Общество
Сяргей Шапран, «Новы час»

«Ці будзе прэмія, ці будзе турма...»

У дні, калі судзілі будучага нобелеўскага лаўрэата Іосіфа Бродскага, Ганна Ахматава заўважыла, што ўлада не разумее, што тым самым «нашаму рыжаму робіць біяграфію». Гэты бліскучы афарызм прыгадаўся адразу, як толькі стала вядома, што прэзентацыя новага рамана Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» можа быць сарваная.

Яна павінна была адбыцца падчас ХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша на стэндзе пасольства Польшчы ў Беларусі, бо Някляеў — адзін з намінантаў на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца. Зрэшты, прэзентацыя хоць і распачалася, але ў хуткім часе, пасля другога патрабавання чалавека «ў цывільным» (звяртаўся ён да Андрэя Хадановіча, вядучага гэтай імпрэзы), самім Някляевым была спыненая — каб не даводзіць напружаную сітуацыю да драматычнай развязкі.

Невялічкая аўтограф-сесія (зрэшты, новую кнігу чытачы практычна не ўбачылі, апроч тых трох экзэмпляраў, што падараваў сам аўтар «Аўтамата з газіроўкай…»), некалькі інтэрв’ю, і Някляеў, адзін з найлепшых сучасных беларускіх пісьменнікаў, быў вымушаны пакінуць выставу. Пакідаў у той час, калі выступалі ўжо іншыя — тыя, чые імёны застануцца ў гісторыі беларускай літаратуры бадай толькі ў каментарыях да Някляеўскіх твораў.

— Уладзімір Пракопавіч, наколькі ведаю, ідэя прэзентацыі рамана «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без» сыходзіла не ад вас?

— Сам я, разумеючы няпростасць сітуацыі, якая можа скласціся, ні пра якую прэзентацыю не думаў… Бачыш, нават рыфмуецца: прэзентацыя-сітуацыя. Якая сітуацыя — такая прэзентацыя. (Усміхаецца.)

Аднак лёс твора пасля таго, як ён напісаны, залежыць ужо не ад цябе. Ад выдаўцоў, распаўсюднікаў, а ўрэшце — ад чытачоў.

Дзеля іх журы конкурсу на літаратурную прэмію імя Ежы Гедройца, у лонг-ліст якой патрапіў раман «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», і наладзіла прэзентацыю рамана на Міжнароднай кніжнай выставе. Дакладней, паспрабавала наладзіць, бо як толькі інфармацыя пра гэта з’явілася ў СМІ, з боку ўлады пачаліся захады, скіраваныя на тое, каб прэзентацыю сарваць, забараніць. І ёй гэта ўдалося — хто б меў сумнеў...

Тым самым ёй удалося яшчэ раз паказаць сябе перад светам уладай дзікунскай не толькі ў палітыцы, але і ў культуры. На выставе побач са стэндам Польшчы, дзе павінна была адбыцца прэзентацыя рамана, стэнды ЗША, Італіі, іншых краін, выдаўцы з якіх, гледзячы на тое, што адбывалася, проста вачам сваім не верылі. Усё жыццё займаючыся кніжным бізнэсам, яны ўявіць не маглі такога, каб з выставы выганялі аўтара, не дазвалялі выставіць ягоныя кнігі.

Для чаго і для каго тады выстава? Для чыноўнікаў, якія і сарвалі прэзентацыю, ці то выконваючы загад, ці то праявіўшы ўласную ініцыятыву?..

— З падобнай дзікунскай рэакцыяй улады вы, здаецца, сутыкаецеся ўпершыню — нават з вашым раманам «Лабух» такога не было…

— З «Лабухам» так не было, бо я наўпрост тады яшчэ не займаўся палітыкай. Усё, што адбылося на Міжнароднай кніжнай выставе ў Мінску з раманам «Аўтамат з газіроўкай...», да самога рамана не мае ніякага дачынення, ніяк не звязана з літаратурай. Выключна з палітыкай. І яшчэ з дуратой. Паслужлівыя дурні — праблема значна большая за праблему кепскіх дарог.

Працяг чытайце тут.