Ці стаў Лукашэнка няўдачнікам

Калі ён стаў незалежнікам? Ці прывёў ён Беларусь у тупік? Што будзе пасьля яго сыходу? Па гэтых пытаньнях у «Праскім акцэнце» на Радыё Свабода спрачаюцца Валер Карбалевіч, Аляксандар Фядута і Віталь Цыганкоў.

Аляксандар Лукашэнка галасуе на выбарах прэзыдэнта, 1994

Што здолеў, а чаго ня здолеў зрабіць Лукашэнка

Цыганкоў: Лукашэнка абяцаў «паціснуць руку апошняму прадпрымальніку», ня раз гаварыў пра аднаўленьне СССР, казаў пра памылку ці нават злачынства, зробленае ў Віскулях.

Потым узьнікла меркаваньне, што Лукашэнка хоча атрымаць «шапку Манамаха».

Адзінае, што стрымлівала яго ад ператварэньня Беларусі ў канцлягер — гэта замежная рэакцыя. Усяго гэтага ён дасягнуць ня здолеў.

Фядута: Я не лічу Лукашэнку няўдачнікам. Ён ішоў не да працы па кіраўніцтву краінай, а да ўлады.

Тое, што ён здольны быў збудаваць у існых умовах у сьвеце, ён збудаваў ужо ў 1994 годзе, я маю на ўвазе прэзыдэнцкую «вэртыкаль».

Жорсткая сыстэма кіраваньня вымагала памяншэньня ролі мэдыя, бізнэсу, зьнікненьня ўсялякай палітычнай альтэрнатывы.

Я ніколі ня верыў у тое, што Лукашэнка будзе аднаўляць СССР. Для яго непрымальна падпарадкоўвацца любой зьнешняй сіле і нават нейкай ідэалёгіі.

Галоўным тормазам стварэньня дзяржаўнай ці нацыянальнай ідэалёгіі зьяўляецца Лукашэнка.

Карбалевіч: Тупік, у які трапіла сыстэма Лукашэнкі, азначае крызіс. У існых рамках сыстэма ня можа разьвівацца. Можна параўноўваць з Малдовай, Зымбабвэ ці Вэнэсуэлай, але можна параўноўваць і з Польшчай.

Тэмпы эканамічнага росту ніжэйшыя за ўсясьветныя, за 10 гадоў краіна ня можа выйсьці на ўзровень сярэдняга заробку 500 даляраў. Краіна ў наркатычнай залежнасьці ад расейскіх датацыяў.

Псыхалягічна тупік адчувае большасьць грамадзтва, што ўвасабляецца ў масавай працоўнай эміграцыі. Працэс трансфармацыі мае свае хібы. У Беларусі не было трансфармацыі, таму не было і яе хібаў.

Калі Лукашэнка стаў незалежнікам?

Фядута: Пасьля выбараў 1994 году ў мяне была сустрэча зь Міколам Статкевічам, які тады ўзначальваў Беларускае задзіночаньне вайскоўцаў. Ён спытаўся мяне, ці здасьць Лукашэнка сувэрэнітэт? Я сказаў, што з майго пункту гледжаньня не. Пакуль я не ўбачу, што ён здае сувэрэнітэт, я буду яго падтрымліваць — сказаў тады Статкевіч.

Уладу ў любой краіне бяруць не дзеля таго, каб аддаць камусьці звонку.

Для Лукашэнкі розныя паняцьці — незалежнасьць і сувэрэнітэт. Ён лічыць, што ў сёньняшнім сьвеце цалкам незалежным быць немагчыма. Але сувэрэнітэт трэба захоўваць, каб калі вонкавы патрон аслабне, можна было знайсьці іншага патрона.

Карбалевіч: Кропка, калі Лукашэнка стаў незалежнікам — гэта 31 сьнежня 1999 году, калі Барыс Ельцын абвясьціў пра сваю адстаўку і пра прыход да ўлады Ўладзіміра Пуціна. Тады Лукашэнка зразумеў, што «шапка Манамаха» знайшла другую галаву і брамка ў Крэмль зачыненая.

А да гэтага ён марыў аб тым, каб узначаліць аб’яднаную дзяржаву і быў гатовы здаць беларускі сувэрэнітэт, і тут я нязгодны з Аляксандрам Фядутам.

Цыганкоў: Я згодны з Валерам — прыход да ўлады Пуціна быў пераломам. Некаторыя палітолягі называюць кропкай пералому 2004 год, год першай газавай «вайны».

Яшчэ большы пералом адбыўся ў 2014 годзе, пасьля Крыму і Данбасу.

Лукашэнка ўспрымае незалежнасьць, як магчымасьць рабіць, што хочаш, і ніякая міжнародная супольнасьць табе не ўказ: хочам — будзем працягваць выконваць сьмяротныя пакараньні, хочам — будзем саджаць апазыцыянэраў. Потым выпусьцім.

Гэта — найвышэйшая праява незалежнасьці для Лукашэнкі, магчымасьць рабіць тое, што не прынята рабіць прыстойным людзям.

Чуткі пра інсульт як тэст: а як будзе безь яго?

Карбалевіч: Ёсьць агульная асаблівасьць пэрсаналісцкіх аўтарытарных рэжымаў — сыход лідэра гэта заўсёды крызіс. Перад вачыма прыклад Казахстану — вельмі плаўная зьмена ўлады, ды і ці зьмена наагул.

Але і такая зьмена выклікала крызіс. Там падчас пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў было арыштавана каля 1000 чалавек, больш, чым у Беларусі падчас Плошчы-2010.

Я ўжо не кажу пра крах Вэнэсуэлы пасьля сьмерці Чавэса. Крызіс безумоўна будзе пасьля сыходу Лукашэнкі.

Цыганкоў: Сыстэма збудаваная пад асаблівасьці канкрэтнай асобы. Любы іншы чалавек на гэтым месцы, які нават ня будзе хацець яе мяняць, ня зможа, прынамсі напачатку, адыгрываць такую ж ролю, якую адыгрывае цяпер Лукашэнка.

Ну і ў гульню ўступяць зьнешнія гульцы. І сапраўды асабліва моцны крызіс будзе ў выпадку раптоўнага, непадрыхтаванага сыходу. Гэта неспрыяльны для Беларусі варыянт.

«Ультыматум Мядзьведзева» 2018 году наконт «паглыбленьня інтэграцыі» стаў таксама тэстам. Для многіх дзяржаўныя інтарэсы робяцца вышэйшымі за ўсё. Па дыскусіях у ФБ бачна, як некаторыя пачынаюць абараняць Лукашэнку не як дыктатара, а як сымбаль. Пра гэта — дыскусія наконт таго, у якой ступені ён гарант сувэрэнітэту. Хаця ён жа сваімі дзеяньнямі яго пад пагрозу і паставіў.

Людзі прыгадваюць той жа 1994 год, калі БНФ зацята змагаўся зь Кебічам. І ніхто ня думаў, што пасьля Кебіча можа быць і горш.

Фядута: Лукашэнка разумее, што калі пасьля яго сыходу Беларусь зьнікне, то наступным зьнікне і ён. Прычым, Беларусь зьнікне юрыдычна, а ён можа і фізычна. Яму трэба, каб існавала незалежная Беларусь.

Мадэрнізаваць сыстэму ён будзе сам, пад уласным кантролем, падчас свайго апошняга прэзыдэнцкага тэрміну.

Кіраўнік кансультацыйнай групы АБСЭ Ганс-Георг Вік некалі распавядаў пра сваю размову з прэзыдэнтам Беларусі. Вік сказаў Лукашэнку, што Канстытуцыя ўзору 1996 году і дзейная сыстэма ўлады ўяўляе небясьпеку перш за ўсё для яе стваральніка пасьля яго сыходу.

Лукашэнка на гэта адказаў — А хто вам сказаў, што пасьля сябе я пакіну свайму пераемніку менавіта гэтую Канстытуцыю і гэтую сыстэму?

Я думаю, што Лукашэнка стаміўся, што ён ня хоча больш кіраваць у тым «ручным» рэжыме, у якім кіраваў. Але ён не пасьпяваў зрабіць гэтую рэформу, змагаючыся то з апазыцыяй, то з Захадам, то з Расеяй. А зараз зробіць так, каб можна было сысьці.

Юбилейное. «Судьба замутила муку нам – корячиться четверть века»

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(21)