Цыганкоў: «Цяпер некаторыя абвінавачваюць «у прарасейскай змове» ўжо ня толькі традыцыйна Германію, але і ЗША»

Журналіст — пра тое, чаму на Захад не дзейнічаюць «страшылкі» пра магчымы захоп Парыжы і Берліна.

— У першыя дні расейскага нападу на Украіну, у тэлеэфіры на «Белсаце», дзе я быў вядучым, госьцем быў адзін з украінскіх экспэртаў, — піша Віталь Цыганкоў. — Ён казаў пра неабходнасьць таго, каб заходнія саюзьнікі «закрылі неба» над Украінай — гэта была вельмі папулярная тады тэма і патрабаваньне Кіева.

Закрыць неба — гэта значыць, каб авіяцыя НАТО кантралявала паветраную прастору над Украінай і зьбівала расейскія ваенныя самалёты, якія там зьявяцца.

«Гэтага не адбудзецца», — сказаў я ў жывым эфіры ўкраінскаму экспэрту. Добра памятаю, што ён быў шакаваны такой маёй заявай, але ня стаў яе катэгарычна абвяргаць, пачаўшы гаварыць, што ня ўсё так адназначна. 

Няпярэдадні саміту НАТО я са зьдзіўленьем назіраў пэўныя не апраўданыя завышаныя чаканьні ў часткі ўкраінцаў, ды і беларусаў наконт перспектывы запрашэньня Украіны ў НАТО менавіта на гэтым саміце.

У розных каментарах я казаў прыблізна тое самае — «гэтага не адбудзецца». Здаецца, відавочным, што ва ўмовах вайны Расеі супраць Украіны яе ўступленьне ў NATO можа быць расцэненае як фактычнае абвяшчэньне вайны паміж NATO і Расеяй.

На Захадзе нікому гэта не патрэбна, што і канстатаваў, для зьдзіўленьня многіх, не немец альбо француз, а прэзідэнт ЗША Джо Байдэн.

Так што цяпер некаторыя абвінавачваюць «у прарасейскай змове» ўжо ня толькі традыцыйна Германію, але і ЗША. Трошкі забываючы, што ў краінаў Захаду могуць быць і свае інтарэсы, а ня толькі ўкраінскія.

Ну і заадно скажу, што пафас «няўжо гэтыя дурні на Захадзе не разумеюць, што калі Расея захопіць Украіну, то яна пойдзе далей, на Берлін і Парыж?» не працуе. Па-першае, той жа Захад усё ж дастаткова шмат робіць, каб Расея не захапіла Украіну, каб другая частка гэтай фразы ня мела падставаў для існаваньня.

А па-другое, сапраўды — «не разумеюць». Бо гэта не рэальнасьць, а страшылка для падняцьця ўзроўню эмацыйнасьці. Такое да яе і стаўленьне.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(17)