Общество

Ці зайшлі беларускія войскі ва Ўкраіну? Што вядома на гэты момант

1 сакавіка ўкраінскія СМІ са спасылкай на вайсковае кіраўніцтва паведамілі пра тое, што часткі Міністэрства абароны Беларусі зайшлі на тэрыторыю Чарнігаўскай вобласьці, піша Радыё Св*бода.

Вайсковая тэхніка з пазнакамі «О» ў Чарнігаўскай вобласьці 28 лютага

Вайна Расеі супраць Украіны працягваецца шосты дзень. Дагэтуль удзел Беларусі ў ёй быў не прамым — расейскія войскі абстрэльвалі тэрыторыю Ўкраіны зь Беларусі, у паветранай прасторы Беларусі расейскія самалёты запускалі ракеты па Ўкраіне, таксама зьявіліся сьведчаньні аб тым, што параненыя расейскія салдаты праходзяць лячэньне ў Гомлі і Мазыры.

Паведамленьні аб магчымым удзеле беларусаў у наземнай апэрацыі супраць Украіны на яе тэрыторыі зьявіліся 1 сакавіка. Іх распаўсюдзіў прэсавы сакратар рэгіянальнага ўпраўленьня сілаў тэрытарыяльнай абароны «Поўнач» Віталь Кірылаў Інфармацыя са спасылкай на яго зьявілася нават на Euronews.

Разьбіраемся, што адбылося папраўдзе.

Што сьведчыць пра знаходжаньне беларускіх вайскоўцаў ва Украіне?

І Віталь Кірылаў, і іншыя крыніцы ў сваіх паведамленьнях аб беларускіх вайскоўцах на тэрыторыі Ўкраіны спасылаюцца на неафіцыйныя пазнакі вайсковай тэхнікі краіны-агрэсара. Сымбалі «Z», «V» і «Z» у белай рамцы, сапраўды можна пабачыць на шматлікіх фатаздымках, зробленых у апошнія дні ва Ўкраіне.

Украінскія СМІ і тэлеграм-каналы распаўсюдзілі табліцы, згодна зь якімі такія сымбалі абазначаюць прыналежнасьць расейскай тэхнікі да пэўнага рэгіёну першапачатковай дысьлякацыі, а таксама да кірунку ўварваньня ва Ўкраіну.

Напрыклад, сымбаль «Z», узятае ў белую рамку, нібыта абазначае часткі, якія прарваліся з боку акупаванага Расеяй Крыма. А «V» — расейскія войскі, якія зайшлі на тэрыторыю Украіны з Беларусі. Згодна з гэтай клясыфікацыяй, сымбаль «О», намаляваны на вайсковай тэхніцы, абазначае часткі беларускай рэгулярнай арміі.

Ці гэта сапраўды так і ці бачылі недзе такую тэхніку?

Ніякіх афіцыйных пацьверджаньняў такіх абазначэньняў вайсковай тэхнікі, што ўварвалася на тэрыторыю Ўкраіны, не існуе. Мінабароны Беларусі і Расеі ніяк не камэнтуюць сваіх сумесных дзеяньняў пасьля афіцыйнага завяршэньня вучэньняў «Саюзная рашучасьць — 2022» 20 лютага.

Адзіным больш-менш дакладным спосабам ідэнтыфікаваць вайсковую тэхніку зьяўляюцца яе афіцыйныя абазначэньні аб прыналежнасьці да пэўнай вайсковай часткі альбо сама сымболіка роду войскаў і частак. Экспэрты Conflict Intelligence Team ужо ідэнтыфікавалі такім чынам некаторыя з частак расейскай рэгулярнай арміі, якія ўдзельнічаюць у вайне. Беларускіх частак сярод іх няма.

Ідэнтыфікаваць прыналежнасьць вайсковай тэхнікі таксама можна па аўтамабільных нумарах (у беларускай яны падобныя на цывільныя, зь літарай «О» замест нумару рэгіёну) альбо па нумарах на самой тэхніцы, аднак у большасьці выпадкаў тэхніка боку, які атакуе, ня мае такіх пазнак.

Пры гэтым вайсковая тэхніка з шыфрам «О» на корпусе сапраўды існуе, яе бачылі ў пасёлку Церахоўка Добрускага раёну. Каму дакладна яна належыць, невядома.

Якая імавернасьць таго, што беларускае войска можа далучыцца да дзеяньняў на ўкраінскай тэрыторыі?

Кіраўнік незалежнай расьсьледніцкай групы Bellingcat Хрыста Грозеў 1 сакавіка ў эфіры канала Currenttime назваў такую імавернасьць вельмі высокай.

На яго думку, ва ўцягваньні беларускай рэгулярнай арміі ў канфлікт асабіста зацікаўлены Ўладзімір Пуцін. Гэта дазволіць яму яшчэ мацней прывязаць да сябе Лукашэнку, у якога пасьля адкрытага ўдзелу ў вайне Расеі супраць Украіны зусім не застанецца поля для манэўраў.

Сам Лукашэнка пакуль удзел беларускіх вайскоўцаў у баях на тэрыторыі Украіны катэгарычна адмаўляе.

Распазнаць беларускіх вайскоўцаў на тэрыторыі Ўкраіны можна будзе і без апазнавальных знакаў. Беларускае войска мае на ўзбраеньні пераважна тэхніку яшчэ савецкай вытворчасьці. Існуюць мадэлі альбо варыянты зброі, якія стаяць на ўзбраеньні толькі ў Беларусі. Гэта ў першую чаргу вайсковыя грузавікі МАЗ, бранявікі вытворчасьці МЗКТ, сыстэмы «Палянэз» і іншыя.

Што пішуць у сацсетках вайсковых частак і родныя беларускіх жаўнераў

Беларусы ўсё часьцей абмяркоўваюць магчымую мабілізацыю ў шэрагі Ўзброеных сілаў, зьвязаную з будучым адкрытым уступленьнем Беларусі ў вайну супраць Украіны. Афіцыйных зьвестак пра яе пачатак зноў жа няма. Вядома толькі аб прызыве на зборы 150 афіцэраў запасу, што зьяўляецца звычайнай для беларускага войска практыкай.

Тым ня менш родныя вайскоўцаў тэрміновай службы ўжо пачынаюць хвалявацца и спрабуюць аб’ядноўвацца. «Шукаю бацькоў, чые сыны служаць з маім сынам: Віцебск, 103-я асобная брыгада ПДВ, 3-я рота, 3-е падразьдзяленьне», — такую абвестку можна пабачыць у «Інстаграме».

На старонках «ВКонтакте», якія аб’ядноўваюць былых службоўцаў асобных частак беларускага войска альбо родных тых, хто цяпер служыць, зьвестак пра магчымую адпраўку беларусаў ва Ўкраіну пакуль няма. Можна пабачыць толькі заклікі ня ўдзельнічаць у вайне альбо адразу здавацца ў палон украінцам.

«Кантрактнікі УС РБ!!! Ня едзьце ва Ўкраіну на дакладную сьмерць і вечную ганьбу! — заклікаюць у адным з такіх допісаў. — А то будзеце, як расейцы, якіх кінула камандаваньне і кіраўніцтва краіны. Дэзэртуйце ці здавайцеся ў палон украінскім вайскоўцам, з вамі паступяць гуманна».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.9(19)