Ціханоўская, Калесьнiкава i Цапкала ў Дзяржынску: «Не бойцеся аўтазаку. Гэта проста машына»
На пляцоўцы для агітацыі кандыдатку і прадстаўнікоў штабоў Бабарыкі і Цапкалы чакалі сотні людзей. Іх сустракалі песьняй «Стены рухнут» і гучнымі авацыямі, паведамляе Радыё Свабода.
Фоты Уладзя Грыдзiна
На пікеце ў Дзяржынску ў сваім выступе Сьвятлана Ціханоўская зазначыла, што ўлады не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу, бо спалохаліся.
— Яны ўбачылі пагрозу для ўлады, але яны не зразумелі, што пагроза не ў кандыдатах, а ў самім народзе, якому надакучыла жыць ў прыніжэньні і страху, — выказалася кандыдат у прэзыдэнты.
Ціханоўская заўважыла, што яе муж — вядомы блогер Сяргей Ціханоўскі, «разбудзіў беларусаў, якія ўжо ня вернуцца ў зручны для ўлады сьпячы стан».
Яна распавяла, што Сяргей Ціханоўскі ў сваіх паездках па Беларусі даведаўся ад людзей пра іх «няпростае жыцьцё, карупцыю, бяспраўныя суды». «Ім хацелася людзьмі звацца, і Сяргей стаў надзеяй на перамены для многіх, надзеяй на новую Беларусь — свабодную і заможную краіну».
— Улада спалохалася праўды, пачаліся затрыманьні, рэпрэсіі, запалохваньні. Сяргея пасадзілі ў турму. У нашай сям'і адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, і таму я прыняла рашэньне падтрымаць Сяргея і зарэгістравацца замест яго.
Гэта быў няпросты крок, але калі падчас збору подпісаў я ўбачыла шматлікія чэргі, гэта дало мне шмат сілаў. І я вырашыла, нягледзячы ні на што, ісьці далей, і толькі наперад. Бо я адчула адказнасьць за ўсіх тых людзей, якія, як і Сяргей, хочуць перамен, — сказала Святлана Ціханоўская.
На пікеце ў Дзяржынску выступіла Марыя Калесьнікава — прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі. Яна нагадала, што сапраўдная сіла і ўлада — у руках народу. Прысутныя пачалі скандаваць: «Пераможам!».
Прадстаўніца штабу заўважыла, што за апошнія два месяцы ніхто не пазнае Беларусь, бо яна зьмянілася, прачнулася.
— Ужо не чуваць такіх фразаў, што „нічога ня зьменіцца“, мы можам зьмяніць! Мы стаміліся ад гэтага вэрхалу, падману, гэтага драндулету, які развальваецца, мы раззлаваліся канчаткова! — сказала Марыя Калесьнікава.
Яна падкрэсьліла, што цяпер фіксуецца кожная адпіска ад чыноўнікаў, кожны падман і фальсыфікацыі.
— Чыноўнікі, судзьдзі цяпер пакідаюць сьляды, як ніколі раней. Мы працягваем паказваць сваю нязгоду. Мы, грамадзяне, жывём па законе, а ўлада — па гвалце. Ня бойцеся аўтазаку — гэта проста машына. АМАП — гэта ўсяго толькі людзі, — заявіла прадстаўніца штабу Бабарыкі.
Калесьнікава зазначыла, што цяпер трэба зрабіць выбар: сядзець дома перад тэлевізарам і «Славянскім базарам», «праводзячы нашу апошнюю надзею на свабоду», ці ісьці наперад, «выкладацца, змагацца і выканаць мару апошніх двух дзясяткаў гадоў».
Вераніка Цапкала распавяла на пікеце пра розныя ініцыятывы, якія перашкодзяць уладзе сфальсыфікаваць выбары. Напрыклад — белы бранзалет. «Белы — гэта колер жыцьця, свабоды, нечага новага. Хто будзе зь белым бранзалетам — гэта значыць, той супраць улады», — патлумачыла Вераніка Цапкала.
Яна заклікала людзей ісьці на выбары 9 жніўня і галасаваць за Сьвятлану Ціханоўскую, а таксама прыняць актыўны ўдзел у назіраньні.
— Чым больш будзе нас, народу, тым цяжэй уладзе будзе зрабіць фальсыфікацыю. Трэба, каб нас было больш на ўчастках, чым іх. Удзельнічайце ў ініцыятыве «Сумленныя людзі».
Мы запусьцілі ініцыятыву «Хакатон». І цяпер больш за 200 грамадзян, таленавітая моладзь, удзельнічаюць у хакатоне, працуюць над тым IT-рашэньнем, якое дапаможа не сфальсыфікаваць выбары», — распавяла Вераніка Цапкала.
Воскресный пикет Тихановской в Минске прошел так, что на Бангалор яблоку упасть негде было
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное