Комментарии
Сяргей Дубавец, Радыё Свабода

Цяжка быць Нілам Гілевічам

Пра Ніла Гілевіча ў мяне цяпер адна важная думка.

Калі ты адбыўся ў адной і другой эпосе, а тут прыйшла трэцяя, а твой век ужо не пакінуў табе моцы, каб адбыцца і ў ёй – як важна ня схібіць. Заставацца прынамсі тым, кім цябе ведаюць, а калі яшчэ й тым лепшым – надзвычай няпроста.

Мы шмат спрачаліся – пра савецкую літаратуру, і я адступаў; пра тарашкевіцу, і ён пісаў мне, што ён толькі за, але ж абставіны; пра аднаўленьне «Нашай Нівы» – ён казаў «ня трэба чапаць помнік», а пасьля бараніў газэту перад судамі, і ягонае імя ў справе было важкім аргумэнтам. Увесь час я меў адчуваньне, што мы нібы на тэнісным корце, нішто не застаецца незаўважаным і неадрэагаваным з «таго боку».

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

Мы зь сябрамі па-блюзьнерску пасьмейваліся зь ягонага вялізнага збору твораў у адным экзэмпляры, а наконт аўтарства «Лысай гары» я й цяпер лічу, што ён зрабіў ход на разьвянчаньне твору, бо ананімная паэма, нават калі гэта проста капусьнік, можа стаць і стала легендарнай, а проста паэма Гілевіча – проста капусьнік. Ці згадаць наезды на Сямёна Букчына (які «букчыць») безь ніякай, на маю думку, сур’ёзнай прычыны... Але ўсё, што было – было.

Я ведаў і ведаю нямала людзей, якія ў старасьці, на сыходзе касуюць свой вобраз і ўсю здабытую за жыцьцё вагу недарэчнымі словамі ці ўчынкамі. Калі чалавек ужо страціў пэрспэктыву і цікавасьць да жыцьця і з усіх астатніх сіл пачынае змагацца з тым, што жыве і яшчэ застаецца жыць. Прычым бачна, што гэтая ці то зайздрасьць ці то помста мацней у чалавеку за ўсё іншае, мацней за наркотык, за гіпноз, за анэстэзію. Ён нават разумее, што руйнуе свой уласны даробак праз усё жыцьцё, але нічога зрабіць ня можа. Проста нянавісьць легла яму лінзамі на зрэнкі.

І ёсьць шмат прыкладаў, калі творца сыходзіць гэтаксама непрыкметна, як жыў. Ты іншага і не чакаеш, бо чалавек, да прыкладу, пісаў яркія кнігі, але ніколі ня быў аж нагэтулькі «на віду», каб аж нагэтулькі бурна пакідаць гэты сьвет. І калі адбываецца збой, застаецца прыкрасьць і магічнае імя творцы страчвае для цябе сваю прыцягальнасьць.

Ніл Гілевіч заўсёды быў у цэнтры, у тым ліку і ў цэнтры канфліктаў ды інтрыг, якія, зрэшты, і адбываюцца ў цэнтры. І таму гэтак моцна ўражваюць ягоныя паводзіны ў старасьці. Замірэньне з усімі і ўсім, забыцьцё тых канфліктаў і інтрыг. Нейкая вышняя дабрыня запанавала вакол яго і ягонага імя апошнія гады. Ня думаю, што гэта было нейкім падарункам лёсу. Думаю, усё ж гэта было ягонае валявое рашэньне, найлепшае з магчымых.

Гадамі існаваць у адзіноце і нямогласьці, у зусім незразумелым табе зьмененым сьвеце, ня мець ані шанцу запанаваць у гэтым сьвеце, як ты гэта лёгка рабіў у маладосьці і сталасьці, і пры гэтым проста падабрэць да ўсіх... Наш беларускі мужчына на сыходзе звычайна ятрыцца і выгаворвае ўсім і ўся «ўсё, што ён пра іх думае», чым толькі памнажае жаданьне навакольных хутчэй пахаваць яго і забыць.

Тое, што я ведаю пра Гілевіча – ня правіла, а выключэньне з правілаў паводзін беларускіх мужчын на сыходзе, асабліва – амбітных і таленавітых людзей. Выключэньне, якое выклікае павагу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)