Цыганкоў: Адказ і вайскоўцаў, і цывільных беларусаў на загад ісьці ваяваць можа быць самы нечаканы

Журналіст Віталь Цыганкоў – пра верагоднасць уступу беларускіх вайскоўцаў у вайну Расіі супраць Украіны.

– Мне падаецца, Лукашэнка разумее, што ўвядзеньне беларускіх войскаў для яго будзе поўнай палітычнай катастрофай, – піша Цыганкоў, – улічваючы максымальна нэгатыўнае стаўленьне беларусаў да гэтай вайны, нават тых беларусаў, якія падтрымліваюць Расею ў вайне, але і яны ня хочуць удзелу Беларусі.

Па-другое, невядома, як павядзе сабе і беларускае грамадзтва, і беларускае войска ў выпадку такога загаду. Мала хто верыў у тое, што здарылася ў жніўні 2020 году. І зараз адказ і вайскоўцаў, і цывільных беларусаў на загад ісьці ваяваць можа быць самы нечаканы. Думаю, гэта тая загадка, якую Лукашэнка не хацеў бы праверыць на практыцы — бо здарыцца можа самае рознае.

Так што Лукашэнка ўсё гэта разумее і будзе з усіх сілаў упірацца. Якія ў яго для гэтага ёсьць палітычныя магчымасьці? Думаю, яшчэ ёсьць.

Паводле той жа тактыкі, пра якую я ўжо казаў і якая праявілася падчас паездкі ў Сухумі — саступіць у нечым нязначным, сымбалічным, каб не саступаць у самым галоўным.

Да таго ж працягваць рыторыку ў стылі «беларускія войскі патрэбныя тут, на тэрыторыі Беларусі, яны не дазваляюць усунуць нож у сьпіну нашаму расейскаму брату, мы абараняем нашу агульную саюзную дзяржаву ад удару з Захаду, таму ня трэба нас пасылаць ва Ўкраіну». Думаю, шанцы адбіцца ад самага страшнага ў яго пакуль ёсьць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.7(12)