Комментарии
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода

«Чым бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў, тым большае адчуваньне абсалютнай безнадзёгі»

Чым бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў, тым актыўней разгортваецца парад кандыдатаў, тым больш зьяўляецца адчуваньне абсалютнай безнадзёгі, нявыкруткі.

Такога нявер’я ў магчымасьць перамен, такой фатальнай наканаванасьці лёсу, здаецца, не было ніколі раней падчас папярэдніх прэзыдэнцкіх кампаніяў. І гэта нягледзячы на тое, што краіна ўступіла ў пэрыяд эканамічнай дэпрэсіі, падаюць заробкі, расьце беспрацоўе, відавочна, беларуская мадэль разьвіцьця апынулася ў глыбокім крызісе.

Прычынаў такой сытуацыі некалькі. Найперш, моцна ўплывае ўкраінскі крызіс. Прычым, ягоны ўплыў адбываецца адразу па некалькіх кірунках. Па-першае, падзеі ва Ўкраіне моцна падвысілі ў цане кацэпт стабільнасьці. А значыць, панізіўся кошт паняцьцяў «рэформы», «перамены», бо яны пачалі атаясамлівацца з забурэньнямі. Ідэя моцнай улады, жорсткай рукі апынулася ў трэндзе.

Па-другое, яшчэ адна перасьцярога супраць нейкіх зьменаў ва ўладзе ў часткі насельніцтва — гэта страх расейскага ўмяшаньня. Маўляў, пакуль Лукашэнка ва ўладзе, ён неяк дамаўляецца з Крамлём. А як толькі тут зьявіцца нехта іншы, то Расея паўторыць у нейкім выглядзе тут свой украінскі сцэнар. Таму — не будзі ліха...

Па-трэцяе, у выніку ўкраінскага крызісу рэзка зьменшылася роля Захаду як фактара дэмакратызацыі Беларусі. Бо ўзрасло значэньне геапалітыкі, для ЭЗ і ЗША больш важная нэўтральная пазыцыя афіцыйнага Менску што да канфлікту ва Ўкраіне. Дэмакратычным працэсам спадарожнічае дэстабілізацыя рэгіёну, Лукашэнка стаў больш прымальным для заходніх палітыкаў, чым Пуцін, і іншыя прычыны.

Па-чацьвертае, і зьмены настрояў у беларускім грамадзтве, і перамены ў пазыцыі Захаду легітымізуюць беларускі рэжым на любыя рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў. Аляксандру Лукашэнку цяпер можна асабліва не азірацца па баках, чынячы хуткую расправу над апазыцыяй. Чым ён ахвотна і карыстаецца.

Па-пятае, укранскі крызіс нанёс моцны ўдар па апазыцыі. Сама ідэя апазыцыйнасьці стала атаясамлівацца ў вачах абывацеля з Майданам, рэвалюцыяй, забурэньнямі, як ў паўднёвага суседа. І гэта, у пэўным сэнсе, паралізуе апанэнтаў рэжыму.

Дасюль шмат гадоў галоўным элемэнтам стратэгіі апазыцыі была ідэя Плошчы. Удзел у прэзыдэнцкіх выбарах абумоўліваўся і заканчваўся акцыямі пратэсту. Чыньнік Плошчы быў асноўным апраўданьнем уключэньня дэмакратаў у выбарчую кампанію. Цяпер ён зьнік. Апазыцыя, адчуваючы, з аднаго боку, настрой грамадзтва, з другога боку, настрой уладаў, пра вулічны пратэст нават не заікаецца. Уцямнай замены яму ў стратэгіі апанэнтаў рэжыму няма. І пытаньне, які сэнс удзельнічаць у выбарах, якіх няма, ператвараецца для апазыцыі ў экзыстэнцыйнае.

Акрамя ўкраінскага крызісу, на пачуцьцё фаталізму моцна ўплывае сіла традыцыі і інэрцыі. Эканамічны крызіс не перарос у сацыяльны і палітычны. Насельніцтва моўчкі рэагуе на абвал у эканоміцы. Часта бывае, што ў момант эканамічных цяжкасьцяў грамадзтва не пратэстуе, а, наадварот, спадзяецца на ўладу як адзінага выратавальніка. Кансалідацыя народа вакол правадыра ў момант крызісу — даволі частая зьява ў гісторыі. Пакуль незразумела, ці дзейнічае такі трэнд цяпер у Беларусі. Трэба пачакаць сацыялягічных дасьледаваньняў.

І апошняе. Відавочны крызіс апазыцыі. Калі спартсмэн доўгі час ня ўдзельнічае ў рэальных спаборніцтвах, ён хутка траціць спартовую форму. Апазыцыя даўно ня ўдзельнічае ў сапраўдных выбарах, у рэальнай барацьбе за ўладу. І гэта не праходзіць бясьсьледна. Часта лідэры апазыцыі прымаюць за рэальную палітыку мітусьню і інтрыгі ў рамках апазыцыйнага гета. Вынік доўгага жыцьця у гета мы цяпер і бачым.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)