Цыганкоў: «Гэта як глядзіш фільм «Апэрацыя Валькірыя»

Віталь Цыганкоў пiша на Радыё Свабода пра сапраўдных герояў і «здраднікаў».

Як варта ставіцца да сілавікоў, якіх улады і дзяржаўная прапаганда называе «здраднікамі»?

На дзяржаўным тэлеканале АНТ паказалі фільм «Манкурты». У ім расказалі пра затрыманьне падпалкоўніка КДБ і капітана Ўзброеных сілаў, якія нібыта перадавалі інфармацыю тэлеграм-каналам, у тым ліку тую, якая пралівае сьвятло на абставіны гібелі Рамана Бандарэнкі.

Ня ведаю, на які эфэкт разьлічваюць аўтары шпіёнскіх фільмаў, але магу расказаць пра ўласныя ўражаньні.

Калі я з гэтага фільму даведваюся, што афіцэр на пасту спэцсувязі сфатаграфаваў ліст ад міністра ўнутраных справаў міністру абароны (нагадаю, там размова ішла аб прыцягненьні вайскоўцаў для «аховы аб’ектаў» падчас масавых акцыяў) — дык я думаю, што ён сапраўдны герой, які ня здолеў застацца ўбаку, калі ўбачыў, што рыхтуецца сілавая правакацыя (і дарэчы, варта ўспомніць, што гэты дакумэнт улады спачатку называлі фэйкам).

Увогуле, галоўнае ўражаньне ад фільму — ого, дык там, у сілавікоў, далёка ня ўсё так жалезабэтанна, як нам хочуць давесьці, там хапае сумленных людзей.

І калі гэтых людзей называюць здраднікамі, то ў мяне (і спадзяюся, у большасьці беларусаў) зусім адваротныя асацыяцыі. Бо калі нехта вырашыў выйсьці з банды і пачаць новае жыцьцё, то, з пункту гледжаньня членаў банды ён, вядома, здраднік. А з пункту гледжаньня нармальных людзей ён сумленны чалавек.

Сапраўдныя здраднікі народу — гэта тыя, хто наплявалі на закон і справядлівасьць, б'юць, арыштоўваюць і саджаюць нявінных людзей за выказваньне сваёй грамадзянскай пазыцыі.

Гэта як глядзіш, напрыклад, фільм «Апэрацыя Валькірыя» пра нямецкіх афіцэраў, якія ажыцьцяўлялі замах на Гітлера і спробу вайсковага перавароту. З пункту гледжаньня тагачаснай фашысцкай улады яны былі «здраднікі дзяржавы». Але з гледзішча гісторыі і новай дэмакратычнай Нямеччыны яны героі. Так і тут — глядзіш шпіёнскі фільм і абсалютна дакладна разумееш, хто тут здраднікі, а хто героі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:71)