Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

Чым Міхаіл Гуцэрыеў дагадзіў Аляксандру Лукашэнку?

Аляксандар Лукашэнка любіць хваліцца, што ён, у адрозьненьне ад суседзяў, не распрадаў краіну, народнае багацьце алігархам, захаваў эканамічныя актывы ў дзяржаўнай уласнасьці.

Таму, маўляў, і займеў рэпутацыю абаронцы народнага набытку. Але вельмі цьмяная, нават мутная гісторыя зь перадачай расейскаму алігарху Міхаілу Гуцэрыеву ў эксплюатацыю Нежынскага горна-абагачальнага камбінату (ГАК) пагражае сапсаваць сьветлы вобраз руплівага гаспадара.

Існуе даўняя традыцыя: перад выбарамі Лукашэнка адкрывае новыя аб’екты, пад тэлекамэры пераразае стужку, гучаць бурныя воплескі. Маўляў, глядзіце, краіна будуецца, расьце і квітнее. Перад 1 верасьня ён адкрываў новую школу, а 11 верасьня закладаў першы камень у падваліны Нежынскага ГАК. Як звычайна, гэтаму спадарожнічала гучная прапагандысцкая кананада дзяржаўных мэдыяў. Вось неўзабаве краіна зможа павялічыць экспарт калійных угнаеньняў, атрымае за гэта вялікія грошы — і ўсё на карысьць народу. А Любань хутка ператворыцца ў Нью-Васюкі: Лукашэнка паабяцаў перайменаваць горад у гонар свайго сябра ў Гуцэрыеўск.

Але дзяржаўныя мэдыі чамусьці спрабуюць схаваць адзін нюанс. Паколькі Нежынскі ГАК перадаецца ў эксплюатацыю алігарху Гуцэрыеву, то і асноўны прыбытак атрымае ён, а не Беларусь.

Чаму беларуская дзяржава, у прыватнасьці — той жа «Беларуськалій», ня могуць самі пабудаваць, а потым эксплюатаваць новы калійны камбінат? Дапусьцім, у бюджэце або ў дзяржаўнага «Беларуськалія» няма грошай на новыя інвэстыцыі. І яны знайшлі багатага замежнага інвэстара, які гатовы, на спрыяльных для Беларусі ўмовах пабудаваць новы ГАК. Добра.

Але тут адразу ўзьнікае цэлы шэраг пытаньняў. Чаму ня быў абвешчаны тэндэр, конкурс, аўкцыён, як патрабуе беларускае заканадаўства? Калій — ліквідны тавар на ўсясьветным рынку, і ахвотных укласьці грошы ў гэты праект знайшлося б шмат, можна было б выбраць найбольш выгадны варыянт. Але без аніякіх конкурсаў выбралі зарэгістраваную ў Вялікай Брытаніі кампанію GMC Global Energy plc, уласьнік якой — расейскі бізнэсовец Міхаіл Гуцэрыеў. Дзеля рэалізацыі праекту ён стварыў адмысловую фірму «Слаўкалій».

Інвэстыцыйная дамова паміж урадам Беларусі і кампаніяй GMC Global Energy plc была падпісаная ў 2011 годзе. Гуцэрыеў браў на сябе абавязаньне збудаваць новы калійны камбінат за чатыры гады і ў 2015 годзе пачаць здабываць і прадаваць калій. Насамрэч толькі 11 верасьня 2015 году закладзены першы камень у падмурак прадпрыемства. То бок Гуцэрыеў падмануў беларускае кіраўніцтва, нічога не зрабіў за гэтыя чатыры гады. Звычайна Лукашэнка вельмі рэзка рэагуе на тое, калі яго нехта «кінуў». Узгадайце гісторыю з арыштам Баўмгертнэра, вайну з «Уралкаліем». Або — як рэзка кіраўнік краіны выкінуў інвэстара, які сарваў рэалізацыю праекта «Мінск-сіці». А вось жа ў гонар Гуцэрыева Лукашэнка гатовы нават перайменаваць Любань. Загадка.

Вось як «Советская Белоруссия» ў рэпартажы пра ўрачыстае адкрыцьцё будаўніцтва Нежынскага ГАК апісвае схему рэалізацыі гэтай зьдзелкі:

«Агульны кошт праекту складае 1,66 млрд даляраў, і ажыцьцяўляць яго будуць за грошы інвэстара — Групы БІН (яна ўносіць 268 млн даляраў, або 15 працэнтаў ад агульнага бюджэту, плюс будзе пагашаць працэнты па крэдыце, што складае больш за 400 млн). Прадугледжаны ў праекце і ўдзел кітайскага боку. Ня так даўно было падпісана пагадненьне з Банкам разьвіцьця Кітая аб адкрыцьці крэдытнай лініі ў памеры 1,4 млрд празь Беларусбанк па стаўцы 4 працэнты гадавых на 14 гадоў. Гарантам па крэдыце выступае беларускі ўрад».

Давайце разьбярэмся. Тое, што ажыцьцяўляць праект будуць за грошы інвэстара, няпраўда. Дарэчы, далей аўтар рэпартажу абвяргае сам сябе, калі апавядае, што інвэстар — Група БІН (так газэта называе кампанію Гуцэрыева) — укладае толькі 15% інвэстыцыяў, або 268 млн даляраў.

І вось тут высьвятляецца цікавая акалічнасьць, якая і тлумачыць, чаму рэалізацыя праекту затармазілася на чатыры гады. Аказваецца, у інвэстара элемэнтарна няма грошай!

Вось дык інвэстар! Дык навошта ён патрэбен? У чым тады сэнс увогуле прыцягваць да праекту Гуцэрыева? Урад мог знайсьці тыя 268 млн даляраў і абысьціся без сумнеўнага «варага».

Далей яшчэ цікавей. Грошы на рэалізацыю праекту дае Банк разьвіцьця Кітая. Дае ў крэдыт, прычым зьвязаны. Прадукцыя новага камбінату будзе прадавацца ў КНР. Магчыма, ёсьць яшчэ нейкія ўмовы, але мы ня ведаем. Калі б гэты крэдыт узяў Гуцэрыеў, было б менш пытаньняў. Беларусі якая розьніца, дзе ўзяў бы грошы расейскі алігарх? Гэта ягоныя праблемы, няхай ён і вяртае.

Але — і вось тут сачыце за рукамі — кітайскі крэдыт бярэ не Гуцэрыеў, а Беларусбанк. Беларускі дзяржаўны банк. І ён будзе вяртаць кітайцам гэты доўг, а расейскі алігарх пагасіць толькі працэнты па крэдыце (4% гадавых).

То бок на 85% новы калійны камбінат будзе будавацца Гуцэрыевым за кошт беларускіх дзяржаўных грошай. І пасьля таго, як ён будзе пабудаваны, эксплюатацыю ГАК перададуць расейскаму алігарху. Ён будзе прадаваць калій і даходы забіраць сабе.

А якая выгада для беларускай дзяржавы? Ну, Гуцэрыеў будзе плаціць падаткі ў бюджэт. І ўсё.

Вось такі гешэфт, бізнэс па-беларуску. І гэта ў час, калі Беларусі вельмі патрэбна валюта. Навошта спатрэбіўся Гуцэрыеў, чаму ўрад ня мог сам узяць крэдыт, сам пабудаваць камбінат і атрымліваць прыбытак ад продажу калію ў бюджэт? Яшчэ адна загадка.

Газэта «Советская Белоруссия» піша:

«А вось прэферэнцыяў і льготаў у „Слаўкалія“, насуперак думцы, якая склалася, няма. Міхаіл Гуцэрыеў патлумачыў: гэта разбэшчвае інвэстара, каб быць у тонусе, трэба працаваць на тых жа ўмовах, што і канкурэнты».

А вось 14 верасьня ў інтэрвію тэлеканалу «Россия 24» Міхаіл Гуцэрыеў кажа зусім іншае:

«Па нашых абавязаньнях да 2029 году, да вяртаньня інвэстыцыяў, мы маем некаторыя паслабленьні. Мы можам прадаваць усё на экспарт, нас вызвалілі ад абавязку прадаваць на ўнутраны рынак, нас вызваляюць у некаторай ступені ад падатку на здабычу карысных выкапняў, і па пошліне».

Нагадаю, што «Беларуськалій» прадае калійныя ўгнаеньні на ўнутраны рынак, беларускім сельгасвытворцам, па нізкіх цэнах.

Магчыма, мы чагосьці ня ведаем. Уся зьдзелка непразрыстая, схаваная ад грамадзкасьці. Але калі ўсё так, як выглядае вонкава, то на мове права гэта называецца — нанясеньне шкоды дзяржаве ў асабліва вялікіх памерах. І ў такім выпадку гэта добрая ілюстрацыя ў падручнік для студэнтаў-юрыстаў па тэме «Карупцыя».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)