Скандалы
Алесь Дашчынскі, «Радыё Свабода»

Цясак называе інцыдэнт у Менску «непрыемнай сытуацыяй» і хваліць беларускія органы

Актывіст расейскіх ультрарадыкальных арганізацыяў Максім Марцынкевіч па мянушцы Цясак знаходзіцца ў Менску і прыходзіць на допыты па выкліку. Cьледчыя ня бачаць «палітычнай падаплёкі ў справе».

Пра гэта карэспандэнту «Свабоды» паведаміў прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў.

24 лютага трое падазраваных (сярод іх Цясак) па крымінальнай справе за асабліва злоснае хуліганства былі адпушчаныя «з-за адсутнасьці падстаў для ўтрыманьня пад вартай».

«Мы ня ўбачылі нейкай асаблівай значнасьці і сацыяльнай небясьпекі ў іхніх дзеяньнях. Мы разглядаем у чыстым выглядзе іхні ўдзел у хуліганскіх дзеяньнях», — сказаў Аляксандар Герасімаў.

«Усе трое застаюцца падазраванымі, нікому зь іх абвінавачаньне пакуль не прад’яўлялася. Але да іх «прыменена мера працэсуальнага прымусу ў выглядзе абавязаньня пра яўку».

«Крымінальная справа, натуральна, не зачыненая. Крымінальны перасьлед падазраваных ня спынены. Праводзяцца сьледчыя мерапрыемствы, каб устанавіць усе абставіны ўчыненага злачынства. Там вынятыя два нажы, прылада аэразольнага распыленьня. Цяпер экспэрты вызначаюць, ці зьяўляюцца нажы халоднай зброяй і ці знаходзіцца ў рабочым стане газавы пісталет. Бо было падазрэньне, што ён няспраўны. Але пакуль мы не атрымалі вынікаў экспэртызы», — патлумачыў Герасімаў.

Максім Марцынкевіч абавязаны знаходзіцца ў Беларусі. У Сьледчым камітэце сказалі, што ён сам выказаў жаданьне быць у Менску да заканчэньня расьсьледаваньня. Ён жыве ў знаёмых, на сталай сувязі са сьледзтвам. Выглядае ён задаволеным.

Сьледзтва мае два відэазапісы: камэры вонкавага нагляду і запіс тых, хто нападаў і па матэрыялах справы зьяўляецца пацярпелымі і сьведкамі.

«Кваліфікаваўшы гэты відэазапіс, сьледчыя прыйшлі да высновы, што мы маем у чыстым выглядзе хуліганства. Ніякай палітычнай падаплёкі мы ў гэтай справе пакуль ня бачым», — сказаў Герасімаў.

Найбольш пацярпеў адзін беларус 1983 году нараджэньня. «У яго былі цялесныя пашкоджаньні ў выглядзе гузакоў і нажавых раненьняў. Аднак яны не зьяўляюцца цяжкімі, такімі, якія пацягнулі за сабой расстройства здароўя і так далей. Мэдыкі яго ўжо даўно выпісалі. Адно з нажавых раненьняў было даволі глыбокім, але яно не закранула ніякіх жыцьцёва важных органаў», — распавёў Герасімаў.

На старонцы «Вконтакте» Максім Марцынкевіч называе інцыдэнт у Менску «непрыемнай сытуацыяй» і хваліць беларускія органы правапарадку, якія «на шчасьце, выявіліся досыць разважнымі і вынесьлі справядлівае рашэньне».

Тут жа падаюцца падрабязнасьці бойкі. Маўляў, Цясак і яго паплечнікі аказалі супраціў групе беларускіх антыфашыстаў (сярод якіх былі фанаты футбольнага клюбу «Партызан»). Гэта здарылася каля клінікі, куды Цясак прыехаў на апэрацыю па лазэрнай карэкцыі зроку. Цясак стаў часта прыяжджаць у Менск. І падчас апошняга візыту антыфашысты больш за два тыдні назіралі за ім, вынікам чаго стаў напад 14 лютага ў двары клінікі. Група антыфашыстаў чакала Цесака ў двух прыпаркаваных аўтамабілях і раптоўна яго атакавала. Як далей распавядаецца на старонцы Цесака ў сеціве, адзін з паплечнікаў Максіма Марцынкевіча дастаў нож «і прымусіў нападнікаў уцякаць». Пасьля чаго пачалася бойка. У выніку 30-гадовы беларус Арцём Кацаў «атрымаў некалькі глыбокіх (да 15 сантымэтраў) нажавых раненьняў у сьпіну». Максім Марцынкевіч прымяніў супраць антыфашыстаў газавы пісталет. Бойка працягвалася ня больш за хвіліну. Антыфашысты «рэціраваліся, забраўшы з сабой параненага сябра, дзеля таго каб адвезьці яго ў рэанімацыю». Максім Цясак разам зь сябрамі пайшоў у клініку, дзе і быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі.

На старонцы Цесака ў інтэрнэце гаворыцца, што арышт нацыянал-сацыялістаў ухвалілі антыфашысты, прадстаўнікі ЛГБТ-рухаў Беларусі і Расеі і левых арганізацый. Таксама ўхваляецца збор сродкаў у падтрымку аднаго з затрыманых разам зь Цесаком — грамадзяніна Беларусі 1990 году нараджэньня Аляксандра Л.

28-гадовы Цясак мае беларускія карані і часта прыяжджае ў Менск праводзіць розныя мерапрыемствы. На старонцы Цесака гаворыцца, што ён «прыхільнік рэжыму Лукашэнкі» і што яго біяграфія даволі насычаная падзеямі крымінальнага характару.

Таксама на гэтую тэму:

Российский неонацист Тесак вышел из минского следственного изолятора 

Неонацист Тесак открыто хвастался, что ходит по Минску с ножом и «ударом»

Охранник Тесака дважды воткнул нож в спину минского антифашиста

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)