Ці зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты праціўнікаў акумулятарнага завода?
З чатырох праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода ля Берасьця, якія сабралі больш за тысячу подпісаў у сваю падтрымку, зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты толькі аднаго — Уладзімера Мароза, паведамляе Радыё Свабода.
Рамана Кісьляка, Алену Макарэвіч і Аляксандра Кабанава не зарэгістравалі. Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведаміў Кабанаў.
«Прычапіліся шмат да чаго, да дэклярацыі, да даведкі аб працы, да дакумэнтаў пра ўчастак, дом, хаця ўсе дакумэнты былі пададзеныя абсалютна правільна», — сказаў Аляксандр Кабанаў.
Кабанаў лічыць сваю не рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты «беспадстаўнай». Але пакуль ён ня вырашыў ці будзе абскарджваць рашэньне камісіі.
«Мая галоўная задача была ў тым, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да таго, што адбываецца, — сказаў Аляксандр Кабанаў. — І тое, што зарэгістравалі хоць аднаго, гэта ўжо добра, бо мы гэтым будзем карыстацца да канца. Таксама мне прапанавалі быць даверанай асобай у тых, каго зарэгістравалі. Тое, што мяне зрэзалі азначае, што мы ўсё робім правільна і адступаць мы ня будзем».
Паводле Кабанава, нерэгістрацыя кандыдатамі ў дэпутаты ў людзей «выклікала шок і яны ўбачылі, што азначаюць выбары ў Беларусі, як лічаць галасы і як рэгіструюць».
Кандыдатамі ў дэпутаты не зарэгістравалі і дзейных дэпутатак Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім і Ганну Канапацкую, а таксама шэраг апазыцыйных дзеячаў і актывістаў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное