Чыж: адкрыцьцё сэзону паляваньня на алігархаў?

Ці азначае арышт набліжанага да Лукашэнкі бізнэсоўца пачатак кампаніі масавых арыштаў і «раскулачваньня» буйнога бізнэсу?

Тры тэмы для трох аналітыкаў — Валера Карбалевіча, Віталя Цыганкова і Юрыя Дракахруста.

Карбалевіч: Скандал вакол арышту Юрыя Чыжа дазваляе выявіць больш шырокую праблему. Для чаго існуе бізнэс у Беларусі, якая яго функцыя, чаму ўлады дазваляюць багацець асобным прадпрымальнікам? Гэта ў іншых краінах прадпрымальніцтва зьяўляецца асноўным рухавіком эканомікі. А галоўнае прызначэньне бізнэсу ў Беларусі палягае ў тым, каб падтрымліваць жыцьцяздольнасьць беларускай сацыяльнай мадэлі, ствараць для яе дадатковыя кропкі апоры, абслугоўваць дзяржаўны сэктар.

А калі здараецца крызыс, дзяржпрадпрыемствы аказваюцца ў фінансавай яме, утвараецца дэфіцыт у бюджэце, то да каго зьвяртаецца позірк дзяржорганаў? Правільна — да тых, у каго яшчэ засталіся грошы. Іх арыштоўваюць і патрабуюць выкуп за свабоду. А той, хто не зразумеў, у якой краіне жыве, і спрабуе даказаць, што невінаваты, будзе сядзець.

Думаю, што па меры абвастрэньня крызысу ўсё больш бізнэсоўцаў апынуцца ў падобнай сытуацыі. Улады пачынаюць «стрыгчы» бізнэс. З гісторыі вядома, што ва ўсіх згаданых сацыяльных сыстэмах НЭП канчаецца раскулачваньнем. І калі ўжо справа дайшла да прыдворнага Чыжа, то справы ў дзяржаве зусім дрэнныя.

Ва ўсім сьвеце вялікія грошы робяць чалавека свабодным, незалежным ад дзяржавы. У Беларусі ўсё з дакладнасьцю наадварот. І блізкасьць да цела не дае ніякіх гарантый. Перад аднаасобным уладаром ўсе роўныя. А менавіта роўныя нулю. Як у сталінскім палітбюро ўсё баяліся і чакалі арышту.

Больш за тое, тут людзі, якія жадаюць стаць багатымі, павінны прайсьці працэс прыніжэньня, ператварыцца ў халопаў, лёкаяў, блазнаў. Алігарх, які зьбірае бульбу ў гаспадара — відовішча для багоў. Калі Сталін прымушаў скакаць гапак Мікіту Хрушчова, гэта бачыла вузкае кола прыдворных. А цяпер валадару прынцыпова важна, каб гэта па ТБ ўбачыла ўсё насельніцтва.

Затрыманьне Юрыя Чыжа будзе мець папулісцкі эфэкт. Цяпер народ заклапочаны ростам камунальных тарыфаў, падвышэньнем пэнсійнага ўзросту. І яго трэба адцягнуць ад жыцьцёвых нягодаў якім-небудзь яскравым відовішчам. Арышты алігархаў або высокіх чыноўнікаў — гэта, акрамя ўсяго іншага, рытуальныя ахвяры на пацеху непатрабавальнай публіцы. Народу гэта падабаецца, беларусы не любяць багатых і пасьпяховых.

На гэтым фоне ўсе развагі аб рынкавых рэформах, аб падтрымцы бізнэсу дзяржавай выглядаюць наіўнымі. Бо рынкавая эканоміка прадугледжвае існаваньне прававой дзяржавы, недатыкальнасьці асобы і уласнасьці, незалежнага суду. А тут мы бачым нешта зусім супрацьлеглае. Гэтыя алігархі вялі бізнэс па «паняцьцях», цяпер іх прэсуюць па «паняцьцях».

Дракахруст: Я нязгодны з Валерам шмат па якіх пазыцыях. Давайце пачнём з агульнай лічбы. У Беларусі доля ВУП, якая вытвараецца ў прыватным сэктары — 30%. Ва ўсіх суседніх краінах гэтая доля больш як у 2 разы вышэйшая, але 30% — гэта ня нуль, як у савецкія часы. Прыватны сэктар дае значную частку даходаў ў эканоміцы, самыя смачныя і цікавыя кавалкі эканомікі — у прыватных руках, па меншай меры, іх значная частка.

Цяпер у сувязі са справай Чыжа абмяркоўваецца «хакейнае кола» Лукашэнкі, тыя, з кім ён гарэлку п’е, гуляе, кавуны зьбірае. Дык цікава, што там няма ніводнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства. Ёсьць чыноўнікі, спартоўцы і ёсьць бізнэс.

Вы сказалі, Валер, «як ва ўсім сьвеце». Але сьвет вельмі разнастайны. Калі сказаць пра кітайскія, азіяцкія, лацінаамэрыканскія варыянты (прынамсі, лацінаамэрыканскія некалькі дзесяцігодзьдзяў таму) — дык гэта вельмі падобна да таго, што мы цяпер назіраем у Беларусі, наяўнасьць такога прыдворнага бізнэсу.

Я б, дарэчы, не сказаў, што гэтыя людзі проста прызначаныя мільянэрамі і мільярдэрамі. Думаю, што гэта таленавітыя людзі, якія ва ўмовах Беларусі паказалі, што могуць зарабляць, а ня толькі разьмяркоўваць тое, што дзяржавай даецца. Хоць і апошняе, безумоўна, мае месца.

Я ня думаю, што пасадка Чыжа сьведчыць пра тое, што пачнецца паляваньне на ўсіх. Нядаўна агучылі ў Іране сьмяротны прысуд таксама бізнэсоўцу, які быў апэратарам нафтавых паставак у пэрыяд санкцыяў. Гэта не азначае, што там перасаджаюць усіх нафтавых «баронаў». У Кітаі карупцыянэраў, багатых людзей расстрэльваюць дзясяткамі, але гэта не азначае зьмену сацыяльнай мадэлі і вынішчэньне ўсяго гэтага слою.

Быў Чыж, прыйдзе іншы. Цяпер кажуць, што ролю Чыжа ў блізкім атачэньні Лукашэнкі пачынае адыгрываць Аляксандар Машэнскі. Месца не сьвятое, але пустым яно ня будзе.

Цыганкоў: Цяпер у Беларусі няма тых прадпрымальнікаў, чые імёны гучалі ў 90-я гады. Адбылося пераразьмеркаваньне. Нагадаю, што да Лукашэнкі, у дэмакратычныя часы гучалі такія брэнды, як «Дайнова», такія імёны, як Палюховіч, Пупейка. Хтосьці зь іх проста сьцішыўся і абышлося без судоў, але большасьць альбо села, альбо была вымушаная зьехаць за мяжу, альбо аддаць ці падзяліцца сваім бізнэсам. На іх месца прыйшлі такія, як Чыж.

Цяпер у прэсе абмяркоўваецца вэрсія, што новае пакаленьне больш актыўнае, больш агрэсіўнае, і адбываецца пераразьмеркаваньне, адных выпіхваюць, іншыя падымаюцца. Я таксама ня бачу зьменаў у сацыяльна-эканамічнай структуры, не лічу, што гэта азначае прыход сацыялізму.

Перш за ўсё, праблема — эканамічны крызыс. Мне здаецца, што сапраўды апошнія месяцы Чыжа сталі актыўна прыціскаць, паколькі крызыс патрабуе больш актыўнага ўдзелу з боку бізнэсу ў бюджэтных выдатках. Апошнія месяцы акурат зьяўляліся матэрыялы ў друку пра тое, што імпэрыя Чыжа зазнае вялікія матэрыяльныя праблемы, што ў яго фірмаў ёсьць праблемы з уладамі, з выплатамі ў бюджэт, у канкурэнтаздольнасьці.

Мы ня ведаем дакладна, але гэта прагучала ў прэсе, што Чыж хацеў вывесьці свае грошы за мяжу. У прынцыпе ў беларускай эканамічнай сыстэме гэта рэалістычны і рацыянальны намер. І вось спэцслужбы вырашылі гэта прадухіліць, паказаць, што ён не такі ўжо вялікі бізнэсмэн, нават калі ён зьбірае бульбу і кавуны з Лукашэнкам.

Паводле законаў гэтай улады, няма такіх бізнэсоўцаў, якія маглі б паставіць сябе вышэй за яе. У іншых краінах вялікія грошы робяць цябе незалежным, а ў Беларусі ніякай незалежнасьці ад ўлады няма. Канечне, нельга сказаць, што ўлада прызначыла некага бізнэсоўцам — гэтыя людзі дайшлі да нейкага ўзроўню і вось на ім яны і прыцягваюць увагу ўлады і вымушаныя ісьці на кампрамісы. Досьвед Чыжа паказаў, што ў гэтай гульні кампрамісаў ён праявіў сябе не найлепшым спосабам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)