Политика
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

“Ці можна міністру такую лухту падсоўваць?!”

30 сакавіка на волю выйшлi маладафронтаўцы Валер Мацкевіч, Кася Салаўёва і Зьміцер Ясевіч. Маці Зьмітра, калі ўбачыла, што ў аўтобус кінулі яе сына, папрасіла, каб яе таксама туды пусьцілі. Жанчына мела пры сабе грошы, якія яна мусіла заплаціць за сылікатныя блёкі для будаўніцтва дома.

У сумцы былі сем пачак па мільёну рублёў і яшчэ адна, у якой не хапала некалькі купюраў да мільёну, бо, як патлумачыла Натальля Ясевіч, яна іх пазычыла сваім знаёмым.

Натальля апавяла: “Я патлумачыла: калі ласка, правярайце. Набярыце “Забудову” і спытайце, калі ёй трэба выкупіць блёкі. 4-га чысла мне неабходна выкупіць гэтыя блёкі”.

У турму запрасілі тэлевізійную групу БТ. Апэратар здымаў раскладзеныя на стале грошы.

“Ён здымае, а потым заходзіць жанчына, мікрафон да мяне і запытвае: Гэта вашы грошы?”. Кажу: “Так. Гэта мае заробленыя грошы”. Тады яна кажа: “Гэта, відаць, грошы, якія прызначаліся для апазыцыі?”. Кажу: “Як вы, наагул, так можаце?! Як ня сорамна вам?!”. Я разьвярнулася, выйшла з пакою і пайшла па калідору. Калі дайшла да канцы калідора, азірнулася і ўбачыла, што чалавек, які здымаў, ішоў за мной і здымаў мяне”.

28 сакавіка міністар ўнутраных спраў Уладзімер Навумаў пад час прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што міліцыянты затрымалі 25 сакавіка “жанчыну-касірку”, якая, цытую, “намагалася патлумачыць, што прыйшла на мітынг з грашыма, каб зрабіць пакупкі на наступны дзень, але грошы былі раскладзеныя па 100 тысяч, што яўна ўказвае на тое, для якіх мэтаў яны прызначаліся”.

Гаворыць Натальля Ясевіч:

“Ці можна міністру, на такім высокім узроўні такую лухту падсоўваць?! Гэта папросту неверагодна, гэта папросту ганебна... Як так можна?! Як можна?!”

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)