Цыганкоў: Чаму многія беларусы не ганарацца перамогай Арыны Сабаленкі

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка на днях выйграла ў фінале Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі. Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў разважае, як да гэтага сёння ставяцца беларусы.

— Літаральна ў гэтыя ж дні ў 2012 годзе, калі першы раз выйграла вялікі турнір Вікторыя Азаранка, я напісаў: ці павінны мы ганарыцца ёй? Тады гэта быў абсалютна маргінальны погляд, — успамінае Цыганкоў у эфіры «Е*рарадыё». — Я пісаў, што да спартоўцаў трэба ставіцца не толькі як да робатаў, якія здабываюць перамогі, пункты, галы, а як да людзей, і ў тым ліку грамадзян: на іх чалавечыя і грамадзянскія якасці.

Тады гэты погляд крытыкавалі, маўляў, яна наша, і не важна, што яна грае з Лукашэнкам пацешныя матчы.

Цяпер ясна, што пасля 2020 года ўсе змянілася. Для большасці людзей, якія хоць нечым цікавяцца ў палітыцы і грамадскіх справах, пайшоў гэты падзел: на спартоўцаў, якія падпісалі праўладны ліст, або супраць гвалту, на сумленных ці не.

Людзям, якія прымалі ўдзел у пратэстах ці падтрымлівалі іх, зараз цяжка падтрымліваць спартоўцаў, якія падпісалі праўладны ліст. Фактычна гэтыя спартоўцы падтрымлівалі рэпрэсіі, у той час, як не менш славутыя спартоўцы былі вымушаны эміграваць ці сядзелі на сутках.

Таму зараз чалавеку, які мае беларускія патрыятычныя пачуцці, ужо мала проста таго, што гэта беларуска выйграла нейкі вялікі турнір.

Палітычны аглядальнік таксама адзначыў, што Арына Сабаленка, якая падпісала праўладны ліст, жыве ў Маямі і не не збіраецца ехаць і адзначаць сваю перамогу да дому, у Беларусь.

— Свет тэнісу трошкі адрозніваецца ад іншых, там гэта абсалютна індывідуальны спорт і большасць тэнісістаў з Беларусі і Расіі сапраўды жывуць ў заходніх краінах. Таму і гэта, так скажам, нейкая несумленнасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(28)