Цыфра дня. Колькі іншаземцаў прыехалі ў Беларусь па бязьвізе на Эўрапейскія гульні
Каля 12 200. Гэта афіцыйная інфармацыя па стане на 8 гадзін раніцы 27 чэрвеня, паведамляе Радыё Свабода.
У Дзяржаўным памежным камітэце назвалі лічбу замежных грамадзян, якія скарысталіся магчымасьцю бязь візы наведаць Беларусь у сувязі з II Эўрапейскімі гульнямі.
— З 20 траўня больш за 12 тысяч замежных грамадзян былі прапушчаныя ў бязьвізавым парадку паводле акрэдытацыі і білетаў на 2-я Эўрапейскія гульні. Дакладнай лічбы няма перад вачыма, я зараз у службовай выправе, але памятаю, што недзе каля 12 200. Зьвесткі я ўдакладняў сёньня раніцай, — сказаў Свабодзе афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага Памежнага камітэту Антон Бычкоўскі.
У гэты лік уваходзяць 4 тысяч спартоўцаў, а таксама спартовыя функцыянэры з 50 краін, якія бяруць удзел у Эўрапейскіх гульнях.
Паводле Антона Бычкоўскага, частка іншаземцаў магла прыляцець на Эўрапейскія гульні без квіткоў проста ў Нацыянальны аэрапорт «Менск» і ўжо тут набыць квіткі на гульні.
Паводле Антона Бычкоўскага, сярод іншаземцаў, якія прыехалі ў Беларусь у сувязі з гульнямі праз памежныя пункты пропуску, найбольш турыстаў з Польшчы, Нямеччыны, Літвы, Латвіі.
Колькі турыстаў з Расеі за гэты час прыехалі ў Беларусь, Антон Бычкоўскі сказаць ня змог, бо гэтыя турысты беларускімі памежнікамі ня ўлічваліся.
Улады прагназавалі, што Беларусь падчас Эўрапейскіх гульняў наведае каля 30 тысяч замежных заўзятараў.
Нагадаем, на падрыхтоўку II Эўрапейскіх гульняў Беларусь патраціла 540 мільёнаў рублёў (каля 265 мільёнаў даляраў). Першапачаткова Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што Беларусі трэба будзе затраціць ня болей за 50 мільёнаў даляраў плюс дапамогуць эўрапейскія структуры.
Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету па хакеі ў Менск у 2014 годзе прыехалі 80 тысяч замежных турыстаў.
Читайте еще
Избранное