Чыж дабудоўвае пад Мінскам новыя рэзідэнцыі. Плошчай 1335 метраў!
Сям’я мільянера атрымала тры суседнія ўчасткі пад Лагойскам.
Новы катэдж мільянера
Самы багаты беларускі бізнэсмен Юрый Чыж заканчвае чарговую будоўлю. На гэты раз гаворка не пра шматпавярховікі ў Мінску, а пра ягонае асабістае жыллё. Чыж ужо мае катэдж у сталічных Драздах, самым прэстыжным квартале Беларусі, але цяпер вырашыў мець і маёнтак за межамі Мінска. Ягоны новы дом знаходзіцца каля Лагойска.
Катэджны пасёлак «Лагожаск» — праект кампаніі «Трайпл», якая належыць самому Юрыю Чыжу. У сярэдзіне 2000-х быў створаны гарналыжны комплекс «Лагойск», той адкрыўся 10 гадоў таму. А пасля Чыж вырашыў пабудаваць жылыя дамы каля яго.
Кліентам прапаноўваліся гатовыя катэджы па $ 420 тысяч.
Попытам яны не карысталіся, таму Чыж стаў прадаваць наўпрост зямлю, па $ 120 тысяч за надзел. Але і па такой бізнэс-схеме «Лагожаск» не прынёс чаканага прыбытку.
Паводле дадзеных забудоўшчыка, дагэтуль стаяць непрададзенымі паўтара дзясятка ўчасткаў. Не прападаць жа дабру, вырашыў Юрый Чыж і ўзяў некалькі надзелаў сабе.
8 жніўня 2014 года Лагойскі сельскі выканаўчы камітэт прыняў рашэнне перадаць у прыватную ўласнасць два ўчасткі па 25 сотак. Адзін запісалі на самога мільянера, другі — на ягоную жонку Святлану. На сайце «Лагожаска» пазначана, што гэтыя надзелы будуць забудоўвацца па «індывідуальным праекце». Зрэшты, вонкава катэджы не вылучаюцца сярод суседніх дамоў.
Каля дома Святланы цяпер зальюць бассейн
Архітэктурная асаблівасць пасёлка ў тым, што першыя паверхі абліцаваныя каменем, а другія — дрэвам. У новым доме Чыжа два паверхі, падвал і мансарда.
Агульная плошча катэджа велізарная, ажно 875 м2. У двары запланавана лазня. Дом, запісаны на жонку, трохі меншы, каля 560 м2. Але, паколькі збудаванне стаіць на схіле гары, можна налічыць тры паверхі.
Побач з домам будуюць летнюю кухню, каля яе — адкрыты басейн. Абодва катэджы будуць закрытыя ад суседзяў высокім драўляным плотам. А праз пару месяцаў было вырашана прыдбаць яшчэ адзін участак. Ён быў аформлены на дачку Таццяну. Паводле дакументаў, дзяўчына арандавала зямлю на 10 гадоў.
За свае 25 сотак яна будзе штогод плаціць Лагойскаму сельвыканкаму па 20 тысяч рублёў.
А сам катэдж будуе ў іпатэку, аформленую ў бацькавым «Трайпле». Каб разлічыцца, Таццяна павінна аддаць каля 650 мільёнаў рублёў (каля $ 60 тысяч на дзень падпісання дамовы). Пакуль што будаўнікі толькі заліваюць падмурак у яе будучым доме.
Усе тры дамы Чыжоў знаходзяцца ў своеасаблівым тупіку вуліцы Азёрнай, вакол толькі дробны лясок, а за ім — гарналыжны курорт.
***
Мінскія маёнткі Чыжоў
Дом у Зацані цяпер належыць старэйшым дзецям Чыжа
Як асоба, набліжаная да Аляксандра Лукашэнкі, Юрый Чыж у сярэдзіне 2000-х атрымаў магчымасць паставіць катэдж у Драздах, самым элітным квартале краіны. Тут яму належыць двухпавярховы дом плошчай 431 м2. Але пільнай патрэбы ў новым жытле мільянер не меў.
У 2003 годзе ён атрымаў 25 сотак у сталічным раёне Зацань, у ахоўнай зоне водазабора «Навінкі». Там была пабудаваная вялікая сядзіба, якую Чыж з цягам часу падзяліў між старэйшымі дзецьмі. Нарэшце, у «трайплаўскім» гмаху, які навіс над Траецкім прадмесцем, Святлана Чыж мае пяціпакаёўку плошчай каля 280 м2.
***
Юрый Чыж. Нар. у 1963 у вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна. Закончыў БНТУ. Майстар спорту СССР па грэка-рымскай барацьбе. Фенаменальна паспяховы бізнэсмен. Уласнік рознагаліновай імперыі «Трайпл», сярод ягоных бізнэс-інтарэсаў нафтаперапрацоўка, будаўніцтва, транспартныя паслугі, сельская гаспадарка, выраб будматэрыялаў, гандаль харчаваннем, адзеннем і аўто. Валодае рэстаранамі, клубамі і футбольнай камандай «Дынама» (Мінск). Займае 1-е месца ў рэйтынгу самых паспяховых і ўплывовых беларускіх бізнэсменаў. Трапіў пад санкцыі Еўрасаюза як «кашалёк Лукашэнкі». Жанаты, мае траіх дзяцей.
***
Святлана Чыж. Нарадзілася ў 1966. У шлюбе з Юрыем Чыжом больш за 20 гадоў. Калі дзеці падраслі, паспрабавала сябе ў бізнэсе. Яна адкрыла ў Мінску элітны аздараўленчы клуб EVO.
***
Трое дзяцей. Старэйшы сын мільянера, Сяргей, нарадзіўся ў 1988 годзе. У 16 гадоў пераехаў у Лондан. Тут ён скончыў школу, а пасля вучыўся ў Лонданскім і Оксфардскім універсітэтах. Вярнуўшыся на радзіму, Сяргей стаў працаваць у структуры гіпермаркетаў «Прастор», потым увайшоў у назіральную раду Мінскага завода пеністых вінаў як прадстаўнік «Трайпла». Дачцэ Таццяне 24 гады, яна атрымала адукацыю ў Швейцарыі, а цяпер занялася рэстаранным і гатэльным бізнэсам бацькі. Малодшаму сыну Уладзіміру 19 гадоў, ён займаецца барацьбой, як і тата.
***
Прыватны дом-царква. Адзін з суседніх з Чыжамі дамоў у «Лагожаску» зарэгістраваны на Кірыла Вахрамеева (мірское імя мітрапаліта Філарэта). Ён набыў закансерваваную будоўлю па льготнай цане, усяго за $ 25 тысяч, і пабудаваў катэдж-царкву. Яшчэ адзін дом Юрый Чыж наўпрост падарыў Беларускай праваслаўнай царкве.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное