Ці прагучыць на сёлетнім «Эўрабачаньні» песьня Джамалы «1944»?

Удзел крымска-татарскай сьпявачкі Джамала ў сёлетнім конкурсе застаецца пад пытаньнем.

Праблема ў тым, што рэглямэнт «Эўрабачаньня» не дазваляе выступаць у конкурсе зь песьнямі, якія нясуць выразна палітычны зьмест.

Джамала перамагла ва ўкраінскім нацыянальным адборы на ўдзел у песенным конкурсе «Эўрабачаньне» зь песьняй «1944», якая прысьвечанай тэме рэпрэсій сталінскага рэжыму супраць крымскататарскага народу — дэпартацыі 1944 году.

Як піша The Hollywood Reporter, рашэньне цяпер залежыць ад таго, як будуць інтэрпрэтаваць словы песьні Джамалы арганізатары конкурсу.

Нагадаем, што Джамала сьпявае сваю песьню па-ангельску, і яна пачынаецца словамі: «When strangers are coming, they come to your house; they kill you all inside [and say] „We’re not guilty, not guilty“.»

Прэсавая прадстаўніца «Эўрабачаньня» заявіла:

— Усе прэтэндэнты на ўдзел у конкурсе, уключна з украінскай песьняй, будуць ацэненыя кантрольнай групай паводле правілаў Эўрапейскага саюзу вяшчаньня (European Broadcast Union) да 14 сакавіка.

У мінулым здаралася, што зьмест некаторых песень, якія перамаглі ў нацыянальным адборы, выклікаў засьцярогі кантралёраў «Эўрабачаньня». У 2005 годзе пераможцы ўкраінскага адбору «Green Jolly» былі вымушаныя перапісаць словы сваёй песьні, якая ва Ўкраіне стала неафіцыйным гімнам Аранжавай рэвалюцыі. У 2009 годзе пераможца грузінскага нацыянальнага адбору ня быў дапушчаны да конкурсу, паколькі песьня, напісаная пасьля расейска-грузінскай вайны 2008 году, высьмейвала прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Нядаўна Ўладзімір Вятровіч, кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці ва Ўкраіне, заявіў, што калі Джамала пераможа на сёлетнім «Эўрабачаньні» ў Стакгольме, наступны конкурс адбудзецца ў Сэвастопалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)