Ці Пуцін назаўсёды і пры чым тут Беларусь?
Такім чынам, галоўная інтрыга праекту зьмены Канстытуцыі РФ разьвязалася. Ніякага транзыту ўлады не будзе. Пуцін застаецца яшчэ на два тэрміны, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.
Фото ТАСС
Спачатку рэформа палітычнай сыстэмы РФ, прапанаваная расейскім лідэрам у яго чарговым пасланьні Фэдэральнаму сходу 15 студзеня, паставіла ўсіх у тупік. Пуцін загадаў шмат загадак. Дыскусіі пра сэнс ягоных прапановаў ішлі сярод як праўладных, так і апазыцыйных расейскіх экспэртаў. Усе варажылі, якую пасаду зойме Пуцін пасьля 2024 году.
Насамрэч усё атрымалася да прымітыўнага проста. Танны спэктакль, разыграны ў Думе 10 сакавіка, наўрад ці каго ўвёў у зман. Раптоўная прапанова Церашковай, тэрміновы прыезд Пуціна у Думу з гатовым тэкстам выступу, папраўкі ў праект Канстытуцыі, якія раздалі дэпутатам літаральна за 20 хвілін да галасаваньня — ўсё гэта загадзя падрыхтаваны экспромт.
Строга кажучы, з праўнага гледзішча прапанова Церашковай, падтрыманая Думай, няслушная. Фармальная падстава абнуліць прэзыдэнцкія тэрміны была б тады, калі б прымалася новая Канстытуцыя. Тады ўсё можна пачынаць з нуля. Аднак Пуцін настойліва падкрэсьлівае, што гэта ня новая Канстытуцыя, а ўсяго толькі папраўкі ў дзейны Асноўны закон. У такім разе юрыдычных падставаў для абнуленьня няма. Але каго сёньня ў Расеі цікавіць юрыдычны бок справы?
Узьнікае яшчэ адно лягічнае пытаньне. Навошта Пуціну спатрэбілася гарадзіць такі складаны плот? Чаму ён не пайшоў шляхам Лукашэнкі ды іншых постсавецкіх лідэраў і не прапанаваў прыбраць з Канстытуцыі артыкул, паводле якога адзін чалавек ня можа займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны запар? Здавалася б, проста і зразумела.
У свой час, калі Пуцін памяняўся пасадамі зь Мядзьведзевым, Лукашэнка, мякка крытыкуючы расейскага лідэра, казаў журналістам з РФ: маўляў, навошта гэтыя хітрыкі, трэба быць шчырым з народам. І ў якасьці прыкладу прывёў сябе. Маўляў, вось я адкрыта зьвярнуўся на народу, прапанаваў на рэфэрэндуме прыбраць артыкул Канстытуцыі аб двух тэрмінах. То бок не хаваў, што хачу ўладарыць вечна.
Але рэч у тым, што такі ход расейскага прэзыдэнта выклікаў бы масавую незадаволенасьць у грамадзтве. Вяртаньне Пуціна ў 2012 г. спарадзіла ў Расеі палітычны крызіс, масавыя пратэсты (Балотная плошча). Нават нерэгістрацыя незалежных кандыдатаў у Маскоўскую гарадзкую думу летась прывяла да пратэстных акцыяў у Маскве.
Таму Пуцін вырашыў гуляць уцёмную. Ён прапанаваў зьмены Канстытуцыі, мала зразумелыя абываталю. Была пушчана своеасаблівая дымавая заслона. Афіцыйныя асобы і дзяржаўныя мэдыя шмат разважалі, што папраўкі ў Канстытуцыю, маўляў, арыентуюцца на разьвіцьцё парлямэнтарызму, умацаваньне дзяржаўных інстытутаў. А каб народ на рэфэрэндуме прагаласаваў, яму прапанавалі пернік у выглядзе палажэньняў аб пастаяннай індэксацыі пэнсіяў, заробку ня менш за пражытковы мінімум. Гэтая дымавая заслона была заклікана зрабіць папраўкі ў Канстытуцыю прывабнымі для насельніцтва і замаскаваць праўдзівы сэнс рэформы.
Якія наступствы гэтых расейскіх падзеяў для Беларусі?
Найперш — праект Саюзнай дзяржавы, з дапамогаю якога мелася на ўвазе працягнуць паўнамоцтвы Пуціна, адкінуты. І гэта добра.
Другі момант, на які, дарэчы, менш зьвярталі ўвагу экспэрты. У новым варыянце Канстытуцыі РФ мяркуецца замацаваць прынцып прыярытэту нацыянальнага права над міжнародным. І гэтая перамена вельмі важная для беларуска-расейскіх адносінаў.
Рэч у тым, што дасюль Лукашэнка, патрабуючы льготных цэнаў на энэргарэсурсы, апэляваў да дакумэнтаў ЭАЭС, падпісаных усімі чальцамі арганізацыі. Дык вось цяпер гэтая папраўка ў Канстытуцыю дае Расеі юрыдычныя падставы адмовіцца ад любых сваіх міжнародных абавязаньняў, у тым ліку ў рамках ЭАЭС і АДКБ. У прыватнасьці, Расея можа адмовіцца ад сваіх абавязаньняў перайсьці ў 2025 годзе да агульнага рынку энэргарэсурсаў і прадаваць Беларусі газ і нафту па ўнутрырасейскіх цэнах.
І, нарэшце, сёньняшняе рашэньне Дзяржаўнай думы рэзка зьмяншае імавернасьць зьмены Канстытуцыі Беларусі.
А ўвогуле ўсё сумна. Як у песьні Цімура Шаава:
«И в перспективе — всё один и тот же дядька,
И говорят, что девять жизней у него».
Байнет об обнулении сроков Путина: «Никакой фантазии — просто скопировали наш элегантный сценарий»
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное