Политика

Ціханоўская: «Часта нам здаецца, што простыя рэчы наўрадці нешта зменяць. Аднак менавіта з іх пачынаюцца значныя перамены»

Галоўнае з навагодняга звароту лідаркі дэмсіл Святланы Ціханоўскай, перад якім у Беларусі блакавалі доступ да пляцоўкі Youtube, дзе яго паказвалі.

— Я ж такі ж чалавек, як і вы, і мне таксама хочацца, каб жыццё было спакойным і прадказальным. Часам здаецца, што свет вар’яцее. Хто б мог падумаць, што нам, беларусам, выпадуць такія выпрабаванні.

Усе стаміліся ад негатыву. Кошты растуць. Людзей увесь час затрымліваюць. Візы не атрымаць. Вядома, хочацца схавацца, каб цябе не ніхто не чапаў, і жыць сваім жыццём.

А ўявіце сабе, як стаміліся тыя, хто ў турмах. А іх тысячы. Стаміліся чакаць, стаміліся спадзявацца, стаміліся верыць. Як стаміўся Павел Кучынскі з горада Маладзечна, у якога рак. А там сотні людзей, якім патрабуецца медычная дапамога. Як стамілася жонка Бяляцкага дабівацца хоць нейкай вестачкі ад мужа. А дзеці — расці без мам і тат.

Ведаеце, адкуль я чэрпаю сілы? Калі я ўстаю раніцай, я думаю пра тых, каму яшчэ цяжэй. І так балюча ад гэтага… Але гэты боль і злосць я ператвараю ў энергію.

…На адной надзеі далёка не паедзеш. І прыстасоўвацца таксама не трэба.

Падумайце, можа, вы ўжо робіце штосьці. І не трэба гэта абясцэньваць. Нават калі здаецца, што ў гэтым няма нічога грандыёзнага.

Прыгадайце «Марафон салідарнасці». Да яго далучыліся людзі з 86 краінаў свету. І гэта быў не проста прыгожы жэст, а рэальная дапамога нашым палітвязням і іх блізкім.

Прыгадайце, як доктар, якому давялося з’ехаць у Польшчу, працягвае кансультаваць сваіх пацыентаў з Наваполацка, таму што яны ўжо два месяцы не могуць узяць талончык у паліклініку.

Ці як жанчына з Пінска, што раздрукавала ўлёткі «не вайне», раскідала іх па суседзях. А там у яе чыноўнікі жывуць. Падаецца, невялікае дзеянне, але якое смелае!

Часта нам здаецца, што такія простыя рэчы наўрадці нешта зменяць. Аднак менавіта з іх пачынаюцца значныя перамены.

Нават мая васьмігадовая дачка, якая ніколі не мела беларускамоўнага асяроддзя, нядаўна заявіла, што хоча размаўляць на роднай мове. І цяпер кожны дзень у мяне пачынаецца са словаў «Добрай раніцы!».

…Нас падтрымліваюць і гатовыя дапамагаць. Але вы ж не думаеце, што прыйдзе Байдэн ці Макрон, і вырашыць нашыя праблемы за нас?

Зрабіць гэта можам толькі мы самі. Толькі ад нас з вамі залежыць, як будуць ставіцца да Беларусі. Нам будуць дапамагаць толькі тады, калі мы будзем дапамагаць адно аднаму.

І мы робім гэта ўсё не дзеля чагосьці абстрактнага, мы хочам вельмі зразумелых і простых рэчаў, і хочам іх заслужана.

Мы хочам вярнуць наш дом і быць у ім гаспадарамі. Хочам пачувацца ў бяспецы. І жыць у краіне, дзе ўлада паважае людзей, а не пагарджае імі.

…Якая нязломная ў нас нацыя! Нават у самых складаных умовах, пасля няўдалых спробаў мы не крычалі «Усё прапала!», а шукалі новыя спосабы дамагчыся сваіх мэтаў.

І мы шмат чаго дамагліся. Часта — не дзякуючы, а насуперак.

Насуперак рэпрэсіям запускаем ініцыятывы і аднаўляем медыя.

Насуперак русіфікацыі размаўляем па-беларуску і адзначаем нацыянальныя святы.

Насуперак новым указам і падаткам прадпрымальнікі развіваюць свой бізнес.

Медыкі ратуюць жыцці, нягледзячы на адсутнасць лекаў. А нашыя бабулі ўжо не вераць прапагандзе, таму што ўнукі навучылі іх глядзець YouTube.

І ўсё гэта мы робім, нягледзячы на стомленасць, злосць і расчараванне…

…І нам ужо варта пачаць сябе цаніць! Бо мы, беларусы, маем вынослівасць, каб адказваць на выклікі. Крэатыў, каб ствараць новае. Сумленнасць, каб прызнаваць памылкі. Працавітасць, каб брацца нават за самыя складаныя задачы. І вялікае сэрца, каб дапамагаць адно аднаму.

І не забывайцеся кожны дзень нагадваць сабе пра гэта.

…Мы заўсёды кудысьці спяшаемся. Скончыць працу, паспець усё па хаце, прачытаць важныя навіны… Але зараз, калі мы праводзім гэты няпросты год, вазьміце маленькую паўзу. Выдыхніце.

Падумайце пра чалавека, якога за ўсім, што адбываецца, лягчэй за ўсё забыцца – пра сябе. Бо кожны з нас — жывы чалавек, які заслугоўвае кахання, павагі і клопату.

Знайдзіце тое, за што вы сабою ганарыцеся — упэўнена, такое ёсць. Скажыце сабе дзякуй. За тое, што выдужалі, не ачарсцвелі.

Ведаю, можа здавацца, што навокал хаос. Лёгка заблытацца і страціць сябе. Мы ўсе розныя. Але памятайце, у нас заўсёды ёсць тое, што нас аб’ядноўвае.

Дарагія мае беларусы!

У мяне няма адказаў на ўсе пытанні. Я не ведаю, што нас чакае ў новым годзе. І я не буду казаць вам, што ўсё будзе добра.

Многія рэчы нам даводзіцца рабіць насуперак. Але ў новым годзе я хацела б, каб у нас з вамі было менш «насуперак» і больш «дзякуючы».

Дзякуючы салідарнасці, мы зможам вызваліць палітвязняў.

Дзякуючы нашаму адзінству, мы здабудзем новых саюзнікаў у свеце.

Дзякуючы нашай мудрасці, будзем рабіць менш памылак.

Дзякуючы нашаму жыццялюбству – больш усміхацца і падтрымліваць адно аднаго.

І галоўнае — дзякуючы сіле нашага народу, крок за крокам разам ісці да свабоднай і незалежнай Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(127)