларусі? У 2021-м – 30,5 цэнтнераў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(18)